2 траўня 2024, Чацвер, 8:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскія арганізацыі байкатуюць слуханні аб АЭС у Астраўцы

12
Літоўскія арганізацыі байкатуюць слуханні аб АЭС у Астраўцы

Грамадскія арганізацыі Літвы прынялі пастанову пра байкот слуханняў аб беларускай атамнай станцыі, якія пройдуць 17 жніўня.

Сярод арганізацый-удзельніц байкоту слуханняў, якія павінны адбыцца ў Астраўцы, - вядучыя літоўскія грамадскія арганізацыі: Рух зялёных Літвы, «Атгайя», Цэнтр моладзі Літвы, Асацыяцыя ZALI.LT, а таксама партыя «Літоўская суполка сялян і зялёных», паведамляе БелаПАН.

Яны заявілі, што не маюць намеру ўдзельнічаць у «інсцэніроўцы грамадскіх абмеркаванняў» і звярнуліся да беларускага ўраду Беларусі з патрабаваннем спачатку спыніць будаўніцтва АЭС і толькі затым правесці працэдуру Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, як гэтага патрабуе канвенцыя Эспо. Літоўскія грамадскія арганізацыі таксама падпісалі і распаўсюдзілі на літоўскай мове заяву Беларускай антыядзернай кампаніі, апублікаванай раней.

Намеснік старшыні партыі «Літоўская суполка сялян і зялёных» Томас Томілінас прычынай адмовы літоўскіх зялёных ад удзелу ў Астравецкіх слуханнях 17 жніўня назваў, у першую чаргу, месца іх правядзення. Такія слуханні паводле канвенцыі Эспоо павінны былі праводзіцца ў Літве.

«Праведзеныя раней у Астраўцы слуханні аб беларускай АЭС заканчваліся для праціўнікаў будаўніцтва атамнай электрастанцыі арыштамі і затрыманнямі», - дадаў ён.

Для літоўскай экалагічнай грамадскасці непрымальныя таксама сцвярджэнні беларускай стараны аб бяспецы для літоўцаў атамнай электрастанцыі, якая будуецца ў 40 кіламетрах ад Вільні і ў 20 - ад літоўскай мяжы. Аргументы беларускай стараны выклікаюць у літоўскіх эколагаў сумнеў, а рызыкі аварый, на іх думку, заніжаныя, таму ім даводзіцца звяртацца да незалежных крыніцаў, такіх, як Нарвежскае агенцтва радыяцыйнай бяспекі. Паводле звестак гэтага агенцтва, у выпадку сур'ёзнай пазапраектнай аварыі на атамнай электрастанцыі, якая будуецца паводле расейскага праекту АЭС-2006, радыеактыўны цэзій можа распаўсюдзіцца на адлегласць да 1200 кіламетраў і можа забрудзіць землі на адлегласці 800 кіламетраў ад аварыйнага энергаблока.

Томілінас падкрэслівае, што пытанне будаўніцтва Астравецкай АЭС вельмі адчувальнае для Літвы, бо яе грамадзяне выбралі бяз'ядзерную будучыню сваёй краіны на рэферэндуме 2012 года.

«Мы закрылі Ігналінскую АЭС і адмовіліся ад будаўніцтва новай Вісагінскай, бо ядзерная энергетыка састарэлая, небяспечная і эканамічна нявыгадная», - сказаў ён.

Нагадаем, Беларусь паведаміла Літве аб намеры будаваць АЭС у 2008 годзе. У сакавіку 2010 года ў Вільні прайшлі грамадскія слуханні ў пытанні будаўніцтва Беларускай АЭС, а ў чэрвені таго ж года ў Менску адбыліся двухбаковыя кансультацыі паводле справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) АЭС, але літоўская старана засталася не задаволеная іх зыходам.

У сярэдзіне ліпеня гэтага года пасольства Беларусі ў Літве абвясціла аб правядзенні 17 жніўня ў Астраўцы слуханняў для абмеркавання АУНА будучай АЭС з удзелам беларускіх спецыялістаў і прадстаўнікоў літоўскай грамадскасці ў адпаведнасці з рэкамендацыямі камітэта выканання Канвенцыі Эспо. Аднак прадстаўнікі Літвы заявілі, што дыскусія аб справаздачы адбыцца не можа, бо згодна з гэтай канвенцыяй такія публічныя спрэчкі могуць праводзіцца толькі тады, калі з дакументамі цалкам азнаёмяцца экспэрты зацікаўленых старон.

Беларуская старана, у сваю чаргу, абвінавачвае Літву ў непадрыхтаванасці да канструктыўнага ўзаемадзеяння і сцвярджае, што падала літоўцам вычарпальныя адказы на зададзеныя імі пытанні.

13 жніўня міністр у пытаннях навакольнага асяроддзя Літвы Валянцінас Мазуроніс заявіў, што Беларусь спрабуе навязаць літоўскай старане «дыскусію нямога з глухім».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках