Гарадзенскія таксісты не хочуць перасаджвацца на кітайскія аўтамабілі
75- 16.08.2013, 21:00
- 55,264
Міністэрства транспарту прымушае кіроўцаў таксі перасесці на кітайскія аўтамабілі.
Згодна з новым указам, таксі будуць абмежаваныя ў габарытах і ў тэрміне эксплуатацыі. Гарадзенскія таксісты выступілі з ініцыятывай аб зборы подпісаў для таго, каб скасаваць гэтую пастанову. На іхную думку, яна вымусіць шмат каго адмовіцца ад свайго бізнэсу. Подпісы яны хочуць адправіць у Міністэрства транспарту і адміністрацыю Лукашэнкі, паведамляе «Радыё Рацыя».
«Пачалося ўсё з таго, што ў інтэрнэце з'явіўся праект новага ўказу прэзідэнта. У ім гаворыцца пра тое, што з 2014 года ў таксі будуць працаваць аўтамабілі не старэйшыя за 8 гадоў. Таксама ўводзяцца абмежаванні габарытаў аўтамабіля - гэта даўжыня 4,4 метра і шырыня 1,7 метра», - кажа гарадзенскі таксіст Сяргей Верамеенка.
Ці здолеюць таксісты абараніць свае правы, залежыць ад актыўнасці падпісчыкаў. У звароце яны таксама выступаюць супраць лабістаў кітайскага аўтапрама і спадзяюцца, што да іх далучацца таксісты з іншых гарадоў.
Ужо вядома, што супольны праект зборкі беларуска-кітайскага аўтамабіля Geely будзе арыентаваны найперш на ўнутраны рынак.