Яўген Ліпковіч: Прэзідэнт Ізраіля не дараваў Лукашэнку
199- 2.08.2013, 17:07
- 77,303
Шымон Перэс не прыехаў у Беларусь з-за скандальных антысеміцкіх выказванняў Лукашэнкі.
Так блогер Яўген Ліпковіч пракаментаваў сайту charter97.org адмову прэзідэнта Ізраіля наведаць Беларусь.
«Наколькі я памятаю, у Беларусь прыязджала яго дачка. Магчыма, ён палічыў, што гэтага дастаткова. Мне здаецца, такая сціплая дыпламатычная адмова адбылася пасля знакамітага выказвання Лукашэнкі: «Вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць». Наогул, з гэтай нагоды трэба было б звярнуцца да галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии» Паўла Якубовіча, які ездзіў у Ізраіль як асабісты амбасадар, сустракаўся з Шымонам Перэсам і прыносіў прабачэнне за гэтае выказванне», - адзначыў блогер.
Ён лічыць, што гэта тлумачыць, чаму Перэс паехаў у Латвію і Літву, але не прыехаў у Беларусь.
«Наогул, не абавязкова, што тут прысутнічае нейкая палітыка. Магчыма, што ў планах прэзыдэнта Ізраіля было нешта іншае. Бо ў Беларусь адтуль прыязджаюць нейкія людзі і ціснуць Лукашэнку руку. У Беларусі шмат ізраільскіх грошай, а амбасадар Ізраіля Іосіф Шагал з'яўляецца, ці ледзь не асабістым сябрам Лукашэнкі», - падкрэсліў Яўген Ліпковіч.
Нагадаем, нягледзячы на шматлікія просьбы беларускіх уладаў, Шымон Перэс не прыехаў у Менск.