16 траўня 2024, Чацвер, 11:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Каспараў: Думаю, Пуцін асуджаны

96
Гары Каспараў: Думаю, Пуцін асуджаны

Чэмпіён свету ў шахматах упэўнены, што прэзідэнт Расеі «не дацягне» да 2018 года.

Шмат хто ўважае Гары Каспарава за найвялікшага шахматыста ўсіх часоў і народаў, аднак усё жыццё ён «гуляў» сваю ўласную партыю. 50-гадовы гросмайстар атрымаў мноства перамог над чэмпіёнамі, пасля чаго стаў апанентам аднаго з самых магутных і супярэчлівых палітыкаў на зямлі - Уладзіміра Пуціна, адзначае Al Jazeera (пераклад - ИноТВ).

Са слоў Каспарава, у 1991 годзе, калі Масква святкавала «ўласнае руйнаванне Бэрлінскага муру - руйнаванне савецкага рэжыму», ніхто не меркаваў, што «менш чым праз 10 гадоў КГБ вернецца да ўлады». Шахматыст мае на ўвазе падзеі 1999 года, калі прэзідэнт Барыс Ельцын прызначыў свайго наступніка - маладога і амбіцыйнага экс-афіцэра КГБ Уладзіміра Пуціна.

«Пуцін пэўна самы багаты чалавек, ён кантралюе сотні мільярдаў, калі не трыльёнаў даляраў пры дапамозе экспарту газу, нафты ды іншых прыродных багаццяў Расеі. Ён поўны рашучасці выкарыстоўваць усякую магчымасць, усякую моц, вайсковую, фінансавую моц, выведку, каб заставацца ва ўладзе», - сцвярджае былы чэмпіён.

Ён таксама заявіў, што Расею нельга назваць дэмакратыяй, гэта аўтарытарны рэжым. Усім ясна, што шляхам галасавання, волевыяўлення грамадзян змяніць гэты рэжым нельга, мяркуе гросмайстар. У дачыненні да большасці лідэраў апазіцыі распачатыя крымінальныя справы з нейкімі недарэчнымі абвінавачваннямі. «Здаецца, Пуцін цвёрда мерыцца скончыць гэты перыяд чыннасці апазіцыі, проста пасадзіўшы ўсіх за краты або вышпурнуўшы з краіны», - сцвярджае ён.

У інтэрв'ю Гары Каспараў таксама прызнаўся, што, будучы крытыкам уладаў, ён баяўся за сваё жыццё і на працягу 8 гадоў быў вымушаны наймаць сабе целаахоўнікаў. «У маёй краіне я адчуваю патрэбным быць абароненым ад нечаканых нападаў невядомых мне хуліганаў, якія прычынілі вялікую шкоду мноству выдатных расейцаў, якія выступалі супраць рэжыму», - уважае шахматыст.

«У кожны момант, калі вы знаходзіцеся ў Расеі, вы павінны разумець, што за вамі ўвесь час сочыць Вялікі Брат... У пуцінскай Расеі можна чакаць усяго. За апошні год стала яшчэ горш. Вас пераследуюць усёй сваёй дзяржаўнай моцай - пракуратура, следчыя. Цяпер іх нават не хвалююць апраўданні. Яны знаходзяць што хочаш, усё, што яны могуць уявіць, і вы ўжо частка крымінальнага расследавання», - сцвярджае Каспараў.

Наконт суда над Pussy Riot ён сказаў, што гэтая нязначная паводле палітычных стандартаў справа напраўду расказала свету пра пуцінскую Расею куды больш, чым гучнейшыя працэсы. «Я заўсёды казаў, што калі б яны танцавалі голымі, але спявалі: «Божа, барані Пуціна!», іх бы, магчыма, узнагародзілі. Але яны прасілі Багародзіцу прагнаць Пуціна, у гэтым і складаецца іх злачынства, асабліва таму, што яны зрабілі гэта ў царкве. Бо Пуцін уважае сябе за гэткага квазі-цара, яму патрэбная легітымізацыя з боку праваслаўнай царквы», - сцвярджае Гары Каспараў.

На думку апазіцыянера, сёння Расея імкліва рухаецца ў бок квазі-дыктатуры. Прыстаўку «квазі» гросмайстар ужывае наўмысна, бо сучасныя дыктатары адрозніваюцца ад ранейшых - яны ў нейкай меры дапускаюць выбары. Але, са слоў Каспарава, «калі Пуцін адчуе пагрозу сваёй уладзе, ён будзе паводзіцца як Кадафі або Башар Асад, нават не як Мубарак».

На пытанне інтэрв'юера пра будучыню Расеі экс-гросмайстар адказаў, што расейскі народ цяпер адчувае гнеў ў дачыненні да ўлад, але гэты гнеў і роспач усё яшчэ душацца генетычным страхам перад пераменамі. «Думаю, Пуцін асуджаны, ён не дацягне да канца свайго тэрміну, да 2018 года. Але я больш за ўсё ўстурбаваны тым, што згуба гэтага рэжыму можа, як і ў 1991 годзе, прычыніцца да раскідання краіны», - мяркуе Гары Каспараў.

На заканчэнне інтэрв'ю Al Jazeera English Гары Каспараў прызнаўся: «Я вельмі моцна хвалююся за будучыню Расеі як дзяржавы, бо рэжым страціў кантакт з насельніцтвам. Яму выпадае выжываць дзеля велізарнай колькасці грошай, высокага кошту энэрганосьбітаў і маніпуляцыі пры дапамозе прапаганды, якая ўзбуджае самыя горшыя пачуцці, распальвае нянавісць паміж рознымі групамі расейскага грамадства».

Напісаць каментар 96

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках