18 траўня 2024, Субота, 21:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менск прыляцеў Махінда Раджапакса

26
У Менск прыляцеў Махінда Раджапакса

Прэзідэнт Шры-Ланкі Махінда Раджапакса прыбыў у Беларусь з афіцыйным візітам.

Гэта першы візіт у Беларусь дэлегацыі Шры-Ланкі такога ўзроўню. У праграме трохдзённага візіту - шэраг афіцыйных сустрэч, у тым ліку з найвышэйшым кіраўніцтвам Беларусі, наведванне ААТ «Менскі аўтамабільны завод» і культурных аб'ектаў сталіцы. У рамках візіту ў Менску будзе арганізаваны бізнэс-форум і турыстычны форум з удзелам бізнэс-колаў дзвюх краін. У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета адбудзецца вечар Шры-Ланкі, паведамляе прэс-служба МЗС.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Шры-Ланкой былі ўсталяваныя ў 2000 годзе. Сёлета дзвюхстароннія кантакты актывізаваліся. 26-29 красавіка Шры-Ланку наведала дэлегацыя бізнэс-колаў Беларусі. Крокам у адказ стаў візіт 14 траўня ў Менск дэлегацыі на чале з намеснікам міністра замежных спраў Шры-Ланкі. У рамках травеньскага візіту прайшлі першыя ў гісторыі дзвюх краін кансультацыі паміж МЗС, падчас якіх абмяркоўваліся перспектывы палітычнага, гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва.

Паводле інфармацыі МЗС, цяпер стораны абмяркоўваюць магчымасць арганізацыі ў Шры-Ланцы зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі. Акрамя таго, Шры-Ланка зацікаўленая развіваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва з Беларуссю. Цяпер у Беларусі навучаюцца 262 студэнты з гэтай азіяцкай краіны.

Адзначым, што ў Шры-Ланцы амаль 30 гадоў ішла грамадзянская вайна паміж урадам і сэпаратысцкай партызанскай арганізацыяй «Тыгры вызвалення тамілаў Ілама». Пасля мноства няўдач і некалькіх замірэнняў ўрадавыя сілы здолелі атрымаць перамогу над супраціўнікам. Асноўныя сілы тамільскіх сэпаратыстаў былі аточаныя і зліквідаваныя ў 2009 годзе.

Супрацьстаянне паміж прыхільнікамі незалежнасці тамілаў Ілама і цэнтральнымі ўладамі краіны доўжыцца дагэтуль. У Шры-Ланцы ёсць палітвязні. Праваабаронцы заяўляюць пра ўжыванне катаванняў у дачыненні да апанэнтаў уладаў.

Міжнародная група правоў чалавека ў сваім дакладзе кажа пра больш чым 70 выпадкаў ужывання гвалту да людзей, якія былі затрыманыя ў сувязі з іх магчымым дачыненнем да «тыграў».

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках