13 траўня 2024, панядзелак, 23:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ляпіс Трубяцкі» выпусціць першы альбом на беларускай мове

12
«Ляпіс Трубяцкі» выпусціць першы альбом на беларускай мове

Гэтай восенню гурт «Ляпіс Трубяцкі» выпусціць альбом «Грай» - першую ў сваёй гісторыі пласцінку, якая складаецца выключна з песень на беларускай мове.

Канцэртная прэзентацыя праекта пройдзе 30 лістапада ў Вільні, піша партал ultra-music.com.

Песні на беларускай сталі важным складнікам творчасці гурта пасля «перазагрузкі» і змены вектару развіцця «Ляпісаў» у 2007 годзе. У гэтых песнях лідар «Ляпіса Трубяцкога» Сяргей Міхалок, як правіла, кажа пра самае важнае для сябе, людзей і краіны. У альбом «Грай» увойдзе 12 беларускамоўных кампазіцый, напісаных і запісаных за апошнія 10 гадоў, у тым ліку 2 абсалютна новых трэка. Але пры гэтым праект разлічаны зусім не толькі на Беларусь і беларускую аўдыторыю.

- Мы ездзім па ўсім свеце і ўсюды сябе пазіцыянуем як гурт з горада-героя Менска, - кажа Міхалок. - Мы спяваем песні на розных мовах, але нам вельмі прыемна, што, калі прыязджаюць у розныя краіны, мы сустракаем людзей, якія разам з намі спяваюць «Рамонкі», «Грай», «Не быць скотам!» і іншыя песні на беларускай мове. Мабыць, гэтыя тэксты і закладзеныя ў іх ідэі блізкія міжнароднай аўдыторыі. Так што гэты альбом прызначаны не толькі для беларусаў ва ўсім свеце, але і для ўсіх, каму цікавая наша музыка, беларуская мова і беларуская культура.

Канцэртная прэзентацыя праекта пройдзе на самай вялікай пляцоўцы Літвы - Siemens Arena у Вільні, якая ўмяшчае 12,5 тысяч гледачоў. Гэта будзе адзінае выступленне «Ляпісаў» з дадзенай праграмай - паўтараць яе калектыў не плануе. У Расеі і іншых краінах «Ляпіс Трубяцкі» працягне тур з праграмай «Lyapis Crew».

Дзякуючы падтрымцы МЗС Літоўскай Рэспублікі, грамадзяне Беларусі, якія набылі квіткі на гэты канцэрт, змогуць атрымаць візу бясплатна. Падача дакументаў спрошчаная - даведкі з месца працы/вучобы і дакументы, якія пацвярджаюць плацежаздольнасць не патрабуюцца.

Між тым, Менскі гарвыканкам наклаў вета на рэкламу канцэрту «Грай». Арганізатары канцэрту ва ўстаноўленым законам парадку забраніравалі каля 20 бігбордаў у Менску, аднак на стадыі сцвярджэння рэкламнага макета ў Камітэце па ідэалогіі гарвыканкама кампанія была забароненая без тлумачэння прычын - нягледзячы на тое, што на афішах і бігбордах гурт «Ляпіс Трубяцкі» нават не згадваўся.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках