30 красавiка 2024, aўторак, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прарэктар БНТУ: Сітуацыя з жыллём для студэнтаў крытычная

37
Прарэктар БНТУ: Сітуацыя з жыллём для студэнтаў крытычная

Забяспечанасць студэнтаў месцамі ў інтэрнатах БНТУ складае толькі 32%.

9,5 тысячы з 14 тысяч чалавек, якія маюць патрэбу ў жыллі, вымушаныя самастойна вырашаць кватэрнае пытанне, піша сёння газета «Звязда». Прарэктар Алег Гусеў называе сітуацыю крытычнай і шкадуе аб тым, што будаўнікі не паспяваюць у тэрмін здаць новы інтэрнат у «Студэнцкай вёсцы», паведамляе onliner.by.

«Часта даводзіцца чуць, што ў нас цэлых 15 інтэрнатаў, - разважае прарэктар БНТУ Алег Гусеў. - Але агульная колькасць іх месцаў не дасягае і 4,5 тысяч. Акрамя гэтага адзін наш інтэрнат усё яшчэ зачынены на капітальны рамонт. А гэта мінус 440 месцаў».

Але нават пасля ўвядзення ў эксплуатацыю абноўленага будынка студэнты БНТУ пераехаць туды не змогуць. Месцы будуць прызначаныя для перасялення студэнтаў іншых універсітэтаў, у інтэрнатах якіх размесцяць гасцей чэмпіянату свету па хакеі.

«Трохі палепшыць нашу крытычную сітуацыю з жыллём для іншагародніх мог бы новы інтэрнат у «Студэнцкай вёсцы», дзе нам вылучаюць 400 месцаў. Але будаўнікі не паспяваюць здаць аб'ект у тэрмін. Таму мы вымушаныя неяк выкручвацца, - канстатуе Алег Гусеў. - Дапамагаем студэнтам з арэндай кватэр. Наш прафсаюз вядзе спецыяльную базу дадзеных здымнага жылля, да якой можа звярнуцца любы, каму патрэбна. Гэта, зразумела, не панацэя, але пэўная карысць ад яе ёсць».

З аналагічнай праблемай сутыкнуўся і Белдзяржуніверсітэт. Новы інтэрнат ў «Студэнцкай вёсцы» павінен быў прыняць студэнтаў Інстытута журналістыкі і эканамічнага факультэта. Зараз з-за няспрытнасці будаўнікоў кіраўніцтва студгарадка апынулася ў складанай сітуацыі.

«Магу запэўніць, што ўсе першакурснікі, якіх мы абяцалі засяліць, і студэнты-льготнікі без жылля не застануцца, - кажа начальнік студэнцкага гарадка БДУ Міхаіл Чарапеннікаў. - Будзем рассяляць па іншых інтэрнатах. Задзейнічаем рэзервовыя месцы і месцы, падрыхтаваныя для замежных студэнтаў першага курса, якія прыедуць у Беларусь толькі 15 кастрычніка. А затым трэба будзе зноў нешта думаць».

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках