30 красавiка 2024, aўторак, 4:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея пакарае Лукашэнку за кантрабанду «распушчальнікаў»

173
Расея пакарае Лукашэнку за кантрабанду «распушчальнікаў»

Расея не выключае прыцягнення да адказнасці асоб, вінаватых у крызісе з «распушчальнікамі» у Беларусі .

Пра гэта заявіў намеснік старшыні ўрада Расеі Аркадзій Дварковіч, піша «Інтэрфакс».

Праваахоўныя органы Расеі працягнуць вывучэнне матэрыялы аб пастаўках у 2011-2012 гадах нафтапрадуктаў пад выглядам распушчальнікаў з Беларусі ў трэція краіны, заявіў ён.

«Ужыванне гэтай схемы экспарту прычыніла шкоду бюджэту Расейскай Федэрацыі, якая вымяраецца мільярдамі даляраў ЗША. Не выключаю, што ў выпадку пацверджання фактаў праваахоўнымі органамі будзе пастаўленае пытанне аб прыцягненні асоб да адказнасці, незалежна ад іх грамадзянства», - падкрэсліў Дварковіч.

«Сітуацыя з затрыманнем Баўмгэртнэра недапушчальная»

Ён таксама адзначыў, што ўрад Расейскай Федэрацыі ўважліва сочыць за сітуацыяй з затрыманнем у Беларусі гендырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгэртнэра.

«Мы далей уважаем цяперашнюю сітуацыю за недапушчальную. Хачу яшчэ раз адзначыць, што Баўмгэртнэр прыбыў на перамовы ў Менск на запрашэнне прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча», - заявіў Дварковіч.

Ён падкрэсліў, што «расейскі ўрад не меў ніякага дачынення да ўзніклага скандалу, але наша пазіцыя была ў тым, што трэба спрыяць або нармалізацыі дачыненняў, або цывілізаванаму разводу».

«З улікам таго, што адбылося пасля сустрэчы, далейшае развіццё падзей, ужо пасля затрымання расейскага грамадзяніна Баўмгэртнэра, выглядае прынамсі неадэкватна і не носіць характар партнёрскіх стасункаў», - заявіў Дварковіч.

Ён адзначыў, што ў Расеі і Беларусі шырокі спэктр стасункаў, у рамках якіх ёсць вялікая колькасць праблем, «але мы заўсёды імкнуліся да выпрацоўкі кампрамісных развязак».

«З улікам агульнага характару цяперашняй сітуацыі, вымушаны больш уважліва і сур'ёзна паглядзець на шэраг пытанняў», - папярэдзіў расейскі віцэ-прэм'ер.

«У РФ ёсць прэтэнзіі да якасці беларускай сельгаспрадукцыі»

Урад РФ даў наказ міністэрствам «больш інтэнсіўна займацца» пытаннямі рызык увозу ў РФ сельгаспрадукцыі з Беларусі, заявіў віцэ-прэм'ер РФ.

З ягоных слоў, «у нас ёсць і прэтэнзіі да якасці і бяспекі да шэрагу прадуктаў».

Акрамя таго, з улікам адкрытасці межаў вялікія рызыкі паставак праз Беларусь прадукцыі з трэціх краін, гаворыцца ў заяве віцэ-прэм'ера, распаўсюджанай прэс-службай урада РФ.

«У нас ёсць аператыўная інфармацыя, што з рознымі тыпамі прадукцыі такая сітуацыя працягваецца», - адзначыў ён.

Беларусь з'яўляецца адным з буйных пастаўнікоў малочнай прадукцыі, да якасці якой ёсць прэтэнзіі ў «Роспотребнадзора», а таксама бульбы.

«Зніжэнне паставак нафты ў Беларусь закране IV квартал»

Віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч прагназуе, што зніжэнне паставак нафты ў Беларусь працягнецца і ў чацвёртым квартале гэтага года.

«Пры ўзгадненні балансу на 4-ы квартал мы будзем зыходзіць з заяўленага Расеяй аб'ёму. Хачу асобна адзначыць, расейская старана выконвае свае абавязкі ў пастаўцы нафты ў поўным аб'ёме, нягледзячы на зніжэнне паставак нафтапрадуктаў з Беларусі. Канкрэтны аб'ём паставак нафты ўзгадняецца старанамі на кожны квартал, дагэтуль канкрэтны аб'ём старанамі не ўзгоднены. Разам з тым, зыходзячы з планаванага аб'ёму паставак нафты на 2013 год, і ўжо пастаўленага аб'ёму - зніжэнне паставак нафты дакладна закране 4-ы квартал», - заявіў Дварковіч.

Раней «Транснефть» заяўляла аб скарачэнні паставак нафты ў Беларусь на 400 тысяч тон у верасні.

Нагадаем, Беларусь займалася вырабам на сваіх НПЗ «распушчальнікаў» і «разбаўляльнікаў» з расейскай нафты. Гэтая сыравіна, згодна з нормамі Мытнага саюза, увозілася бязмытна на тэрыторыю краіны. Гатовая прадукцыя атрымлівала, у адпаведнасці з нацыянальнымі тэхрэгламэнтамі, іншы таварны код і код ТН ЗЭД, што дазваляла экспартаваць яе без збірання экспартных мытаў, якія, паводле міжкраінавага пагаднення, павінны пералічвацца ў бюджэт РФ. Паводле разлікаў расейскай стараны, страты бюджэту Расеі за гэты перыяд дасягнулі $ 1,5-2,5 млрд.

Напісаць каментар 173

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках