30 красавiка 2024, aўторак, 11:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя шукае менчука, які распавёў пра «рабства» ў Раўбічах

33
Міліцыя шукае менчука, які распавёў пра «рабства» ў Раўбічах

Міліцыя Менскай вобласці зняпраўдзіла інфармацыю аб рабстве ў фермера ў Раўбічах.

Пра гэта гаворыцца ў заяве аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Менскага аблвыканкама.

«28 жніўня дэструкцыйнымі інтэрнэт-рэсурсамі была распаўсюджаная інфармацыя пра тое, што паблізу вёскі Раўбічы Менскага раёна нейкі грамадзянін эксплуатуе іншых грамадзян, пры гэтым гвалтоўна іх утрымліваючы, прымушаючы да працы, збіваючы, сэксуальна эксплуатуючы і схіляючы да ўжывання наркотыкаў. У адпаведнасці з законам аб органах унутраных спраў супрацоўнікамі УУС Менаблвыканкама і Менскага РУУС у той жа дзень была ініцыяваная праверка інфармацыі аб магчымым учыненні названых злачынстваў», - гаворыцца ў заяве.

Выяўлена, што паблізу вёскі Усходнія Раўбічы Менскага раёна размешчаная сялянска-фермерская гаспадарка, якая належыць жыхару Менска 1961 года нараджэння. Гаспадарка працуе з 1991 года і спецыялізуецца на вырошчванні гародніны. Кіраўнік гаспадаркі растлумачыў, што ў яго стала працуе галоўным аграномам грамадзянін Арменіі 1960 года нараджэння, які стала жыве і мае дазвол на жыхарства ў Беларусі, а таксама трое жанчын: жыхарка Менска 1967 года нараджэння, жыхарка гарадскога пасёлка Радашковічы 1974 года нараджэння і жыхарка пасёлка гарадскога тыпу Гарадзея 1956 года нараджэння.

Паводле інфармацыі АІГС УУС, падчас апытання двое з названых грамадзянак растлумачылі, што працуюць яны ў гаспадарцы на добраахвотнай падставе. Якіх-небудзь скаргаў на дрэннае стаўленне да іх з боку наймальніка і галоўнага агранома ў іх няма. Грашовыя сродкі за выкананыя работы выплачваюцца своечасова. Разам з тым апытаць трэцюю грамадзянку, якая непасрэдна давала інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» 28 жніўня не выпала, бо яна знаходзілася ў стане моцнага алкагольнага ап'янення. Аднак на наступны дзень, працверазеўшы, жанчына пацвердзіла словы сваіх калег.

Медыцынскі агляд не выявіў прыкмет ужывання грамадзянкамі якіх-небудзь наркатычных рэчываў.

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў высветлілі асобу грамадзяніна, які стаў першакрыніцай хлуслівай інфармацыі. Гэта быў жыхар Менска 1956 года нараджэння, які раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за дробнае хуліганства, кіраванне аўтамабіля ў нецвярозым выглядзе, заняцце незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю і хуліганства. З 2010 года і да апошняга часу за ўчыненне асабліва злоснага хуліганства ён праходзіў прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай лякарні са строгім наглядам.

Цяпер вядзецца вышук названага грамадзяніна для дачы ім тлумачэнняў.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках