19 траўня 2024, Нядзеля, 13:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзіўная «мадэрнізацыя» ў Рэчыцы

22
Дзіўная «мадэрнізацыя» ў Рэчыцы

У мадэрнізацыю Рэчыцкага дрэваапрацоўчага прадпрыемства па ўказе Лукашэнкі ўкладваюцца вельмі вялікія грошы.

На сённяшні дзень ўкладзена ўжо каля 110 мільёнаў еўра. Большая частка гэтых укладанняў ідзе на мадэрнізацыю завода ДСП, паведамляе чытач сайта charter97.org.

«Яе планавалі завяршыць да дня горада - 8 верасня. На свята чакаюць прыезд Лукашэнкі. Але ведаючы, што да гэтай даты не змогуць яшчэ завяршыць мадэрнізацыю завода, планавалі прывезці з Івацэвічаў пліту ДСП і выдаць яе за сваю, каб можна было паказаць па БТ, як паспяхова праходзіць мадэрнізацыя. Сямашка ў Рэчыцу прыязджае кожны тыдзень, прывёз новага гендырэктара, як кажуць, свайго пляменніка, які працаваў раней на Шклоўскай папяровай фабрыцы ў філіяле «Домабудаванне» і на якога, як кажуць у Шклове, была заведзеная крымінальная справа за эканамічныя злачынствы, з-за якіх ён хаваўся ў Маскве, працягваючы працаваць там у якасці дырэктара прадстаўніцтва фабрыкі», - піша ён.

Але, здаецца, планы ў апошнія дні перагледзелі, і перанеслі здачу аб'екта на снежань.

Чытач таксама піша пра тое, што эканамічная мэтазгоднасць мадэрнізацыі завода ДСП і падобных фінансавых укладанняў выклікаюць сумнеў.

«Не трэба быць сямі пядзяў у ілбе, каб зразумець, што яны пераследуюць зусім іншыя мэты. Мяркуйце самі: гэтая мадэрнізацыя ідзе пад лозунгам імпартазамяшчэння - каб не купляць пліту ДСП за межамі Беларусі. Патрэбнасць унутранага рынку ў гэтай пліце складае 500 тысяч кубічных метраў у год. Івацэвіцкі завод ДСП пабудаваны з магутнасцю 350 тысяч кубічных метраў у год, у Смаргоні працуе завод ДСП «Кронаспан», пад Магілёвам IKEA таксама пабудавала завод ДСП, які «закрывае» 150 тысяч кубічных метраў у год. Гэта пры ўмове, што мэблевая прамысловасць будзе працаваць у поўную сілу.

Задаемся пытаннем: навошта тады мадэрнізаваць завод ДСП у Рэчыцы, калі пліта нікому не будзе патрэбная? Можна вядома сказаць, што яна пойдзе на знешні рынак, але гэта будзе відавочнай хітрасцю. Асноўнымі знешнімі рынкамі пліты ДСП да гэтага часу з'яўляліся толькі Казахстан і Узбекістан, якія праз вельмі кароткі час «закрые» Расея. У Еўропе пліта ДСП па экалагічных матывах ўсё менш набывае попыт, а ў Венесуэлу яе везці нерэнтабельна», - піша чытач.

Пазыкі прадпрыемства на сённяшні дзень, па словах супрацоўнікаў «Рэчыцадрэў», складаюць каля мільярда даляраў. Як іх збіраюцца пагашаць, улічваючы вышэйсказанае, - незразумела.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках