3 траўня 2024, Пятніца, 17:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цуды імпартазамяшчэння: беларускі «Марс» і «Снікерс»

77
Цуды імпартазамяшчэння: беларускі «Марс» і «Снікерс»

Спецыяльна да «Дажынак» выпусцілі беларускія аналагі «Марса» і «Снікерса».

Пра сітуацыю ў кандытарскай галіне, канкурэнцыю беларускіх вытворцаў з замежнымі ў інтэрв'ю газеце «Белорусская нива» распавёў старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандр Забела.

«У нас было падзенне вытворчасці ў кандытарскай прамысловасці, але пачынаючы з другога паўгоддзя намецілася тэндэнцыя да павелічэння продажаў на ўсіх рынках. Галоўнае - мы не ўпалі па экспартных пастаўках на знешнія рынкі, а па суме нават пераўзышлі, - паведаміў Забела. - Упэўнены, «Камунарка» па выніках працы за гэты год пакажа значны рост як па масе адгрузкі, так і па суме паставак на экспарт. «Спартак» выйдзе на аб'ёмы мінулага года, але па суме гэта будзе таксама вышэй, таму што мы сваю прадукцыю пачалі прадаваць даражэй. У асноўным гэта рынкі Расеі, Украіны. А наогул, геаграфія паставак нашай кандытарскай прадукцыі - каля 40 краін. Ведаюць яе краіны Каўказскага рэгіёну, Канада, Амерыка».

Па словах чыноўніка, для замацавання сваіх пазіцый прадпрыемствы праводзяць «каласальную мадэрнізацыю».

«На «Камунарцы» ўсталёўваюцца новыя «шакаладныя» лініі, якія дазволяць значна пашырыць асартымент. Насуперак распаўсюджанай думцы, да гэтага часу там працавала абсталяванне 60-х гадоў мінулага стагоддзя, - кажа кіраўнік канцэрна. - Таксама займаемся лініямі па вытворчасці мяккай карамелі і іншых відаў прысмакаў. Пры гэтым, дарэчы, агульную лінейку прадукцыі скарачаем, выводзячы з вытворчасці тыя пазіцыі, якія на рынку не запатрабаваныя. Увод у строй сучаснага абсталявання - гэта яшчэ адзін крок у ажыццяўленні праграмы мадэрнізацыі кандытарскай фабрыкі, разлічанай на бліжэйшыя некалькі гадоў. У канцы верасня працаўнікі вёскі будуць святкаваць «Дажынкі» і ўшаноўваць сваіх лепшых прадстаўнікоў, тых, хто ўнёс важкі ўклад у агульны каравай. «Спартак» падрыхтаваў свой падарунак - беларускі аналаг «Марса» і «Снікерса» - батончыкі з нугі».

Аляксандр Забела прызнае: неабходная значная работа па прасоўванню, пазіцыянаванню новых тавараў, іх рэкламе.

«Важна выбудоўваць эфектыўную сістэму продажаў, лагістыкі. У нашых вытворцаў шмат брэндавай прадукцыі, якая сёння запатрабаваная на знешнім рынку, але, каб сур'ёзна займацца яе экспартам, думаецца, трэба ствараць холдынгі, - лічыць ён. - Гэта дапаможа аптымізаваць асартымент выпускаемых вырабаў, праводзіць сур'ёзную збытавую палітыку. Наш пакупнік павінен ведаць і разумець перавагі беларускіх тавараў, быць упэўненым, што ён не памыліўся ў сваіх перавагах, карыстаючыся прадукцыяй, зробленай у Беларусі».

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках