3 траўня 2024, Пятніца, 9:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За 20 гадоў у Беларусі знікла чатыры тысячы бібліятэк

23
За 20 гадоў у Беларусі знікла чатыры тысячы бібліятэк

З 12 тысяч, якія працавалі ў пачатку 90-ых, у краіне іх засталося крыху больш за 8 тысяч.

Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, беларусы па колькасці карыстальнікаў грамадскіх бібліятэк - першыя сярод краін былога СССР. Між тым, бібліятэчных устаноў стала значна менш не толькі ў параўнанні з савецкім часам, але і з нядаўнім мінулым, перадае «Радыё Свабода».

Паводле апошніх статыстычных дадзеных, у Беларусі на тысячу чалавек прыходзіцца каля 400 карыстальнікаў грамадскіх бібліятэк. Для параўнання, у Расеі гэты паказчык складае 375 чалавек, ва Украіне - 336. Зараз у Беларусі дзейнічае крыху больш за 8000 бібліятэк, з іх 3800 публічныя. Агульны фонд складае 67 мільёнаў крыніц інфармацыі. У мінулым годзе масавыя бібліятэкі наведалі 3 мільёна 700 тысяч чытачоў. Многа гэта ці мала?

Паводле перапісу 1934 года, у БССР (на той час гэта была толькі Усходняя Беларусь) налічвалася больш за 9700 бібліятэк, палова з іх - публічныя. У бібліятэчных фондах захоўвалася каля 10 мільёнаў кніг. На працягу ўсяго савецкага перыяду гэты паказчык не толькі падтрымліваўся, але прыкметна рос. Так, у 1990 годзе, напярэдадні атрымання незалежнасці, у Беларусі было каля 12 тысяч бібліятэк з агульным фондам больш за 90 мільёнаў экземпляраў. З іх 6239 - масавыя.

Аднак у наступныя гады цікавасць да бібліятэк зніжалася. З аднаго боку, людзям даводзілася больш думаць пра матэрыяльнае, а не пра духоўнае, з другога, уносіў карэктывы тэхнічны прагрэс. Так, паводле перапісу бібліятэчных устаноў 2005 года, у Беларусі працавалі 4259 масавых бібліятэк - на 2 тысячы менш, чым за паўтара дзесятка гадоў да таго. Зрэшты, гэта прыкметна больш, чым цяперашнія 3800. Тое ж тычыцца і колькасці наведвальнікаў. У 2005 годзе лічба была на паўмільёна больш, чым цяпер.

Які лёс чакае бібліятэкі? Прадстаўнікі «прасунутага» пакалення гаджэтаў перакананыя, што ўжо ў бліжэйшай будучыні гэтыя ўстановы пераўтворацца ў архіўныя сховішчы друкаванай прадукцыі. Такога меркавання прытрымліваецца блогер Андрэй Кабанаў:

«З развіццём тэхналогій яны, хутчэй за ўсё, ператворацца ў звычайныя архівы, так як папяровыя носьбіты рана ці позна стануць гісторыяй. Цяпер у нас электроніка паўсюль, практычна любую кнігу можна спампаваць у інтэрнэце. Хапіла б толькі сіл апрацаваць , аблічбаваць інфармацыю, якая ёсць. Але факт, што электроніка выцясняе і газеты, і друкаваныя носьбіты. Думаю, што будучыня за дэвайсамі. Мы назіраем, як цывілізацыя дае пра сябе ведаць, і папяровая індустрыя адыдзе ў гісторыю. Зручней жа зайсці ў кампутар, чым ехаць кудысьці ў бібліятэку. І моладзь на месцах, у вёсках - таксама ўся ў інтэрнэце. Нават з'явіўся такі добры новы выраз - ты з маё «пагуглі» , а там паглядзім. Як раней «пажыві з маё». Смяемся, але гэта рэальнае адлюстраванне рэчаіснасці».

На працягу апошняга часу назіраецца тэндэнцыя ўтвараць «гібрыдныя» ўстановы, якія аб'ядноўваюцца ў клубы-бібліятэкі або музеі-бібліятэкі. Перш за ўсё, гэта датычыцца сельскіх бібліятэк, дзе колькасць наведвальнікаў дзе-нідзе скацілася ці ледзь не да нуля. Не раз станавілася вядома пра «мёртвыя душы», якія для масавасці фігуравалі ў чытацкіх бланках. Усё часцей сельскія чытальні вымушаныя зачыняцца ці аб'ядноўвацца са школьнымі. Так, на працягу 2012 года толькі на Гродзеншчыне ліквідаваныя 60 бібліятэк, на дзесяткі ідзе лік і ў іншых рэгіёнах.

Тым не менш, як лічыць пісьменнік Віктар Казько, традыцыйныя бібліятэкі не павінны знікнуць, так як новыя тэхналогіі не могуць стаць ім паўнавартаснай заменай:

«Бібліятэка, я вам скажу, ідзе ў мяне з самага дзяцінства. Перша, што прыйшло, што прывяло кніжку. А потым - і газета, і часопіс, і навінкі літаратурныя. Толькі бібліятэка. Таму я ўпэўнены, што бібліятэкі не толькі будуць, але і павінны жыць. Ніколі немагчыма замяніць жывую кнігу чымсьці віртуальным. Ужо колькі разоў нам казалі: кіно тэлевізар заменіць, адаб'е, тэатр загіне. Гэта ўсё не нова. Вось у мяне электронная кніжка. Ну, чытаю на лецішчы яе, нібыта добра, зручна. Але душа сумуе па кніжцы, па паху літар, па разгорнутаму лісту. Гэта жывы кантакт. А жывое - найбольш кароткі шлях да таго, хто гэта ствараў, да пісьменніка. Чалавек заўсёды імкнуўся хадзіць напрамую. Таму, мяркую, будзе вяртанне назад. Цяпер мы бачым, да чаго, да якой неадукаванасці прывялі ўсе гэтыя віртуальныя цацкі - мабільнікі, планшэт і іншае чытанне»..

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках