8 траўня 2024, Серада, 17:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ідэя Тозіка правалілася

19
Ідэя Тозіка правалілася

Дзяржава не знайшла спосабу залезці ў кішэню нецвярозых пацыентаў.

На стадыі разгляду паправак у закон Беларусі «Аб ахове здароўя» з законапраекта была выключаная норма, якая прадугледжвае, што пацыенты, якія паступілі ў дзяржаўныя ўстановы ў нецвярозым стане, будуць кампенсаваць выдаткі на сваё лячэнне. Пра гэта паведаміў член пастаяннай камісіі «палаты прадстаўнікоў» па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, старшыня Беларускай асацыяцыі лекараў Зміцер Шаўцоў, перадае БелТА.

Пытанне з кампенсацыяй выдаткаў на аказанне меддапамогі нецвярозымі пацыентамі, ініцыятарам якога стаў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік, доўга абмяркоўвалася парламентарамі, на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя і практыкуючымі медыкамі. Прапанову падтрымаў міністр аховы здароўя Васіль Жарко. «Прапаноў было вельмі шмат, але дакладны, ясны механізм кампенсацыі выдаткаў пакуль выпрацаваць не ўдалося. А зрабіць яго дваякім для трактавання недапушчальна», - адзначыў Зміцер Шаўцоў.

Падчас абмеркавання законапраекта аналізаваліся розныя сітуацыі. Так, атрымаць «п'яную» траўму можа чалавек, які практычна не ўжывае спіртное. На Новы год, напрыклад, хтосьці вып'е келіх віна пад бой курантаў, потым выйдзе на вуліцу, каб паглядзець салют, паслізнецца і няўдала ўпадзе. А ў бальніцы падчас агляду ў яго выявяць лёгкую ступень ап'янення.

«Іншая сітуацыя - чалавек, будучы п'яным, атрымлівае траўму, той жа пералом. Ён разумее, што калі будзе ў бальніцы неадкладна, то агляд пакажа, што ён піў. І ў выніку будзе сядзець дома суткі з пераломам, каб працвярозець, рызыкуючы атрымаць ускладненне», - растлумачыў Зміцер Шаўцоў.

Незразумелым пакуль застаецца, як будзе кампенсаваць расходы на сваё лячэнне такая катэгорыя пацыентаў, як хранічныя алкаголікі. Калі ў такога хворага цыроз печані, то ён загіне без меддапамогі, таму яе будуць аказваць у любым выпадку. Між тым грошай на аплату лячэння ў гэтых пацыентаў звычайна няма.

У выніку ў законапраекце засталася норма, якая ў цэлым прадугледжвае, што чалавек, які здзейсніў супрацьпраўныя дзеянні, у выніку якіх пацярпелі людзі, павінен пакрыць выдаткі на іх лячэнне.

Аднак Зміцер Шаўцоў не выключае, што ў закон зноў будуць уносіцца праўкі, калі механізм кампенсацыі выдаткаў нецвярозымі пацыентамі будзе распрацаваны. Парламентар выказаў надзею, што само абмеркаванне пытання аб увядзенні кампенсацыі прымусіць людзей больш увагі надаваць свайму здароўю.

Гаворачы пра іншыя навацыі законапраекта, «парламентар» згадаў увядзенне асобнай часткі аб дыспансерызацыі насельніцтва, гэта значыць аб прафілактычнай медыцыне. Праектам закона прадугледжана таксама, што мясцовыя ўлады нароўні з Міністэрствам аховы здароўя змогуць распрацоўваць і зацвярджаць праграмы па пытаннях фармавання здаровага ладу жыцця, прафілактыцы тытунепалення, алкагольнай, наркатычнай залежнасці. Чакаецца, што такім чынам гэтыя дакументы стануць больш эфектыўнымі, таму што будуць улічваць спецыфіку пэўнай тэрыторыі.

Плануецца, што папраўкі ў закон аб ахове здароўя будуць разгледжаныя ў першым чытанні на восеньскай сесіі «палаты прадстаўнікоў».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках