15 траўня 2024, Серада, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянер з Мастоў пешшу пераадолеў 700 кіламетраў

29

У дарозе ратавала беларускае сала.

Пенсіянер з Мастоў Іосіф Лісай ў свае 64 гады пакінуў ровар, на якім аб'ехаў Азоўскае мора і Еўропу, і пайшоў пешшу. З сабой - 230 даляраў у кішэні, карта Крыма і заплечнік з самымі неабходнымі рэчамі. За 54 дні адпачынку падарожнік прайшоў 684 кіламетры, піша «Вечерний Гродна».

Фото: vgr.by

З Беларусі Іосіф Лісай цягніком дабіраўся да Джанкоя, а пасля наважыў абмінуць паўвыспу супраць гадзіннікавай стрэлкі.

«Крым - зямны шар у мініяцюры. На такім маленькім кавалку сушы змясціліся стэпы, перадгор'і, скалы, - захапляецца Іосіф Уладзіміравіч. - Першае знаёмства з ім было ў 2006 годзе, я ездзіў туды на ровары. Паглядзець пячорныя гарады тады не атрымалася, таму цяпер надумаўся прайсціся пешшу».

Кажа, што ў падарожжы патрэбная добрая фізічная падрыхтоўка. Нават малады арганізм ужо праз тыдзень стамляецца. Таму пераважна падарожнічае адзін.

Задакументаваў кожны крок

Вандроўнік сам да канца не верыў, што здолее пешшу прайсці такую вялікую адлегласць. Першы тыдзень было складана: спякота, мазалі на нагах. Але потым арганізм адаптаваўся і звык да такой нагрузкі.

Калі Іосіф Уладзіміравіч у дарозе сутыкаўся з групай турыстаў, далучаўся да экскурсіі. Стараўся не прапускаць музеяў. У дарозе вёў дзённік, дзе апісваў, колькі кіламетраў прайшоў за дзень, што ўразіла, якія кошты і колькі грошай выдаткаваў. Сюды ж запісваў адрасы і тэлефоны новых знаёмых, якіх сустракаў у дарозе. Даслоўна кожны крок задакументаваны. Акрамя дзённіка, з сабой у дарогу турыст узяў камеру і фотаапарат.

Фото: vgr.by

Эканоміў на ўсім

Часта праз адсутнасць крам па дарозе, а часам праз страх атруціцца мясцовымі прадуктамі, харчовы рацыён быў небагаты: памідор, кавалачак сала, прывезенага з Беларусі, і паўбохана хлеба. На заўвагі сяброў з гонарам адказвае: «Галадаў, затое шмат бачыў!»

На турыстычнай карце знакамі пазначаныя месцы, дзе ёсць бясплатныя кэмпінгі. У астатніх за ноч трэба плаціць. Іосіф Лісай распавядаў ахоўнікам, што ён - пенсіянер, настаўнік фізкультуры з Беларусі, ідзе пешшу. «Скарбнікі» ставіліся да яго з разуменнем і дазвалялі паставіць намёт бясплатна, часам падкормлівалі. Грошы эканоміў на ўсім: баяўся, што скончацца раней часу, і давядзецца з'ехаць, не дасягнуўшы мэты.

«Каўказскую палонніцу» здымалі на Дэмерджы

На паўднёвым - захадзе Крыму размяшчаюцца рэшткі сярэднявечных гарадоў. У тыя часы мясцовыя жыхары прыстасоўвалі пад жыллё непрыступныя скалы, якіх у тутэйшым рэльефе даволі шмат. Хаты таксама не будавалі, абыходзіліся высечанымі ў скалах пячорамі.

«Памятаеце сцэны з фільма «Каўказская палонніца» ў гарах? - пытаецца падарожнік. - Іх здымалі на Дэмерджы. Тут я сустрэў трохсотгадовы «арэх Нікуліна», тоўстае дрэва, названае ў гонар вядомага актора».

Фото: vgr.by

За дзень у Крыме не сустрэў ні душы

З Керчы Іосіф Лісай накіраваўся да возера Чокрак, у якім турысты прымаюць гразевыя ванны. Са слоў героя, гразь потым адмыць складана, па кансістэнцыі яна як мазут.

Трапляліся і месцы, дзе за цэлы дзень не сустракаў аніводнай жывой душы. Адна з іх - Арабатская стрэлка, самая доўгая каса ў Еўропе, яна аддзяляе Азоўскае мора ад заліва Сіваш з моцнай канцэнтрацыяй солі. Падчас дажджоў вада ў заліве падымаецца і затапляе асобныя лапікі касы. Іх можна абысці толькі пешшу, таму Арабацкая стрэлка ўважаецца за цяжкапраходную. Толькі на 30-м кіламетры ад Генічэска яна абжытая, там ёсць вада і можна купіць прадукты. Астатнія 85 кіламетраў - суцэльная пустыня, за дзве начоўкі на дарозе нікога не сустрэў.

«Трэба карыстацца момантам цяпер, падарожнічаць, пакуль ёсць магчымасць, - хто ведае, можа, ужо праз пару гадоў не змагу», - падсумоўвае дванаццаціразовы чэмпіён Беларусі, майстар спорту ў поліатлоне Іосіф Лісай.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках