12 траўня 2024, Нядзеля, 5:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі будаўнічы магнат патрабуе ад «Газпрама» $20 млн

28
Беларускі будаўнічы магнат патрабуе ад «Газпрама» $20 млн

«Аляксандраў-Буд» пазбавілі права арэнды ўчастка, аддаўшы зямлю расейскай газавай манаполіі.

«Газпрам», які вырашыў пабудаваць у Менску хмарачос, перайшоў дарогу мясцовым забудоўшчыкам, піша расейскае выданне «Известия».

Дэвелаперская кампанія беларускага бізнесмена Ігара Аляксандровіча ТДА «Аляксандраў-Буд» 20 верасня падала дасудовую прэтэнзію ў Гаспадарчы суд горада Менска да «Газпрама» і гарвыканкама беларускай сталіцы. Фірма патрабуе кампенсацыі выдаткаў і ўпушчанай выгады ў сувязі з адкліканнем права на арэнду зямельнага ўчастка, частку якога аблюбаваў «Газпрам» для будаўніцтва свайго офіса. Агульная сума прэтэнзій - 184,3 млрд беларускіх рублёў - эквівалент $20,4 млн. Сума 104 млрд беларускіх рублёў пацверджаная незалежнай ацэнкай, праведзенай больш за год таму, але пры падачы пазову ўлічаная інфляцыя і іншыя выдаткі, у прыватнасці па зносе будынкаў і збудаванняў.

Па словах прадстаўніка кампаніі «Аляксандраў-Буд» Наталлі Капцеравай, на мірнае ўрэгуляванне пытання бакам даецца 10 дзён, затым пачынаецца судаводства. Калі суд пацвердзіць правату кампаніі, страты інвестара павінен пакрыць «Газпрам», перавядучы грошы гарадскім уладам Менска. А тыя, у сваю чаргу, абавязаныя пералічыць грашовыя сродкі пазоўніку.

Заказчыкам шматфункцыянальнага офіснага цэнтра вышынёй 182 м выступае «дачка» «Газпрама», кампанія «Газпрам трансгаз Беларусь». У склад комплексу, які размесціцца на 8,27 га ў цэнтры Менска, увойдуць не толькі офісныя будынкі, але і іншыя аб'екты - ад канферэнц-залы да спа. Арыенціровачны кошт будаўніцтва $500 млн, завяршыць яго плануецца ў 2018 годзе.

Для будаўніцтва офіса «Газпрама» прыйдзецца знесці гарадскі аўтавакзал «Маскоўскі». Таксама пацярпелі інтарэсы шэрагу беларускіх кампаній: гарадскія ўлады датэрмінова адклікалі ў іх права арэнды зямельных участкаў. Адной з такіх кампаній стаў «Аляксандраў-Буд», які ў ліпені 2013 года пазбавіўся права арэнды на ўчастак 1,7 га (права дзейнічала да 1 ліпеня 2014 года), дзе планаваў пабудаваць офісны цэнтр «Белгазпрамбанка». Будаўніцтва праекта павінна было пачацца яшчэ ў канцы 2011 года, і сёння будынак ужо мог бы паспяхова функцыянаваць.

Спачатку «дачка» «Газпрама» прапанавала правесці ацэнку страт беларускага бізнесу. У 2012 годзе яна дамовілася з РУП «Праектны інстытут «Белгіпразем» «па разліку сум арыентыровачных страт (рынкавы кошт)» аб'ектаў нерухомасці аўтавакзала і забудоўшчыкаў ТДА «Перспектыва-Інвест Буд», ТДА «Аляксандраў-Буд», ТАА «Аміра Рон» і ГПУП «Ювейсэрвіс». Па выніках незалежнай ацэнкі ў лютым 2013 года кампаніі «Аляксандраў-Буд» было прысуджана да выплаты звыш 104,1 млрд беларускіх рублёў (па бягучым курсе гэта $11,5 млн). Якіх-небудзь прэтэнзій ад гарадскіх уладаў або «Газпрама» па сумах кампенсацый кампанія «Аляксандраў-Буд» не атрымала.

Але 4 красавіка 2013 года выйшаў указ Аляксандра Лукашэнкі «Аб пытаннях будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў г. Менску». Згодна з дакументам, структуры «Газпрама» павінны заплаціць гораду $17,2 млн за арэнду зямельнага ўчастка і яшчэ $13,7 млн - за знос аўтавакзала «Маскоўскі». А страты, нанесеныя іншым землекарыстальнікам адабраннем зямельных участкаў і зносам размешчаных на іх аб'ектаў нерухомай маёмасці, пакрываюцца паводле ацэнкі, зробленай арганізацыямі па землеўпарадкаванню, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні дзяржкамітэта па маёмасці, альбо РУП «Рэспубліканскі навукова-тэхнічны цэнтр па коштаўтварэнню ў будаўніцтве». Сумы ва ўказе не прыведзеныя і арганізацыі, якія маюць права прэтэндаваць на выплаты, не пазначаныя.

Таму ў ліпені гарадскія ўлады паспрабавалі аспрэчыць вынікі ацэнкі, праведзенай раней «Белгіпраземам», і падалі ў Гаспадарчы суд Менска пазоў да «Аляксандраў-Буд» з мэтай дамагчыся датэрміновага скасавання дамовы арэнды ўчастка ў добраахвотным парадку. Беларуская «дачка» «Газпрама» выступіла па гэтым пазове трэцяй асобай. «Аляксандраў-Буд» прэтэнзію не прызнае, новая ацэнка, па словах прадстаўніка кампаніі, зойме працяглы час і прывядзе за сабой новыя выдаткі з боку кампаніі. Будаўнічая фірма неаднаразова спрабавала мірна вырашыць пытанне, пасылаючы лісты ў Менскі гарвыканкам, а таксама кіраўніку кампаніі «Газпрам трансгаз Беларусь» Аляксандру Мяшкову, аднак ён на лісты забудоўшчыкаў не адказаў. А гарадскія ўлады па-ранейшаму не прызнаюць суму кампенсацыі.

Прадстаўнік «Газпрам трансгаз Беларусь» і прэс-служба «Газпрама» адмовіліся ад каментароў. Звязацца з прадстаўнікамі гарвыканкама горада Менска не ўдалося.

Партнёр беларускай юрыдычнай кампаніі Raidla Lejins & Norcous Валянцін Галіч лічыць, што ў «Аляксандраў-Буду» мала шанцаў пацвердзіць суму сваіх прэтэнзій у гаспадарчыя суды Менска. Паводле яго слоў, беларускія суды практычна не прысуджаюць страчаную выгаду ў сітуацыі камерцыйных спрэчак, і максімальная сума, на якую можа разлічваць забудоўшчык, - гэта кампенсацыя фактычна панесеных выдаткаў за знос будынкаў і збудаванняў, а таксама па будаўніцтву аб'ектаў нерухомасці. На думку юрыста, лепшы выхад для «Аляксандраў-Буду» - дамовіцца аб кампенсацыі наўпрост з «Газпрамам» або яго беларускай «дачкой».

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках