11 траўня 2024, Субота, 11:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя спаралізавала працу менскага метро

143
Міліцыя спаралізавала працу менскага метро

Станцыі «Кастрычніцкая» ды «Плошча Якуба Коласа» былі закрытыя.

Першыя паведамленні аб падвышаных мерах бяспекі ў Менскім метрапалітэне з'явіліся ў сацыяльных сетках прыкладна апоўдні. Шмат якія менчукі напісалі пра дагляд пасажыраў на сваіх старонках у «Твітэры». Праверку асабістых рэчаў праводзілі супрацоўнікі міліцыі на некалькіх станцыях метрапалітэна.

«Станцыя метро «Каменная горка»: ва ўсіх людзей міліцыя правярае сумкі, - піша @arina0__0 і дадае, што тое ж самае адбывалася на «Магілёўскай».

«На «Парку чалюскінцаў» аналагічна», - паведамляе @BigBadDev.

«Таксама на «Першамайскай», - дадае @grd12by. Ён адзначае, што праверку праводзілі не шараговыя міліцыянты, а «вялікія начальнікі».

«Сёння раніцай у мужчыны на станцыі метро «Уручча» металадэтэктарам нават па парасоне праводзілі», - піша @stanfursov.

Праз праверку на некаторых станцыях узніклі вялізныя чэргі. Шмат хто з менчукоў публічна абураліся дзеяннямі міліцыянтаў.

Крыху пазней з'явілася інфармацыя аб тым, што станцыя метро «Плошча Якуба Коласа» закрытая. Цягнікі на ёй не спыняліся, а людзей на станцыю не пускалі. Аб гэтым, у прыватнасці, паведаміў карыстальнік @123RaZoR321. У той жа час, на суседніх станцыях назіралася вялікая колькасць супрацоўнікаў міліцыі і амапаўцаў.

Праз паўгадзіны станцыя «Кастрычніцкая» таксама была закрытая. Каля ўваходу на яе стоўпіліся дзясяткі пасажыраў, якія не змаглі трапіць у метро. Перад гэтым у цэнтры горада пачуўся гучны гук сірэны.

Шмат хто звязвае перапалох, справакаваны міліцыяй, з вучэннямі «Захад -2013», якія пачаліся 22 верасня. Адна з заяўленых мэтаў беларуска-расейскіх манеўраў - барацьба з тэрарыстычнай пагрозай.

А 14:05 у Менскім метрапалітэне сайту charter97.org паведамілі, што не ведаюць пра прычыны праверак. «Мы да гэтага не маем ніякага дачынення», - сказала супрацоўніца. Праз гадзіну ў метро сказалі, што на станцыі «Плошча Якуба Коласа» была выяўленая безгаспадарная торба.

У аддзеле ўнутраных спраў Менскага метрапалітэна наогул адмовіліся каментаваць тое, што адбываецца.

А 16:51 аператыўны дзяжурны МНС сказаў сайту charter97.org, што «выбухованебяспечных прадметаў на станцыі «Плошча Якуба Коласа» не знойдзена». Пасля гэтага станцыю адкрылі для пасажыраў.

МНС і МУС толькі пасля 17:00 раскрылі прычыну перапалоху, учыненага ў метро. Высветлілася, прычынай гэтаму, сапраўды, сталі вучэнні.

«У метро праходзяць вучэнні», - паведаміла прэс-служба МНС.

«Вучэнні праходзяць ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных. Метро гэта пацвердзіла», - паведамілі ў МУС.

Нагадаем, пасля выбуху, што прагрымеў на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў 2011 годзе, міліцыя паабяцала ўзмацніць меры бяспекі ў метро. Пасажыраў з вялікімі сумкамі сталі выбарачна даглядаць. У пачатку гэтага года галоўны рэвізор бяспецы КУП «Менскі метрапалітэн» Аляксандр Салей паведаміў, што бліжэйшым часам на некаторых станцыях з'явяцца новыя комплексы для надгляду пасажыраў.

Напісаць каментар 143

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках