16 траўня 2024, Чацвер, 18:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускаму блогеру забаранілі пісаць пра Алімпіяду ў Сочы

13

Аргкамітэт XXII зімовых Алімпійскіх гульняў выказаў прэтэнзіі з-за выкарыстання сімволікі мерапрыемства.

Андрэй Міранчук вядзе ў інтэрнэце папулярны блог пра акцыі авіякампаній, і магчымасці танных падарожжаў па свеце. Яго праект vandrouki.by карыстаецца папулярнасцю - суполка ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» мае 11 тысяч падпісантаў, піша «Наша Нiва».

«Жыў ціхім і спакойным жыццём, пакуль мне даслалі пагрозу (або прапанову) аб тым, што раптам словазлучэнні «Зімовыя алімпійскія гульні» і «Сочы-2014» запатэнтаваныя ў Расеі, і я не маю права іх выкарыстоўваць на сайце», - кажа Андрэй Міранчук.

Не так даўно ў сваім блогу ён размясціў інфармацыю пра тое, што «Белавія», у адрозненне ад большасці авіякампаній свету, пакуль не ўзняла кошты на палёты ў Сочы падчас Алімпіяды. Матэрыял быў ілюстраваны эмблемай спартыўнага мерапрыемства.

Андрэй Міранчук атрымаў ліст ад імя Аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі «Арганізацыйны камітэт XXII Алімпійскіх зімовых гульняў у Сочы», дзе адзначаецца, што «права на такія назвы як «алімпійскі», «алімпіяда», «Сочы-2014», «olympic», «olympian»,«olympiad», «Sochy-2014» і вытворныя ад іх словазлучэнні, а таксама знак, факел, агонь, гімн, дэвіз і эмблема належаць Аргкамітэту «Сочы-2014» і Міжнароднаму алімпійскаму камітэту».

«Выкарыстанне алімпійскай і параалімпійскай сімволікі ў складзе даменнага імя, у кантэксце сайта і іншымі спосабамі, дапускаецца толькі пры ўмове заключэння адпаведнай дамовы з Міжнародным алімпійскім камітэтам і Аргкамітэтам «Сочы-2014», - заяўляюць аўтары ліста.

«Паколькі ў мяне не было жадання дзеля аднаго артыкула заключаць нейкія пагадненні, я выдаліў матэрыял, - кажа Андрэй Міранчук. - Яго мэтай было стымуляванне наведвання Алімпіяды грамадзянамі Беларусі. У будучыні я ні ў якім разе не буду пісаць пра Алімпіяду. Мы зробім усё магчымае, каб засцерагчы чытачоў блога ад наведвання Алімпіяды ў Сочы».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках