4 траўня 2024, Субота, 7:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя расейскія базы ў Беларусі?

138
Новыя расейскія базы ў Беларусі?

Расейскае войска можа паступова замяніць беларускае.

Пра гэта заявіў ваенны аналітык Аляксандр Алесін, каментуючы «Радыё Свабода» пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі ў Сочы.

«Гэта чарговая магчымасць нагадаць Расеі, што Беларусь - верны саюзнік, што на захадзе ёсць у яе перадавы плацдарм, і ў такой якасці Расея павінна свайго саюзніка ўмацоўваць. Цяпер сітуацыя па некаторых відах узбраення блізкая да крытычнай. Спісанне франтавых бамбавікоў Су-24, незразумелая сітуацыя са знішчальнікамі СУ-27», - лічыць Аляксандр Алесін.

Аналітык кажа, што такім чынам Узброеныя сілы Беларусі могуць пазбавіцца каля 50 самалётаў. Калі іх адразу спісаць, то рэзка памяншаецца не толькі ўдарная моц, але магчымасці перахопу паветраных мэтаў.

«Цяпер час прыняцця рашэнняў. Адзін з варыянтаў - пайсці па шляху замяшчэння беларускіх войскаў на тэрыторыі Беларусі расейскімі, як мы бачым на прыкладзе спробы стварэння авіябазы ў Лідзе. Далей знос войска будзе толькі нарастаць, войска будзе слабець.

Расея зацікаўленая ў тым, каб яе абарона не слабела. Таму альбо яна будзе ўмацоўваць беларускае войска, альбо будзе замяшчаць беларускае войска сваімі войскамі на нашай тэрыторыі. Таму ў перспектыве магчымае з'яўленне яшчэ некалькіх расейскіх баз на тэрыторыі Беларусі», - упэўнены ваенны эксперт.

У канцы жніўня на нарадзе з урадам Лукашэнка заявіў аб дадатковым фінансаванні першачарговых мерапрыемстваў па развіцці авіяцыі і СПА. Фарсіруючы беларуска-расейскае ваеннае супрацоўніцтва, ён запатрабаваў улічыць вынікі нядаўніх сустрэч і дамоўленасцяў з расейскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу і прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.

Пра планы размяшчэння авіябазы ў Беларусі міністр абароны суседняй краіны заявіў у Менску ў канцы красавіка.

«Мы пачынаем разгляд плана па стварэнні тут расейскай авіяцыйнай базы з самалётамі-знішчальнікамі. Спадзяемся, што ў 2015 годзе тут з'явіцца авіяцыйны полк, - сказаў тады Шайгу пасля сустрэчы з Лукашэнкам. - У 2013 годзе мы створым авіяцыйную камендатуру тут і паставім першае дзяжурнае звяно баявых знішчальнікаў».

Заява выклікала негатыўную рэакцыю заходніх суседзяў Беларусі, якія назвалі расейскія планы спробай парушыць ваенную раўнавагу ў рэгіёне. Беларуская апазіцыя абвінаваціла Лукашэнку ў парушэнні замацаванага Канстытуцыяй прынцыпу нейтралітэту краіны, а абывацелі, успомніўшы ўрокі Другой сусветнай, успудзіліся, не жадаючы стаць патэнцыйнымі ахвярамі першага ўдару.

Ужо праз тры дні пасля перамоваў з Шайгу беларускі кіраўнік пастараўся супакоіць страсці. «У якой форме? Мы будзем дамаўляцца - база гэта будзе ці мы ў існуючыя беларускія часткі паставім расейскія самалёты-знішчальнікі. Гэтае пытанне абмяркоўваецца», - сказаў тады Лукашэнка.

Пра лёс такіх перамоваў у Беларусі даведалiся з расейскіх СМІ, якім у канцы чэрвеня галоўнакамандуючы ВПС РФ генерал-лейтэнант Віктар Бондараў паведаміў, што расейская авіябаза размесціцца на ваенным аэрадроме ў заходне-беларускім горадзе Ліда і на ёй будуць дыслакаваныя мадыфікаваныя знішчальнікі Су-27СМ3.

Напісаць каментар 138

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках