9 траўня 2024, Чацвер, 13:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЭР Расеі: Беларусь чакае рэзкая дэвальвацыя

84
МЭР Расеі: Беларусь чакае рэзкая дэвальвацыя

Беларусі прадракаюць паўтор крызісу 2011 года з рэзкай дэвальвацыяй рубля.

Наступныя тры гады будуць няпростымі для партнёраў Расеі па Мытным саюзе і іншых бліжэйшых суседзяў. Скарачэнне попыту з боку ЕЗ і Расеі можа прывесці да з'яўлення сіндромаў крызісу ў Беларусі і ва Украіне, гаворыцца ў прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014-2016 гады, апублікаваным Мінэканамразвіцця РФ. Прагназуецца паслабленне спажывецкага буму, адток капіталу і моцнае паслабленне нацыянальных валют, піша «Інтэрфакс».

У Беларусі магчымы паўтор крызісу 2011 года з рэзкай дэвальвацыяй беларускага рубля ў 2014 годзе, лічаць аўтары прагнозу.

У цяперашні час асноўным фактарам росту беларускай эканомікі застаецца ўнутраны попыт (рост рознічнага тавараабароту ў першым паўгоддзі 2013 года на 19,2%, рэальных наяўных даходаў насельніцтва - на 20%).

«Высокія тэмпы росту ўнутранага попыту, выкліканыя пашырэннем крэдытавання і далейшым ростам заробкаў, павялічваюць рызыкі празмернага росту імпарту і далейшага пагаршэння знешніх пазіцый беларускай эканомікі, што патэнцыйна можа прывесці да паўтору крызісных працэсаў, якія мелі месца ў 2011 годзе», - гаворыцца ў прагнозе.

На фоне росту ўнутранага попыту, па дадзеных Мінэканамразвіцця, дэфіцыт бягучага рахунку ў першым квартале 2013 года пашырыўся да $2,4 млрд у параўнанні з дэфіцытам у памеры $1,8 млрд у чацвёртым квартале 2012 года. Чакаецца, што па выніках 2013 года дэфіцыт бягучага рахунку павялічыцца да $3 млрд (4,6% ВУП).

«Пашырэнне дэфіцыту па рахунку бягучых аперацый ва ўмовах адсутнасці ўстойлівых паступленняў фінансавання ў выглядзе прамых замежных інвестыцый або сродкаў, атрыманых ад прыватызацыі, будзе прыводзіць да неабходнасці павялічваць знешнія запазычанні, а таксама аказваць ціск на міжнародныя рэзервовыя актывы. Гэтыя тэндэнцыі ўжо прыводзяць да паступовага паслаблення курсу беларускага рубля і да росту дэвальвацыйных чаканняў», - прагназуе Мінэканамразвіцця.

У 2013 годзе абменны курс беларускага рубля можа знізіцца ў сярэднім на 14%. «Улічваючы негатыўныя ўмовы знешніх запазычанняў, а таксама пікавыя ўзроўні выплат па знешнім абавязку Беларусі, якія прыпадаюць на 2014-2015 гады, ужо ў 2014 годзе чакаецца далейшае зніжэнне кошту беларускага рубля, якое складзе парадку 37%», - прагназуе Мінэканамразвіцця. Пасля гэта павысіць канкурэнтаздольнасць беларускага экспарту ў 2014 годзе, што дазволіць скараціць дэфіцыт бягучага рахунку да $2,2 млрд. (3,7% ВУП).

Пры гэтым у Беларусі ў значнай ступені вычарпаны патэнцыял ўнутранага попыту. Рост рэальных наяўных даходаў насельніцтва пачне запавольвацца ўжо ў 2013 годзе, «а ў прагнозны перыяд (2014-2016 гады - ІФ) магчымая рэзкая карэкцыя росту даходаў і заробкаў». Зніжэнне кошту беларускага рубля прывядзе да росту інфляцыі (прагноз на 2013 год - 20-21%).

Захоўваецца невысокі знешні попыт з боку асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Па выніках 2013 года чакаецца скарачэнне экспарту тавараў у намінальным выражэнні на 13% (у першым паўгоддзі 2013 года экспарт беларускіх тавараў знізіўся на 22,3%).

«Моцны эфект на зніжэнне аб'ёмаў экспарту ў параўнанні з мінулым годам аказала актыўнае выкарыстанне шэрых схем экспарту нафтапрадуктаў у першым паўгоддзі 2012 года», - паведамляе Мінэканамразвіцця.

Аўтары прагнозу лічаць, што эканамічны рост Беларусі ў наступныя гады будзе крытычным чынам залежаць ад магчымасці фінансавання дэфіцыту плацёжнага балансу. «Ключавое значэнне набудзе магчымасць правядзення прыватызацыі», - гаворыцца ў прагнозе.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках