4 траўня 2024, Субота, 3:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Месяц польскай літаратуры ў Менску

Месяц польскай літаратуры ў Менску

Літаратурныя, музычныя і тэатральныя мерапрыемствы з удзелам польскіх пісьменнікаў, музыкаў і акцёраў пройдуць у беларускай сталіцы ў кастрычніку.

Яны арганізаваныя амбасадай Польшчы, Польскім інстытутам у Менску і выдавецтвам «Логвiнаў». У самой кнігарні «Логвiнаў» будзе адкрытая «Польская шафа» - паліца з польскімі кнігамі. Сярод іх будуць і выданні на беларускай мове.

Прэс-служба амбасады Польшчы распавяла пра іншыя мерапрыемствы, якія пройдуць на працягу кастрычніка.

У першы дзень месяца адбудзецца канцэрт Змітра Вайцюшкевіча, прысвечаны творчасці польскага паэта Рафала Ваячака. Ён адбудзецца ў кнігарні «Логвiнаў» у «Галерэі Ў» па адрасе праспект Незалежнасці, 37а . Пачатак - а 18:30, уваход вольны.

8 кастрычніка а 19:00 там жа пройдзе прэзентацыя кнігі аднаго з самых яскравых сучасных паэтаў Польшчы Рышарда Крыніцкага «Дакрануцца» з удзелам аўтара і перакладчыка Андрэя Хадановіча. Галерэя Ў (Незалежнасці 37а).

15 кастрычніка ў Інфармацыйна-выставачным цэнтры ЦНБ НАН Беларусі (вуліца Сурганава, 15, 1 паверх, пакой 110) адкрыецца кніжная выстава, прысвечаная жыццю і творчасці Юльяна Тувіма. У мерапрыемстве прымуць удзел даследчыкі творчасці паэта, літаратуразнаўцы і перакладчыкі. Пачатак - у 16:00.

22 кастрычніка адбудзецца тэатралізаваная прэзентацыя перакладу камедыйных п'ес драматурга Аляксандра Фрэдры «Помста» і «Дзявочыя абяцанні». На прэзентацыі акцёры Купалаўскага тэатра разыграюць некалькі ўрыўкаў з твораў драматурга. У мерапрыемстве прымаюць удзел перакладчыкі Андрэй Хадановіч і Марыя Мартысевіч. Вядучы - Лявон Баршчэўскі. Яно пройдзе на рэпетыцыйнай сцэне Купалаўскага тэатра (вуліца Энгельса 7). Пачатак а 18:00.

30 кастрычніка ў «Галерэі Ў» адбудзецца прэзентацыя кнігі Марка Эдэльмана і Паулы Савіцкай «У гета была і любоў» з удзелам рэдактара Інэсы Кур'ян, перакладчыкаў Веранікі Бандаровіч і Юрыя Барысевіча, прадстаўніц польскага яўрэйскага музея, а таксама аўтара ідыш-беларускага слоўніка Алеся Астравуха. Таксама пройдзе адкрыццё міні-фотавыставы «Боль. Шхоль» мастачкі Дзіны Даніловіч. Пачатак - а 19:00.

Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках