12 траўня 2024, Нядзеля, 12:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада бяспекі ААН прагаласавала за рэзалюцыю наконт Сірыі

6
Рада бяспекі ААН прагаласавала за рэзалюцыю наконт Сірыі

Дакумент асуджае прымяненне хімічнай зброі ў Сірыі, але не ўскладае віну ні на адну са старон канфлікту.

Рада Бяспекі ААН аднагалосна прагаласавала за прыняцце рэзалюцыі наконт хімічнай зброі ў Сірыі. Гэта першы юрыдычны дакумент наконт Сірыі з 2011 года, пасля таго, як у краіне пачалася грамадзянская вайна.

Тэкст дакумента чальцы Рады Бяспекі ўзгаднялі на працягу двух тыдняў. Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун назваў зацвярджэнне рэзалюцыі першай абнадзейлівай навіной для Сірыі за доўгі час, паведамляе BBC.

Рэзалюцыя абавязвае Сірыю знішчыць усе запасы хімічнай зброі, а таксама забяспечыць міжнародным інспектарам бесперашкодны доступ у краіну. Дакумент асуджае прымяненне хімічнай зброі ў Сірыі, але не ўскладае віну ні на адну са старон канфлікту.

Як заявіў пасля заканчэння галасавання кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў, прынятая рэзалюцыя стварае магчымасць для мірнага ўрэгулявання крызісу ў Сірыі. Раней выканаўчая рада Арганізацыі ў забароне хімічнай зброі ААН зацвердзіла план знішчэння сірыйскай хімічнай зброі.

Новая мірная канферэнцыя наконт Сірыі пройдзе ў сярэдзіне лістапада.

Расследаванне працягваецца

Тым часам інспектары ААН расследуюць абставіны сямі эпізодаў прымянення хімічнай зброі ў Сірыі, тры з якіх адбыліся пасля 21 жніўня, калі падзеі ў прыгарадзе Дамаска Гхуце пацягнулі за сабой пагрозы прымянення сілы супраць Сірыі.

Паводле заявы ААН, група інспектараў арганізацыі павінна завяршыць працу да панядзелка. Праз дзень пасля гэтага ў Дамаск павінна прыбыць асобная інспекцыйная група, задачай якой будзе абследаваць наяўныя ў Сірыі запасы хімічнай зброі.

Склад гэтай групы экспертаў Арганізацыі ў забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) павінен быць афіцыйна зацверджаны пазней.

Калі Сірыя адмовіцца ад выканання раней дасягнутай дамоўленасці для ліквідацыі хімічнай зброі, для ўвядзення санкцый у адпаведнасці з раздзелам VII Статута ААН, у тым ліку прымянення сілы, спатрэбіцца другая рэзалюцыя.

Неабмежаваны доступ

У заяве ААН гаворыцца, што яе інспекцыйная група на чале з Аке Селстромам прыбыла ў Сірыю ў другі раз 25 верасня ды спадзяецца завяршыць працу да 30 верасня.

Група працуе над усёабдымным дакладам паводле абставінаў сямі эпізодаў прымянення хімічнай зброі ў Сірыі, які павінен быць апублікаваны ў канцы кастрычніка.

У заяве ААН прыводзіцца спіс населеных пунктаў і дат гэтых эпізодаў:

Хан аль-АССА, 19 сакавіка

Шэйх Максуд, 13 красавіка

Саракіб, 29 красавіка

Гхута, 21 жніўня

Бахарые, 22 жніўня

Джабар, 24 жніўня

Ашраф Сахна, 25 жніўня

Хімічная атака ў прыгарадзе Дамаска Гхуце 21 жніўня пацягнула за сабой пагрозы прымянення сілы супраць Сірыі з боку ЗША і іх саюзнікаў.

Фота: Reuters

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках