16 траўня 2024, Чацвер, 1:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гамельчукі нелегальна адзначылі Новы год

64

Гарадскія ўлады забаранілі бавенні ў навагоднюю ноч.

Пра гэта за некалькі дзён да свята паведаміў аддзел ідэалагічнай працы, культуры і спраў моладзі гарвыканкама. Забарону тлумачылі «просьбай працоўных», якім тлумныя навагоднія дзеі нібыта перашкаджаюць спаць, перадае «Радыё Свабода».

Гэта, бадай, першая прыкметная ініцыятыва мясцовых улад пад кіраўніцтвам новага старшыні гарвыканкама Пятра Кірычэнкі і аб'яднанага аддзела ідэалагічнай працы гарвыканкама, які пасля рэфармавання ўключыў у сябе былыя аддзелы культуры і спраў моладзі.

Нягледзячы на забарону, пасля паўночы дзясяткі гараджанаў ўсё ж такі выйшлі да навагодняй яліны на галоўную плошчу. Густы туман стварыў фантастычнае відовішча. Месцічы, як прывіды, шпацыравалі навокал. У смузе чырвона-зялёная ілюмінацыя, якой аздобленая плошча Леніна з галоўнай ялінкай, набыла няпэўныя абрысы. У небе выбухалі петарды.

Металічныя бар'еры, якімі быў ачэплены пляц пад аховай міліцыянтаў, узмацнялі агульную атмасферу. У месцах двух праходаў стаялі байцы ОМОНа. Праглядалі торбы, нават у жанчын. Мужчынам загадалі ўзняць рукі ўгору і абмацвалі вопратку: шукалі бутэлькі, вострыя і рэзныя інструмэнты.

Праз гукаўзмацняльнікі запусцілі праграму гомельскага радыё - круцілі расейскую папсу, расказвалі пра Савецкі раён Гомеля.

Людзі раз-пораз ладзілі карагод вакол ялінкі або танцавалі невялікімі гурткамі на слізкім ад галалёду асфальце. На плошчы з'явіўся малады мужчына ў вопратцы Дзеда Мароза, а моладзь кінулася з ім фатаграфавацца.

Сярод удзельнікаў быў і малады гамяльчук Вячаслаў, які вельмі адмоўна паставіўся да забароны вулічных бавенняў:

«Новы год варты быць народным святам. Хто хоча яго святкаваць, павінен адпачываць. Вось гэтая агароджа, «зона», якую зрабілі вакол елкі, гэта няправільна. У нас нібыта дэмакратыя, свабода слова, а тут такое. Новы год для мяне звязаны з ўражаннямі дзяцінства, калі бацькі вадзілі мяне на плошчу. Ішлі ўсёй радзінай, разам з сваякамі. Мы палілі бенгальскія агні. Была весялосць. А цяпер такога няма».

Гомелька Алеся больш стрымана ставіцца да пастановы ўлад:

«Прыкра, вядома, але я не знэрвавалася. Я сустрэла Новы год у добрай грамадзе, з бацькамі, а цяпер прыйшла з сяброўкамі сюды. Хацелася б, каб былі танцы, конкурсы, сцэна з ансамблямі. Але кожны чалавек, я мяркую, стварае сабе свята сам».

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках