17 траўня 2024, Пятніца, 7:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Румянцаў: Першае слова на Марсе скажу па-беларуску

64

Беларускі ўдзельнік праекта Mars One распавёў, чаму хоча назаўжды паляцець з Зямлі.

На днях арганізатары палёту на чырвоную планету абвясцілі, што выбралі каля тысячы кандыдатаў з больш чым 150 тысяч заявак. Палёт у адзін бок запланаваны на 2024 год і будзе каштаваць каля 6 мільярдаў даляраў. На 2018 год запланаваны тэставы палёт беспілотнага модуля. Гэта прыватны праект, які заснаваў галандскі інвестар Бас Лансдарп, перадае «Радыё Свабода».

Міхал Румянцаў - адзін з пяці адабраных удзельнікаў з Беларусі - працуе вэб-распрацоўшчыкам у менскай фірме. Сам пра сябе распавядае, што любіць падарожнічаць і фатаграфаваць.

«Я цікаўлюся новымі тэхналогіямі, астрафізікай і касманаўтыкай. Калі я даведаўся аб гэтым праекце, то ў мяне амаль не было сумневаў. Я лічу, што калі і варта чаму прысвяціць сваё жыццё, то гэта павінна быць нешта вялікае», - тлумачыць хлопец.

Універсітэцкая адукацыя ў Міхаіла фізічная. Два гады ён працаваў інжынэрам на прадпрыемстве па размеркаванні. Зараз пайшоў у праграмісты.

Сярод галоўных сваіх пераваг называе як раз тэхнічны бэкграўнд. Што тычыцца фізічнай і псіхалагічнай падрыхтоўкі, то гатовы да таго, што патрабаванні будуць жорсткімі. На пытанне, ці даводзілася сутыкацца з экстрэмальнымі сітуацыямі ў жыцці, адказвае станоўча.

Михаил Румянцев: Первое слово на Марсе скажу по-белорусски. Фото: svaboda.org (RFE/RL)

«Мы жывем у такі час, калі вялікіх мэтаў не можа дасягнуць адзін чалавек. Цяпер усе найбуйнейшыя праекты - гэта вынік працы вялікай колькасці людзей, сапраўды зацікаўленых у мэце праекта. Гэта людзі, якія самааддана працуюць над канкрэтнай ідэяй», - кажа ён.

Каб сабраць неабходную для палёту суму, плануецца ператварыць яго ў маштабную піяр-акцыю. Напрыклад, падрыхтоўку каманд будуць трансляваць як рэаліці-шоў. Відавочна, такая ідэя прыцягне нямала грошай ад рэкламы, аднак ці хопіць іх на сам палёт, невядома. Міхаіл перакананы, што ініцыятары праекта ставяцца да справы з усёй адказнасцю, і калі прыйдзецца, гатовы ўдзельнічаць і ў рэаліці-шоў.

«Бізнес-мадэль Mars One заснавана на тым, што значная частка грошай будзе зарабляцца праз продаж правоў на трансляцыю. Цяпер ёсць даволі сур'ёзныя спонсары. Дасягнутыя дамоўленасці з сур'ёзнымі кампаніямі, якія супрацоўнічаюць з НАСА і маюць рэальныя касмічныя праекты», - кажа Міхаіл Румянцаў.

Адна з прэтэнзій да арганізатараў праекта - мала ўвагі і вопыту для таго, каб палёт прайшоў бяспечна. Да таго ж арганізатары не хаваюць: адправіць астранаўтаў яны могуць толькі ў адзін бок.

«Мяне б больш турбавала, калі б трэба было вярнуцца, - кажа Міхаіл. - Бо калі чалавек трапляе ва ўмовы нізкай гравітацыі, у арганізме адбываюцца незваротныя змены. Напрыклад, калі правесці некалькі гадоў на Марсе і вярнуцца на Зямлю, ты ўжо не можаш нармальна функцыянаваць. А да ўмоў на Марсе, я спадзяюся, можна адаптавацца».

Калі журналісты спыталі, што ён пакідае тут, на Зямлі, і ці не шкада ўсяго гэтага, то атрымалі нечаканы адказ.

«Я нічога не пакідаю. Усё, што са мной адбылося, яно са мной і застанецца. Я звычайна гляджу ў будучыню, і калі азіраюся назад, то спрабую зрабіць нейкія высновы... Я магу зваротнае пытанне паставіць: а ці не будзе мне шкада, што я ніколі не ўбачу Марс, не пабываю ў космасе», - сказаў ён.

Маці даведалася аб поспеху Міхаіла праз яго блог. Сама ідэя ёй не падабаецца. Блізкія спадзяюцца, што нічога не адбудзецца.

Михаил Румянцев: Первое слово на Марсе скажу по-белорусски. Фото: svaboda.org (RFE/RL)

Згодна з ідэяй праекта, у першай групе на Марс адправяцца чатыры астранаўта.

«На гэты праект трэба глядзець у кантэксце развіцця цывілізацыі і развіцця навукі, - тлумачыць Міхаіл. - Магчыма, менавіта знаходжанне гэтых чатырох чалавек грунтоўнай карысці Зямлі не прынясе, але гэта будзе важны крок у маральным плане. Калі гэта атрымаецца, то гэта будзе падзея накшталт адкрыцця Амерыкі Калумбам».

Міхаіл перакананы, што каланізацыя космасу згуляе важную ролю ў развіцці чалавецтва. Пра тое, з чым прыйдзецца сутыкнуцца, амаль нічога канкрэтнага сказаць не можа.

«Чакаюць вельмі складаныя ўмовы. Гэта будзе нават не жыццё на Марсе, гэта будзе выжыванне. Трэба будзе шмат працаваць у вельмі складаных умовах. На самой справе ў гэтым няма ніякай рамантыкі. Усё будзе вельмі складана і ва ўмовах рэальнай пагрозы для жыцця.

Я не магу сказаць, што на дадзеным этапе гэта сэнс жыцця. Але гэта тая мэта, якая дазваляе мне ісці да яе ў рэчышчы сваіх каштоўнасцяў. Я цалкам падтрымліваю саму ідэю, і яна мне вельмі падабаецца», - кажа ён.

Михаил Румянцев: Первое слово на Марсе скажу по-белорусски. Фото: svaboda.org (RFE/RL)

Натуральна, без пытання пра каштоўнасці не абышлося. Міхаіл адказвае, што адна з галоўных каштоўнасцяў для яго - гэта любоў.

«Гэта не абавязкова рамантычнае каханне, а любоў да жыцця ў цэлым, да чалавецтва. Імкненне да новага таксама вельмі важнае для мяне», - сказаў ён.

Міхаіл кажа, што не лічыць сябе рэлігійным чалавекам.

«Але я з павагай стаўлюся да людзей , якія жывуць з верай і ў адпаведнасці з маральнымі прынцыпамі сваёй рэлігіі. Ёсць і адваротны бок. Рэлігіі не толькі аб'ядноўваюць, але і раз'ядноўваюць. Я лічу, што такія праекты, як Mars One, здольныя аб'яднаць людзей з рознымі веравызнаннямі і палітычнымі поглядамі дзеля агульнай мэты», - падкрэсліў беларускі ўдзельнік праекта.

На заўвагу, што сярод пяці кандыдатаў з Беларусі Міхал Румянцаў, хутчэй за ўсё, адзіны беларускамоўны, ён адказаў:

«Мне заўсёды дзіўна, калі ў беларуса пытаюцца, чаму ён размаўляе па-беларуску. Увогуле мне ўсё роўна, на якой мове размаўляць, але сваім сябрам я ўжо паабяцаў, што першае слова на Марсе будзе па-беларуску».

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках