19 траўня 2024, Нядзеля, 13:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бульба ў Беларусі даражэе рэкорднымі тэмпамі

17
Бульба ў Беларусі даражэе рэкорднымі тэмпамі

У мінулым лістападзе ў параўнанні са снежнем 2012 года бульба падаражэла на 71,7 адсотка.

Пра праблему занадта дарагой бульбы ў краіне, дзе яна з'яўляецца ці ледзь не галоўным прадуктам, піша «Белорусская нива». «Дзе ж навар, калі ўвозім у краіну бульбу больш дарагую, чым прадаем яе за мяжу?!» - задае рытарычнае пытанне аўтар тэксту.

Пра свой вопыт вядзення бізнесу распавядае гаспадар самых вялікіх на Полаччыне бульбяных плантацый - дырэктар ААТ «Кушлікі» Фёдар Завадскі.

- Спецыялісты падлічылі, што, уклаўшы на гектар тысячу даляраў, трэба атрымліваць мінімум паўтары тысячы, каб бульба стала высокадаходнай культурай. Да гэтага выніку мы і імкнемся. Пакуль не ўсё атрымліваецца. Да 20 адсоткаў сабраных клубняў (бітых, дробных і з расколінамі) сыходзіць у некандыцыю. Больш за тысячу тон такой бульбы нам давялося сабе ў страту здаць Весялоўскаму крухмальнаму заводу па 350 рублёў за кілаграм, частку скармілі быдлу. Пры запланаваным на гэты год валавым зборы ў 10 тысяч тон у нас такой прадукцыі атрымаецца каля двух тысяч тон. Таму і плануем стварыць уласную вытворчасць па выпуску сухой бульбы, купіць якую ўжо сёння гатовы ў Мурманску, Цюмені і Таджыкістане.

Інфармацыя для разважання. У мінулым лістападзе ў параўнанні са снежнем 2012 года бульба падаражэла на 71,7 адсотка. На ўнутраным рынку вытворцы прадавалі клубні ў сярэднім па 3378 рублёў за кілаграм. У параўнанні з кастрычнікам кошт павялічыўся на 373 рубля. А напярэдадні Новага года ён на Камароўскім рынку наогул зашкальваў - ад 6 да 9 тысяч рублёў за кілаграм. Прычым не самай лепшай якасці.

Чаму бульба ў Беларусі даражэе такімі рэкорднымі тэмпамі? Адказ трэба шукаць у сітуацыі, якая склалася на ўнутраным і знешнім рынках. Першапачаткова адзначым, што мінулы год па кліматычных умовах, быў не зусім спрыяльным для культуры. Рэзкае зніжэнне вытворчасці клубняў у краіне тлумачыцца моцнай спякотай і дажджамі ў летні перыяд. У першых чыслах мінулага снежня Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі абнародавала папярэднія дадзеныя пра ўраджай бульбы, які склаў 1,1 мільёна тон, што на 26 адсоткаў менш, чым летась.

Сур'ёзна недаатрымалі і нашы суседзі: Расея і Украіна. У пяцёрцы галоўных вытворцаў бульбы Еўразвяза (ФРГ, Бельгіі, Францыі, Нідэрландах і Велікабрытаніі) аб'ёмы ўраджаю бульбы таксама былі больш чым на 5 адсоткаў ніжэй, чым сярэднегадавая вытворчасць у гэтых краінах за пяць гадоў.

Як і ў суседзяў, зніжэнне вытворчасці бульбы пацягнула за сабой павелічэнне кошту і ў Беларусі. Улічваючы дынаміку яе росту, варта, мабыць, прыслухацца да меркавання Фёдара Завадскага і ў першую чаргу забяспечыць прадукцыяй айчыннага спажыўца, каб не паўтарыць леташніх памылак. Нагадаем, што тады ў першым паўгоддзі мы прадалі за мяжу 41 тысячу тон другога хлеба на 8,5 мільёна даляраў, а завезлі 8,7 тысячы тон на 5,5 мільёна даляраў. Нескладана падлічыць, што айчынную бульбу прадавалі за мяжу па 207 даляраў за тону, а імпартную ўвозілі па 636 даляраў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках