12 траўня 2024, Нядзеля, 6:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітайцы пабудуюць другі тэхнапарк у Беларусі

29
Кітайцы пабудуюць другі тэхнапарк у Беларусі

Кітайскі індустрыйны парк плануецца стварыць у Гарадзенскай вобласці.

Адпаведныя намеры былі агучаныя сёння падчас сустрэчы кіраўніцтва вобласці з дэлегацыяй урада правінцыі Ганьсу Кітайскай Народнай Рэспублікі, паведамляе БелТА.

Для размяшчэння індустрыяльнага парку разглядаюцца вольныя пляцоўкі ў Шчучынскім і Ваўкавыскім раёнах, а таксама невыкарыстоўваныя вытворчыя плошчы дзейных гарадзенскіх прадпрыемстваў, у прыватнасці ААТ "Радыёхваля".

У часе сустрэчы намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Юрый Шулейка пацвердзіў цікавасць Гарадзенскай вобласці да будаўніцтва індустрыяльнага парку і запэўніў партнёраў у тым, што пад кітайскія прадпрыемствы вобласць выдасць патрэбныя зямлі, а таксама пры патрэбе дасць ільготныя ўмовы вядзення гаспадарчай дзейнасці, прадугледжаныя для рэзідэнтаў СЭЗ.

Гарадзенская вобласць зацікаўленая ў стварэнні супольных з Кітаем зборачных вытворчасцяў для вырабу як прамысловых вузлоў і агрэгатаў, так і малой сельгастэхнікі (тэхнікі для саду, агарода), побытавых і электрычных тавараў. "Мы гатовыя абмяркоўваць перспектывы арганізацыі вытворчасці кітайскай сельгастэхнікі ў Гарадзенскай вобласці і гарадзенскай сельгастэхнікі ў Ганьсу", - адзначыў намеснік старшыні.

Акрамя таго, Юрый Шулейка прапанаваў кітайскім партнёрам стварыць супольны лагістычны цэнтр, які мог бы спрыяць нарошчванню экспартна-імпартнага патэнцыялу двух рэгіёнаў. Для гэтага ёсць магчымасці на тэрыторыі Гарадзенскага аэрапорта, дзе ёсць вялікія плошчы для размяшчэння складскіх памяшканняў. Пытанні паставак у вобласць кітайскіх прадуктаў (рысу, гарбаты) і прадукцыі кітайскай лёгкай прамысловасці таксама актуальныя, мяркуюць у аблвыканкаме. Акрамя таго, у Кітай плануецца нарошчваць аб'ёмы экспарту сухога малака і дзіцячага харчавання, у канцы 2013 года ААТ "Беллакт " ужо адправіла пробныя партыі дзіцячага харчавання ў КНР. Прадстаўнік Гарадзенскага аддзялення гандлёва-прамысловай палаты прапанаваў ураду Ганьсу рэалізаваць у галіне інвестпраект для стварэння стала дзейнага выстаўнага цэнтра, у тым ліку і для правядзення выстаў-кірмашоў кітайскай прадукцыі.

У сваю чаргу міністр дэпартамэнта камерцыі ўрада правінцыі Ганьсу Ян Чжыву паведаміў, што ў рамках будучага індустрыяльнага парку можна развіваць супрацоўніцтва ў такіх актуальных для абодвух рэгіёнаў сфэрах, як перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, вытворчасць збожжа, машынабудаванне, выраб сельгастэхнікі ды інш. Кітайскія кампаніі гатовы як інвеставаць у вытворчасці, так і ствараць супольныя прадпрыемствы і вытворчасці. Ян Чжыву паведаміў таксама, што пры паспяховым узгадненні юрыдычных і заканадаўчых пытанняў кітайскія інвестары гатовы развязваць пытанні хутка. Так, даслоўна днямі пасля прапановы беларускага амбасадара была прынятая пастанова аб будаўніцтве ў Ганьсу прадпрыемства для вырабу беларускіх камбайнаў і трактараў, кантракт неўзабаве будзе падпісаны. На думку Яна Чжыву, трэба імкнуцца наладжваць наўпроставыя кантакты, больш актыўна абменьвацца дэлегацыямі прадпрыемстваў, у гандлёвых стасунках зніжаць прадстаўніцтва пасярэдніцкіх структур.

Ян Чжыву выказаў ахвоту як мага хутчэй стварыць у Гарадзенскім рэгіёне прадпрыемства для вырабу малой сельгастэхнікі.

Міністр паведаміў таксама, што камерцыйнае прадстаўніцтва правінцыі Ганьсу з мэтай развіцця ўсебаковых кантактаў будзе створанае ў Менску, аднак яго дзейнасць будзе накіраваная ў тым ліку і на развіццё эканамічнага партнёрства з Гарадзенскай вобласцю. Раней абмяркоўвалася магчымасць адкрыцця прадстаўніцтва ў Гародні.

Дэлегацыя ўрада Ганьсу ўжо другім разам за некалькі месяцаў наведвае Гарадзенскую вобласць. У яе складзе не толькі кіраўніцтва дэпартамэнта камэрцыі ўрада правінцыі, але і прадстаўнікі канкрэтных вытворчых і гандлёвых прадпрыемстваў і карпарацый. Падчас сустрэчы гаворка ішла пра тое, каб наладзіць наўпроставыя справовыя і гандлёвыя сувязі. З гэтай мэтай сёння ў Гародні адбудзецца кантактна-кааперацыйная біржа. 18 студзеня дэлегацыя правінцыі наведае Ваўкавыскі раён, дзе азнаёміцца з патэнцыйнай пляцоўкай для размяшчэння індустрыйнага парку на базе ААТ "Ваўкавыскі ДБАМ", а таксама Лідскі раён, дзе пабывае на прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках