26 красавiка 2024, Пятніца, 7:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы заклікалі АБСЕ рэагаваць на разгон дэманстрацый

6
Праваабаронцы заклікалі АБСЕ рэагаваць на разгон дэманстрацый

Апошнія тры гады праваабаронцы канстатуюць у рэгіёне АБСЕ бяздзейнасць міжнародных структур у пытанні рэагавання на масавыя пратэсты.

У гэтай сувязі Міжнародная грамадзянская ініцыятыва для АБСЕ заклікае заснаваць у рамках АБСЕ адмысловы механізм хуткага рэагавання на падобныя падзеі, паведамляе праваабарончая арганізацыя Lawtrend.

«У цяперашні час, увага многіх з нас зноў прыкаваная да Украіны, дзе на вуліцах Кіева адбываюцца сутыкненні. На жаль, апраўдваюцца горшыя сцэнары - пры практычнай бяздзейнасці міжнародных структур, у тым ліку АБСЕ, у мандат якіх па ідэі павінна ўваходзіць рэагаванне на падобныя сітуацыі. Высвятляецца, што асаблівых механізмаў рэагавання няма, ды і палітычнай волі для падобнага рэагавання - таксама.

За апошнія тры гады ў рэгіёне АБСЕ адбылося некалькі гвалтоўных разгонаў масавых публічных мерапрыемстваў, сярод іх - і тыя, што суправаджаліся сутыкненнямі паміж прысутнымі і сіламі паліцыі, а таксама масавымі затрыманнямі: у красавіку 2010 года ў Бішкеку, Кыргызстан; у снежні 2010 года ў Менску, Беларусь; у снежні 2011 года ў Жанаазене, Казахстан; у траўні 2012 года ў Маскве, Расея; у траўні-жніўні 2013 года ў Стамбуле і іншых гарадах Турцыі і, нарэшце, у дадзены момант у Кіеве, Украіна.

У выніку гэтых падзей узнікла вялікая колькасць пацярпелых, а ў некаторых выпадках - і ахвяр. Пытанне бяспекі грамадзян у апошнія гады ў рэгіёне АБСЕ звязана не толькі з ваенным супрацьстаяннем, але і з масавым ужываннем сілы ў адносінах да пратэстоўцаў альбо са сутыкненнямі паміж прысутнымі і сіламі правапарадку», - гаворыцца ў паведамленні.

Члены Міжнароднай грамадзянскай ініцыятывы для АБСЕ прапануюць заснаваць у рамках АБСЕ адмысловы механізм хуткага рэагавання на падобныя сітуацыі, які мог бы:

- збіраць групы назіральнікаў, як з ліку супрацоўнікаў і прадстаўнікоў міжнародных структур, так і з ліку экспертаў грамадзянскай супольнасці;

- арганізоўваць доўгатэрміновае назіранне за канфліктнымі і крызіснымі сітуацыямі;

- займацца медыяцыяй паміж рознымі бакамі канфлікту;

- выконваць іншыя функцыі, накіраваныя на зніжэнне негатыўных наступстваў і прадухіленне парушэнняў фундаментальных правоў і свабод чалавека ў падобных сітуацыях.

Такі механізм павінен запускацца на працягу 2-3 дзён і валодаць мандатам на хуткае разгортванне ў выпадку крызіснай сітуацыі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках