17 траўня 2024, Пятніца, 7:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ваўка з Уол-стрыт» не пакажуць у менскіх кінатэатрах

18
«Ваўка з Уол-стрыт» не пакажуць у менскіх кінатэатрах

Уручэнне кінапрэміі «Оскар» пройдзе ў Лос-Анджэлесе ўжо 2 сакавіка.

На званне лепшага фільма намінаваныя адразу некалькі нашумелых карцін: «Гравітацыя», «12 гадоў рабства», «Афёра па-амерыканску» і «Воўк з Уол-стрыт», піша «Інтэрфакс».

«Воўк з Уол-Стрыт» - чорная камедыя Марціна Скарсэзэ. Заснаваная на аўтабіяграфіі былога фінансавага брокера Джордана Белфарта. У канцы 1990-х ён правёў 22 месяцы ў турме паводле абвінавачванняў у махлярстве. Адыграў яго Леанарда ды Капрыа, які за гэтую ролю намінаваны на «Оскар» у дзвюх намінацыях: на лепшую мужчынскую ролю і ў якасці прадзюсара. Сама карціна вылучана на прэмію ў 5 намінацыях: «Лепшы фільм», «Лепшы рэжысёр», «Лепшая мужчынская роля», «Лепшая мужчынская роля другога плану», «Лепшы адаптаваны сцэнар».

Праўда, беларускім гледачам «Ваўка з Уол-Стрыт» на вялікім экране не пакажуць. У «Кінавідэапракаце» тлумачаць гэта тым, што прадпрыемства не змагло дамовіцца з праваўладальнікамі фільма.

- Мы сёння вымушаны перайсці на канвеерную сістэму пракату. То бок, гэта кароткія тэрміны пракату. І ўсе фільмы мы не можам узяць у пракат проста таму, што нам не хапае экраннага месца, гэта значыць колькасці залаў. Гэта дрэнна. Гэта і гледачоў нервуе, і праваўладальнікі незадаволеныя, - тлумачыць генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства «Кінавідэапракат» Васіль Коктыш. - Але з фільмам «Воўк з Уол-стрыт» мы былі пастаўлены ў такую сітуацыю, што з двух варыянтаў павінны былі выбіраць адзін - праваўладальнікі папрасілі іншыя фільмы зняць і паставіць толькі гэты. Мы на такое пайсці не можам. Таму фільм у кінатэатрах ісці не будзе.

Але з шасці намінаваных на «Оскар» фільмаў беларусы ў мінулым годзе ўжо ўбачылі ў кінатэатрах «Гравітацыю», «12 гадоў рабства» і «Капітана Філіпс». А ў гэтым годзе нам пакажуць «Афёру па-амерыканску», і, магчыма, карціну «Яна».

А вось «Даласкі клуб пакупнікоў» вырашылі не паказваць не па фінансавых прычынах - у «Кінавідэапракаце» мяркуюць, што фільм занадта дэпрэсіўны, а беларускаму гледачу трэба станоўчае кіно.

- Мы вельмі шмат думалі над пракатам гэтага фільма. Але справа ў тым, што фільмы мы бярэм на адзін тыдзень, а на тыдзень праваўладальнікі не жадаюць даваць. А на больш мы ўзяць не можам. Да таго ж, фільм вельмі дэпрэсіўны. А нам патрэбныя фільмы, як «Ёлкі-3», «Чэмпіёны». Гэтыя фільмы пазітыўныя і вельмі запатрабаваныя - перадпродажы шыкоўныя, - тлумачыць Васіль Коктыш. - «Даласкі клуб пакупнікоў» - гэта добры фільм і гледачы на яго знайшліся б. Але мы павінны былі выбіраць, ды і былі больш настроены паказаць «Цяжка быць Богам». Апошні - фільм-падзея, які выйдзе ў нас у пракат 27 лютага. А «Даласкі клуб пакупнікоў» мы, можа быць, пакажам пазней у кінатэатры «Перамога» ў рамках арт-хауса.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках