7 траўня 2024, aўторак, 7:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сем абласных цэнтраў Украіны ахопленыя паўстаннем (Відэа)

60

Людзі штурмуюць ці бяруць у аблогу адміністрацыйныя будынкі.

Чацвер 23 студзеня стаў новым этапам у супрацьстаянні паміж народам Украіны і яе цяперашняй уладай. Прычым галоўныя падзеі разгарнуліся не ў Кіеве, дзе было абвешчана перамір'е, а ў рэгіёнах. Як і чакалася, першай сваё слова сказала Заходняя Украіна. У Львове, Роўна і Цярнопалі на вуліцы выйшлі тысячы людзей. Яны правялі веча на цэнтральных плошчах, пасля чаго занялі будынкі абласных дзяржаўных адміністрацый. Гэты працэс прайшоў вельмі хутка і з мінімальным супрацівам з боку мясцовых праваахоўнікаў. Міліцыя ці ўвогуле не замінала, ці ж абмежавалася закрыццём дзвярэй у адміністрацыйныя будынкі, якія былі аператыўна выбітыя, паведамляе Цензор.НЕТ.

Зараз ў збунтаваных заходніх абласцях фармуюцца сотні самаабароны і будуюцца барыкады каля будынкаў АГА. Тут жа робяцца палявыя кухні.

Больш за паўтысячы чалавек сабраліся пад сценамі аблдзяржадміністрацыі ў Івана-Франкоўску на папераджальную забастоўку. Хвілінай маўчання яны ўшанавалі памяць загінулых у Кіеве «еўрамайданаўцаў». Міліцыянтаў, якія шчыльным колам ахоўвалі ўваход у адміністрацыі, прымусілі зняць галаўныя ўборы. Па патрабаванні мітынгоўцаў выйшаў губернатар. Але ні напісаць заяву аб адстаўцы, ні выйсці з Партыі рэгіёнаў, як яго прызвалі людзі, не пагадзіўся. Забастоўка доўжылася больш за 2 гадзіны. Пасля гэтага пратэстоўцы калонай рушылі па вуліцах горада.

У Цярнопалі плошчу Мастацтваў перайменавалі ў Плошчу Герояў Еўрамайдана. Так вырашылі гарадскія дэпутаты. Яны таксама звярнуліся да прэзідэнта з патрабаваннем адмяніць законы, прынятыя 16 студзеня. А гараджане тым часам чацвёрты дзень запар пікетуюць абласную міліцыю. Сёння высветліць, на чыім баку Цярнопальскія сілавікі, прыйшлі паэты і мастакі. Узнікла невялікая бойка, калі разгневаныя мітынгоўцы ўбачылі, што міліцыянт у цывільным усё фіксуе на камеру.

Вядучыя газеты Мелітопаля і Чарнаўцоў выйшлі з белымі палосамі. Такім чынам журналісты пратэстуюць супраць новых законаў, прынятых Вярхоўнай Радай і падпісаных прэзідэнтам. На месцы традыцыйных перадавіц выдання з Запарожжа захавалі толькі рэкламныя блокі. А букавінскія - лозунгі «Дыктатуры - не! Антыканстытуцыйныя законы не прызнаем». «Гэта не апошняя наша акцыя, мы плануем шэраг мерапрыемстваў, якія нам пад сілу, якія разам з іншымі СМІ будуць працягвацца да таго часу, пакуль гэтыя законы не будуць адмененыя», - паабяцаў галоўны рэдактар газеты «Молодой буковинец» Багдан Загайскі.

Белыя сцягі, замазаныя чырвонай фарбай, дзяржаўныя сцягі з жалобнымі стужкамі і фота загінулых на Грушэўскага шматсоценнай калонай дэманстранты пранеслі па вуліцах Луцка. Мітынгоўцы ішлі па тратуарах, стараючыся не перашкаджаць руху транспарту, рабілі кароткія прыпынкі ў людных месцах, паблізу будынкаў СБУ, пракуратуры і міліцыі. Сваю акцыю моладзь назвала маршам неабыякавых.

Раней паведамлялася, што ў шасці рэгіёнах пратэстоўцы ўзялі пад кантроль мясцовыя АГА. У Львове, Жытоміры, Роўна і Хмяльніцкім памяшканні былі захопленыя.

Львоў

У Жытоміры мясцовыя пратэстоўцы пайшлі на штурм аблдзяржадміністрацыі пасля таго, як дэпутаты не падтрымалі прапанову ўнесці ў парадак дня сесіі 23 студзеня пытанне аб грамадска-палітычнай сітуацыі ва Украіне. Пасля штурму дэпутаты перадумалі і ўключылі надзённае пытанне ў парадак дня: 76 галасоў «за».

У Роўна штурм АГА адбыўся пасля Народнага веча, праўда без вандалізму тут не абышлося - пратэстоўцы выбілі дзверы. Яны паставілі патрабаванне перад выконваючым абавязкі губернатара вобласці Анатолем Юхіменкам звязацца ў тэлефонным рэжыме з прэзідэнтам Віктарам Януковічам, каб той прыбраў байцоў «Беркута» і ўнутраныя войскі са сталіцы. Таксама актывісты патрабавалі, каб дэпутаты аблсавету правялі сёння пазачарговую сесію, а ўладу перадалі Народнай радзе.

Роўна

У Хмяльніцкім пратэстоўцы таксама захапілі будынак абласной дзяржаўнай адміністрацыі і забарыкадавалі ўезд на тэрыторыю памяшкання. Актывісты ўтварылі жывы калідор, праз які збіраюцца пускаць і выпускаць чыноўнікаў. Яшчэ 20 актывістаў заблакавалі пад'езды да будынка. Акрамя таго ў цэнтры горада аб'яўлена бестэрміновая акцыя.

Абураныя пратэстоўцы спрабавалі ўзяць штурмам і Палтаўскую АГА, аднак іх рашучасць змог спыніць мясцовы начальнік міліцыі Віталь Емец. Ён зняў шапку, каб ушанаваць хвілінай маўчання забітых актывістаў у Кіеве, і разам з усімі спяваў Гімн Украіны. Пасля гэтага пратэстоўцаў атрымалася адгаварыць ад далейшай эскалацыі канфлікту.

У Чаркасах пратэстоўцы прарваліся ў будынак АГА пасля недоўгачасовага штурму і агрэсіўнай абароны. Пасля прарыву праз дзверы было чуваць стрэл, паведамілі СМІ. Таксама ў будынку знаходзяцца людзі ў поўнай амуніцыі. Між тым актывістаў працягвалі заліваць вадой у мінусавую тэмпературу.

Чаркасы

Мітынгоўцы ў Цярнопалі захапілі будынак АГА. Некалькі тысяч чалавек больш за гадзіну штурмавалі памяшканні. Звонку ўваходныя дзверы блакавалі міліцыянты, а знутры ўваход блакаваў «Беркут». Людзі спачатку па адным выдзіралі міліцыянтаў, зрывалі з іх пагоны і перадавалі ў натоўп, а затым разбілі дзверы і прарваліся ўнутр. «Беркут» кінуўся наўцёкі.

Пратэсты супраць зрыву падпісання Пагаднення аб Асацыяцыі з ЕЗ ва Украіне працягваюцца ўжо больш за два месяцы. 22 студзеня адбыліся найбольш сур'ёзныя сутыкненні паміж прыхільнікамі апазіцыі і сілавікамі. На вуліцы Грушэўскага ў Кіеве пачалася чарговая жорсткая зачыстка дэманстрантаў. Спецназ і ўнутраныя войскі атакавалі барыкады, збудаваныя прысутнымі. Наступ суправаджаўся стрэламі. Сілавікі выйшлі за лінію згарэлых два дні таму аўтобусаў. Людзі спрабуюць уцячы, аднак міліцыянты іх даганялі і збівалі.

У выніку сутыкненняў, як мінімум, трое чалавек забітыя, некалькі сотняў атрымалі раненні. Дваіх дэманстрантаў, сярод якіх - беларус Міхаіл Жызнеўскі, застрэлілі сілавікі. Адзін з пратэстоўцаў зваліўся з каланады і памёр у рэанімацыі.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках