6 траўня 2024, панядзелак, 17:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кніга Анджэя Пачобута пра Беларусь стала бэстсэлерам у Польшчы

5
Кніга Анджэя Пачобута пра Беларусь стала бэстсэлерам у Польшчы

Гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут прадставіць сёння ў Гродна сваю польскамоўную кнігу «System Białorus».

За некалькі месяцаў большасць дзесяцітысячнага накладу разышлося ў Польшчы. Кнігу выпусціла выдавецтва «Helion», у ёй 248 старонак, паведамляе «Радыё Свабода».

Анджэй Пачобут - карэспандэнт «Gazety Wyborczej». Доўгі час ён апісвае для польскага чытача тое, што адбываецца ў Беларусі. І заўсёды абмежаваны рамкамі газетнага артыкула, прызнаецца ён. Але было жаданне апісаць больш падрабязна, што з сябе ўяўляе цяперашняя Беларусь. Цікавасць у Польшчы наша краіна выклікае тым, што грамадства тут трымаецца на іншых асновах ў параўнанні з заходнім дэмакратычным. Як функцыянуе беларуская дзяржава? Аўтар спрабуе ў гэтым разабрацца, таму такая назва - «Сістэма Беларусь», адзначае ён.

Звычайна польскія чытачы пытаюцца пра Беларусь: як здарылася, што такі чалавек, як Лукашэнка, стаў на чале краіны? Анджэй Пачобут піша пра яго шлях да ўлады.

Другое пытанне, якое задаюць палякі: якім чынам яму ўдаецца трымаць грамадства пад кантролем, чаму яму ўдаецца так доўга кіраваць? У кнізе апісваюцца механізмы гэтага, кажа журналіст.

Трэцяя частка выдання прысвечана таму, што думаюць самі беларусы пра ўмовы, у якіх жывуць.

Анджэй Пачобут адзначыў:

«Вельмі моцны інструмент, які мае ўладу, - гэта магчымасць пазбавіць чалавека працы. Хто трапляе ў канфлікт з уладай, той вельмі хутка разумее сілу гэтага аргументу: яго могуць выкінуць з працы, і ён нідзе не ўладкуецца. Нават не трэба саджаць у турму, дастаткова пазбавіць сродкаў для жыцця».

Важны падмурак улады - прапаганда, кажа журналіст:

«Шоў, якое арганізоўвае Лукашэнка. Ён тут як першаадкрывальнік на постсавецкай прасторы: селектарныя нарады, якія паказваюць у прамым эфіры, масавыя прэс-канферэнцыі, жывыя ўключэнні з рэгіёнаў, калі рабочыя задаюць пытанні. Зараз гэта выкарыстоўвае Пуцін. Гэтыя хады знайшоў інтуітыўна Лукашэнка, яны апынуліся вельмі дзейснымі».

І яшчэ ўлада трымаецца на страху людзей.

«Нельга сказаць, што Лукашэнка ровар вынайшаў. Але сістэма ў Беларусі ўнікальная, таму што яна ўжо не былая савецкая. У Лукашэнкі зараз большая ўлада, чым была ў першага сакратара ЦК або ў генеральнага сакратара КПСС. Іх абмяжоўвала, напрыклад, ідэалогія, апарат. У Беларусі ідэалогіі створана не было. Інакш трэба было б адказаць на шэраг пытанняў: хто такія беларусы, куды яны ідуць, якія ў іх мэты? Ідэалогія яго не абмяжоўвае. А апарат цалкам залежыць ад яго, ён прызначае кіраўнікоў выканкамаў, суддзяў», - кажа Пачобут.

Ён змяніў пад сябе постсавецкую сістэму, адзначае журналіст:

«Роля Лукашэнкі ў Беларусі вялізная. Яго асоба дамінуе. Людзі не ведаюць, хто там прэм'ер-міністр ці кіраўнік адміністрацыі. Ёсць Лукашэнка, і будзе так, як ён захоча».

«І нярэдка здараецца так, - кажа аўтар «Сістэмы Беларусь», - што мы атрымліваем сітуацыю, калі яго слова больш значаць, чым закон».

Анджэй Пачобут у 2011 і 2012 гадах быў прызнаны вінаватым у парушэнні артыкула Крымінальнага кодэкса «Паклёп на прэзідэнта». Журналісту прысудзілі тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. У сакавіку 2013 года справа была спыненая ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях журналіста складу злачынства.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках