7 траўня 2024, aўторак, 1:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У новых гатэлях Менска няма каму працаваць

30
У новых гатэлях Менска няма каму працаваць

Працаўнікоў для новых гатэляў, якія пабудуюць у беларускай сталіцы, не стае.

Бліжэйшым часам, да пачатку сакавіка, у Менску плануецца адчыніць адразу дзевяць камунальных гатэляў, у тым ліку гатэль «Беларусь» пасля рамонту. Гатэлі беларускай сталіцы, тым больш напярэдадні чэмпіянату свету ў хакеі, патрэбныя, але ёсць небяспека, што ў варунках дэфіцыту працоўных рэсурсаў у новых гатэлях будзе папросту няма каму працаваць.

Уводжаным у эксплуатацыю гатэлям патрабуецца блізу 1600 чалавек, у тым ліку пакаёўкі, слесары, сантэхнікі, сталяры, электрыкі, ліфцёры, кельнеры, бармэны, кухары, мыйнікі посуду, кухонныя рабочыя.

Цяпер праводзіцца чынны набор персаналу, у тым ліку з дапамогай сістэмы адзінага кароткага нумара 167, які пачаў дзейнічаць 24 студзеня, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».

У цэлым колькасць вакансій у Менску амаль у 16 разоў перасягае колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных у службе занятасці. Найбольш запатрабаваныя кіроўцы, будаўнікі, слесары, машыністы, электрамантажнікі і зваршчыкі. Сярод дэфіцытных спецыяльнасцяў таксама кантралёры-касіры, кандуктары, швачкі, кухары, кельнеры.

Першы намеснік начальніка ўправы бытавога і гатэльнага абслугоўвання насельніцтва Менгарвыканкама Юрый Натычка пацвердзіў, што праблема з наборам персаналу стаіць даволі востра. А развязаць яе спрабуюць з дапамогай новай сістэмы дабору персаналу.

«У сталіцы сфармаваная і запушчана ў дзеянне новая схема дабору персаналу гатэляў, - сказаў Юрый Натычка. - Гэта сістэма адзінага нумара. Яна простая: затэлефанаваўшы на кароткі нумар 167, патэнцыйны працаўнік зможа атрымаць прапановы аб працаўладкаванні ў шэраг гатэляў».

У першы дзень працы лініі, распавялі Naviny.by ў службе 167, тэлефанаванняў было досыць шмат. Збольшага тыя, хто тэлефанаваў, хацелі даведацца, у якіх гатэлях на тых альбо іншых спецыяльнасцях заплаты большыя. Пералік вакансій у гатэлях практычна аднолькавы, а вось заробкі сапраўды адрозніваюцца.

Напрыклад, у «Беларусі» пакаёўка можа зарабіць 3,5 млн рублёў, а ў «Вікторыі» - 4,5 млн рублёў. Прыбіральшчыкам вытворчых памяшканняў і прыбіральшчыкам тэрыторыі ў «Беларусі» прапаноўваюць 2,4 млн і 3,4 млн рублёў адпаведна, у «Вікторыі» заробак прыбіральшчыка тэрыторыі пачынаецца з 3,7 млн рублёў.

«У розных гатэлях розны ўзровень патрабаванняў да работнікаў. Праца аднолькавая, але памяшканні ў гатэлях розныя, розны інвентар для прыбірання. Таму і заплаты розныя», - патлумачыла супрацоўніца аддзела кадраў гатэля «Беларусь».

Гэты гатэль цяпер актыўна рыхтуецца да адкрыцця пасля рамонту і набірае супрацоўнікаў. Напрыклад, тут гатовыя прыняць больш за 30 пакаёвак, якім абяцаюць заробак пакрысе павялічваць. Патрэбныя таксама розныя працоўныя, у тым ліку кухонныя, работнікі грамадскага харчавання.

Праблема браку персаналу ў сфэры гатэльнага бізнэсу, мяркуюць у «Беларусі», стаіць пільна, але плануюць зрабіць усё магчымае, каб яе развязаць. Выкарыстоўваючы, у тым ліку, розныя варыянты працаўладкавання. У гатэлі не адмаўляюцца ад сумяшчальнікаў, студэнтаў і тых, каму патрэбная часовая праца.

Між тым спецыфіка працы персаналу гатэлю такая, што патрабуе пэўнага ўзроўню падрыхтоўкі і ўмення кантактаваць з людзьмі. Таму ёсць нацэленасць на сталых работнікаў.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках