6 траўня 2024, панядзелак, 21:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы вылічылі планеты, жыццё на якіх лепшае, чым на Зямлі

15
Навукоўцы вылічылі планеты, жыццё на якіх лепшае, чым на Зямлі

Планеты, прыдатныя для існавання жыцця, зусім неабавязкова павінны быць падобныя на Зямлю.

Пры гэтым умовы на іх могуць быць нават больш камфортнымі. Пры пошуку планет, прыдатных для жыцця, астраномы звычайна імкнуцца знайсці аб'екты, падобныя на Зямлю, адзначаюць Рэнэ Хелер з Універсітэта Макмастэра ў Гамільтане і Джон Армстронг з Дзяржаўнага універсітэта Вебера ў Огдэне, піша «Корреспондент».

«Аднак умовы на іншых планетах могуць быць нават больш адпаведнымі для зараджэння і развіцця жыцця. Акрамя планет, спадарожнікі таксама могуць быць населеныя», - пішуць аўтары артыкула.

Яны лічаць, што акрамя асноўнага параметру, які прымаюць пад увагу астраномы, - адлегласці ад планеты да зоркі, - ёсць і іншыя фактары, якія вызначаюць тэмпературу паверхні планеты. Адзін з іх - прыліўныя сілы, якія ўзнікаюць у выніку гравітацыйнага ўзаемадзеяння планеты і зоркі.

Гэтыя сілы расцягваюць і сціскаюць планету, якая рухаецца паводле выцягнутай арбіты, і дзякуючы гэтаму могуць значна награваць яе, падобна да таго, як гэта адбываецца са спадарожнікам Юпітэра Еўропай. Праўда навукоўцы адзначаюць, што ўплыў гэтых жа сіл паступова зробіць арбіту кругавой, таму планета павінна адчуваць дзеянне і іншых нябесных цел.

Акрамя таго, планеты крыху больш масіўныя, чым Зямля, таксама маюць перад ёй перавагі. У іх нетрах даўжэй ідзе тэктанічная актыўнасць, у іх мацнейшае магнітнае поле, якое абараняе планету ад высокаэнергетычнага выпраменьвання зоркі, больш тоўстая атмасфера і, праз больш гладкую паверхню, мяльчэйшыя акіяны.

Хелер і Армстронг таксама адзначаюць, што, аднойчы з'явіўшыся, жывыя арганізмы з часам спрыяюць паляпшэнню ўмоў на планеце. Таму аўтары артыкула мяркуюць, што такія планеты могуць быць знойдзеныя сярод доўгажывучых зорак, што ў памерах трохі большыя за Сонца. На іх ролю падыходзяць аранжавыя карлікі, такія як наш бліжэйшы сусед - альфа Цэнтаўра B, вакол якога кружляе планета з масай, блізкай да зямной.

Нагадаем, раней паведамлялася, што на Марсе былі выяўленыя сляды прыдатных для жыцця вадаёмаў.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках