3 траўня 2024, Пятніца, 5:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

450 гадоў таму беларусы разбілі маскавітаў пад Чашнікамі

52

Сярод самых доблесных бітваў у беларускай гісторыі, слаўных бітваў, якімі мы ганарымся - знакамітая бітва на рацэ Ула пад Чашнікамі.

Бітва адбылася 26 студзеня 1564, 450 гадоў таму. Гэтая бітва сарвала планы маскоўскай Русі ў замаху на незалежнасць нашай дзяржавы, піша interfax.by.

25 гадоў, з 1558 да 1583 гады, ішла вайна паміж Вялікім княствам Літоўскім, Лівоніяй, Польшчай і Швецыяй з аднаго боку, і Рускім царствам - з другога. Лівонскую вайну распачаў маскоўскі цар Іван IV Жахлівы - ён хацеў захапіць нашы землі і выйсці да Балтыйскага мора.

Захопнікі займалі беларускія гарады і вёскі, карныя атрады знішчалі мірных жыхароў. Захапілі Мсціслаў, Шклоў, Копысь, Оршу, Віцебск. На захопленых тэрыторыях уводзілі жорсткія акупацыйныя парадкі: сялян гналі на ўсход ці прымушалі цалаваць крыж на вернасць расейскаму цару і ваяваць супраць сваіх братоў. Заваёўнікі прынеслі з сабой чуму, якая з 1563 да 1567 касіла людзей. Але самай трагічнай старонкай у гісторыі стала страта ў 1563 Полацка - найбуйнейшага і найбагацейшага горада нашай краіны.

Два тыдні працягвалася абарона горада. Полацк быў спалены і знішчаны. Захопленую ў палон беларускую шляхту сагналі ў Маскву, каталіцкіх манахаў пасеклі, габрэяў, якія не пажадалі прыняць праваслаўе, утапілі ў Заходняй Дзвіне. У рукі да ворагаў трапіла бібліятэка Сафійскага сабору - менавіта тады Беларусь страціла Полацкі летапіс.

У пачатку 1564 Іван Жахлівы накіраваў дзве арміі на Менск і Навагрудак. Маскоўскі ваявода Пётр Шуйскі з 25-тысячным войскам рухаўся, быццам па сваёй зямлі, - дазоры наперад не адпраўляў, панцыры і зброю вёз на санях і за гэта быў жорстка пакараны.

Даведаўшыся аб прасоўванні непрыяцеля, вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды, які стаяў у Лукомлі, сабраў лепшых коннікаў і на беразе ракі Ула непадалёк ад горада Чашнікі (цяпер Віцебская вобласць) і раптоўна ўдарыў па ворагу. Стральцы не паспелі ні надзець браню, ні выстраіцца да бою. Сеча доўжылася пяць гадзін, а да вечара маскавіты пакінулі абоз і кінуліся на ўцёкі.

Нашы ваяры да глыбокай ночы пры месячным святле пераследавалі і дабівалі захопнікаў. Радзівілу дапамагалі мясцовыя жыхары. Просты селянін сякерай забіў самога ваяводу Пятра Шуйскага.

Ад куль, шабляў і копій на берагах Улы палегла 9 тысяч маскавітаў і столькі ж патанула.

Бліскучая перамога пры Уле сарвала планы царскіх ваяводаў паглыбіцца ў цэнтр Вялікага княства Літоўскага і прымусіла павярнуць свае палкі ад Воршы назад. Вайна набыла лакальны характар, але ваенныя дзеянні доўжыліся яшчэ доўга. Толькі пасля падпісання Люблінскай уніі з Польшчай войскі ВКЛ змаглі вызваліць Полацк, Чашнікі і іншыя беларускія гарады.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках