2 траўня 2024, Чацвер, 16:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Французскі мастак усталяваў на Майдане «мяцежную» скульптуру

2

Мармуровае тварэнне французскага вулічнага мастака Roti называецца «Новая Украіна».

Праца выкананая з мармуру і адлюстроўвае жанчыну, якая вынырвае з глыбіні. Адразу пасля яе ўсталёўкі, людзі не маглі да канца зразумець сэнс стварэння сюррэалістычнага мастака. Амерыканскае выданне «The Huffington Post» распавядае, як аўтар сам патлумачыў, што ён хацеў данесці да ўкраінцаў.

«Мяцежная» скульптура ўтрымлівае ў сваёй аснове вобраз украінскай жанчыны, якая выходзіць з вады, - гэта алегорыя бягучай рэвалюцыі. Вада - гэта грамадская прастора, а рабізна на ёй - гэта энергічны народны рух. Твар жанчыны сімвалізуе сілу і настойлівасць украінскага народа. Стварэннем працы аўтар спрабаваў натхніць дэманстрантаў, якія былі мабілізаваныя на працягу двух месяцаў», - піша «Новый регион».

Прыезд Roti ва Украіну для стварэння скульптуры быў ужо другім візітам у краіну. У верасні 2013 года ён наведаў «ГогальФэст», які праходзіў у Кіеве, дзе маляваў у кампаніі ўкраінскага і двух нямецкіх муралістаў (займаюцца манументальным жывапісам). Тады ён паабяцаў вярнуцца ва Украіну і не прымусіў сябе доўга чакаць.

З самага пачатку падзей на Майдане, якія мастак назіраў у СМІ і на Facebook, ён «адчуў моцнае жаданне вярнуцца».

«Пасля доўгіх разважанняў ён зразумеў, што неабходна нешта рабіць, - гаворыцца ў артыкуле «The Huffington Post». - Тады ён вырашыў распрацаваць канцэпцыю скульптуры і ўсталяваць яе. Цудам знайшоўшы ружовы мармуровы камень, Roti працаваў у Кіеве па 14-16 гадзін у суткі, займаючыся разьбой і паліроўкай. На 13-ы дзень тварэнне было завершана. Усталеўка адбылася ў дзень праваслаўнага Раства - 7 студзеня 2014 года».

Адзначым, што дазвол на ўсталёўку скульптуры ў Кіеве выбіць не атрымлівалася, аднак аўтар лічыць, што яго «Новая Украіна» - «больш, чым падарунак, гэта абвяшчэнне надзеі», і яна «можа пакінуць вечны след гэтага руху». На думку аўтара, хутчэй за ўсё, гэты камень будзе заставацца на працягу сотняў гадоў у якасці пастаяннага напаміну пра ўкраінскую рэвалюцыю.

Roti родам з Францыі, але яго працы ёсць у многіх краінах, у прыватнасці, у Італіі, ЗША і Іспаніі. Па словах мастака, у яго няма канкрэтнай музы, і свае малюнкі ён стварае пад уражаннем ад усяго, што яго акружае. Сюррэалістычныя тварэнні Roti адлюстроўваюць духоўны свет, нематэрыяльныя рэаліі, якія існуюць у свядомасці. У адрозненне ад сваіх калегаў - вулічных мастакоў графіці - працы француза ў сваёй большасці легальныя. Прычым, ільвіную долю з іх складаюць менавіта заказы. Найбольш частымі паверхнямі для малюнкаў з'яўляюцца сцены прыватных дамоў і грамадскіх збудаванняў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках