2 траўня 2024, Чацвер, 3:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянерка з-за аферыста страціла кватэру ў цэнтры Менска

63

Калі менчанка выслала віртуальнаму Джозэфу 80 тысяч даляраў, палкай дружбе прыйшоў канец.

- Хіба я магла падумаць, што мужчына, які сябе называе чалавекам Барака Абамы, носіць пагоны і абараняе гонар амерыканскага генерала ў Афганістане, можа падмануць? Я ж чалавек з вопытам, свабодна валодаю англійскай мовай, пабывала ў розных краінах і ўжо сапраўды думала, што ведаю гэта жыццё і разбіраюся ў людзях, - уздыхае 73-гадовая Ларыса Пятроўна. Трэба аддаць належнае: для сваіх гадоў пенсіянерка выглядае выдатна, зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, піша кнігі, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси».

Пенсионерка из-за Джозефа потеряла 80 тысяч долларов и квартиру в Минске.
Фото: из семейного архива

 

Год таму пасля цяжкай хваробы з жыцця пайшоў яе муж, у дарослых сыноў сваё жыццё, мабыць, таму Ларыса Пятроўна зацікавілася лістом амерыканца Джозэфа, які даслаў ёй пасланне на электронную пошту. Спачатку ён прасіў дапамагчы знайсці сваякоў у Беларусі, але мужчына апынуўся такім цікавым і начытаным суразмоўцам, што пенсіянерка і сама не заўважыла, як завязалася штодзённая перапіска. Яны, абодва захопленыя літаратурай, сталі пісаць раман пра тое, як амерыканскі генерал вырашыў ажаніцца на беларускай пісьменніцы. 56-гадовы Джозэф усё часцей і часцей стаў казаць пра сваю любоў да менчанкі і пераконваць, што розніца ва ўзросце не перашкода. Нават паабяцаў пераехаць жыць у Менск.

«Калі грошы скончыліся, заклала кватэру»

Гэта ўжо цяпер Ларыса Пятроўна ведае, што яе Джозэф, ён жа Рычард, Джордж, злавіў на сваю вуду не адну наіўную жанчыну ў Беларусі, Украіне і Расеі. Упершыню пра амерыканскага аферыста СМІ пісалі восенню 2012 года, тады жанчына са Смаргоні выслала замежнаму жаніху 3200 даляраў. А пасля публікацыі каля 20 жанчын даведаліся ў амерыканскім генерале свайго каханага. Джозэф-Рычард-Джордж піша палымяныя лісты па адным і тым жа сцэнары. Ён забяспечаны амерыканскі ваенны, разумны, эрудыяваны, вельмі марыць пасля службы ў Афганістане пераехаць жыць да каханай і ненагляднай. Стварыць моцную сям'ю, а яго багацце забяспечыць ім шчаслівую і бесклапотную старасць. Ну і хто ад такой прапановы адмовіцца? Жанчыны закахаліся ў прыгожыя фатаграфіі, а потым гублялі розум ад палымяных прамоў.

Але перапіска ператваралася ў сапраўдную любоўную прыгоду і дэтэктыў, калі аферыст нечакана «знаходзіў скарб». Вось і Ларыса Пятроўна павінна была яго атрымаць, аднак узнік фарс-мажор. Пасылка затрымалася на мытні, трэба тэрмінова перавесці грошы.

- І пайшлі бясконцыя пераводы. Калі ўсе мае зберажэнні скончыліся, я захвалявалася. Напісала пра гэта Джозэфу, але ён супакоіў, выслаў ксеракопію пашпарта, запэўніў, што ўсе верне. Але 25 тысяч даляраў было мала, тады я вырашыла закласці сваю двухпакаёвую кватэру ў цэнтры Менска, - працягвае распавядаць Ларыса Пятроўна. - Дырэктар аднаго ламбарда пагадзіўся дапамагчы. Мы аформілі дамову закладу ў майго знаёмага натарыўса, у якой было пазначана, што дырэктар ламбарда мне дае 55 тысяч даляраў на месяц, затым я вяртаю яму гэтую суму, а ён мне кватэру. А на самой справе выйшла, што мне далі на подпіс дамову куплі-продажу. Калі месяц прайшоў, стала зразумела, што Джозэф не збіраецца вяртаць грошы, а дырэктар ламбарда стаў патрабаваць 55 тысяч даляраў. Да таго ж ён выставіў мне адсоткі - два мільярды рублёў! Аказваецца, у дамове былі прапісаныя гэтыя адсоткі, але гэтыя пункты дамовы ён мне проста не даў пачытаць. Па дамове я павінна была вярнуць грошы 6 красавіка, пазычыла патрэбную суму ў знаёмых, і ўжо 17 красавіка гатовая была аддаць 55 тысяч даляраў. Праўда, калі паехала да дзяржаўнага натарыўса запэўніць факт вяртання грошай, яна катэгарычна адмовілася гэта рабіць. Cказала, што дамова пазыкі складзеная з жахлівымі памылкамі, адмяніць яе немагчыма.

Кватэра сышла за 55 тысяч даляраў, хоць каштуе 180

Ларысе Пятроўне так тэрмінова патрэбныя былі грошы, што дамову скрупулёзна яна не чытала. А адным з пунктаў значылася, што ў выпадку незвароту грошай кватэра па дамове куплі-продажу адыходзіць ламбарду. Зараз Антон, дырэктар ламбарда, новы гаспадар двухпакаёвай кватэры ў гістарычным доме. Ён ужо пераехаў у новае жыллё з сям'ёй. Змяніў дзверы, аформіў на сябе кватэру. Сітуацыя яшчэ пагаршаецца тым, што Антон і Ларыса Пятроўна да таго ж цяпер жывуць у адным пад'ездзе. Толькі пенсіянерка перабралася зараз у кватэру сына: аказваецца, у сям'і было дзве кватэры ў адным доме.

- Я бачу, як Антон ставіць свой аўтамабіль пад акном, як па раніцах выходзіць на мой балкон. Вядома, гэта катаванне, - кажа сталічная пенсіянерка. - Па маёй заяве на кватэру быў накладзены арышт. І цяпер у нас ідуць суды. Я даводжу, што мяне ўвялі ў зман. Хто ў цвярозым розуме прадасць кватэру за 55 тысяч даляраў, калі яе рынкавы кошт 180? І ўжо калі я хацела б яе прадаць, то пайшла б ў агенцтва нерухомасці, а не ў ламбард. Гэты прадпрымальнік проста скарыстаўся маёй юрыдычнай непісьменнасцю. Аднойчы ён прапанаваў мне выставіць кватэру на продаж, але дзе гарантыя, што яе не купяць яго падстаўныя асобы? Усе яго прапановы не выклікаюць ніякага даверу, калі б Антон хацеў усе вырашыць мірна, то не выставіў бы ўмовы, па якіх мне забаронена карыстацца дыктафонам і паслугамі адваката.

Антон таксама падаў у суд на пенсіянерку, і іх суды доўжацца не адзін месяц.

Менчанка ўпэўненая: гэта яна стала ахвярай махляра, а новы ўладальнік кватэры лічыць, што махлярка - гэта Ларыса Пятроўна. Дарэчы, з заявай у суд звярнуліся таксама сыны пенсіянеркі. Яны настойваюць, што іх правы, як нашчадкаў, ушчэмленыя. А сама жанчына запэўнівае - яе ўвялі ў зман.

«Купіць кватэру за бесцань - не злачынства»

- Не трэба забывацца, што Ларыса Пятроўна дацэнт, лінгвіст, чалавек з выдатнай учэпістай памяццю, памятае многія падрабязнасці. Яна скрупулёзна вывучыла дамову, тым больш што сустракаліся мы не адзін раз. Цяпер я лічу, што кватэру Ларыса Пятроўна прадавала па ашуканскай схеме: спецыяльна прынізіла кошт, схавала інфармацыю пра нашчадкаў, каб у далейшым прызнаць дамову куплі-продажу несапраўднай. І відавочна, што сваіх грошай я не аддам. Што можна ўзяць з пенсіянера? - тлумачыць Антон, дырэктар ламбарда.

- Вас не збянтэжыла, што кватэра ў цэнтры горада каштуе 55 тысяч даляраў?

- Калі гаворка ідзе аб тэрміновым выкупе, то гэта заўсёды значна ніжэй рынкавага кошту. Да таго ж купіць кватэру танней - гэта не злачынства. Ларысу Пятроўну ніхто не прымушаў падпісваць дакументы. Заўважце, не я яе павёз да свайго натарыўса, а яна мяне да свайго. У мяне ёсць дакументы, якія пацвярджаюць: пасля таго як судовыя цяжбы пачаліся і пенсіянерка абвінаваціла нейкага Джозэфа і мяне ў махлярстве, яна зноў выслала кудысьці 11 тысяч даляраў. І скажыце мне, як гэта называецца? Для мяне дзіўна, што сям'я Ларысы Пятроўны не спрабуе заключыць міравое пагадненне. Бо пасля яе смерці ўсе даўгі дастануцца яе сынам, і яны ніколі са мной не разлічацца.

Дырэктар ламбарда запэўнівае, што ўсяго перадаў Ларысе Пятроўне 110 тысяч даляраў, хоць жанчына гэта адмаўляе. Міліцыя з-за адсутнасці складу злачынства не стала распачынаць крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара ламбарда. А ў пенсіянеркі засталася апошняя надзея - суд, дзе цяпер аспрэчваецца дамова пазыкі. Нескладана здагадацца, што пасля гэтай гісторыі, менчанка страціла і палымянага сябра Джозэфа, і грошы, і кватэру, і сыноў. Зараз Ларыса Пятроўна вымушаная жыць на пенсію і верыць, што калі-небудзь зможа вярнуць сабе двухпакаёвую кватэру.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках