2 траўня 2024, Чацвер, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідар прафсаюза на бабруйскім заводзе адмяніў галадоўку

1
Лідар прафсаюза на бабруйскім заводзе адмяніў галадоўку

Адміністрацыя прадпрыемства нечакана пагадзілася на перамовы з Міхаілам Кавальковым.

Актывіст звязвае гэту падзею з прыездам у Менск місіі Міжнароднай арганізацыі працы.

Нагадаем, старшыня першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага работнікаў Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаіл Кавалькоў меў намер 27 студзеня абвясціць галадоўку ў выпадку невыканання яго патрабаванняў, піша praca-by.info.

Актывіст накіраваў адкрыты ліст адміністрацыі прадпрыемства, міністру прамысловасці, міністру працы і сацыяльнай абароны і старшыні Бабруйскага гарвыканкама.

Кавалькоў запатрабаваў спыніць пераследы работнікаў за прыналежнасць да СПБ і ўступіць у перамовы з прафсаюзнай пяршоўкай па выпрацоўцы і заключэнню калектыўнай дамовы. У ліку патрабаванняў лідара пяршоўкі - забеспячэнне яму бесперашкоднага доступу на прадпрыемства. З 28 сакавіка 2013 года па загадзе дырэктара яму ў чарговы раз заблакавалі пропуск.

Сустрэча Кавалькова з намеснікам дырэктара завода па кадрах і сацыяльнаму развіццю і ідэалагічнай працы Уладзімірам Елісеенкам адбылася ў пятніцу.

- Усе праблемы, якія я закранаў у сваім лісце, адміністрацыя прадпрыемства паабяцала абмеркаваць, - распавёў Міхаіл Кавалькоў. - Елісеенка паабяцаў, што будзем працаваць і наладжваць адносіны ў рамках сацыяльнага партнёрства.

Прафсаюзны лідар мяркуе, што пайсці на дыялог адміністрацыю завода магло прымусіць указанне, якое паступіла з Мінпрацы, Мінпрама або ФПБ.

- Я атрымаў адказ на свой зварот з Бабруйскага гарвыканкама. У лісце гаворыцца, што агучаныя мной пытанні не ў кампетэнцыі гарадскіх органаў улады. Гарвыканкам звярнуўся да наймальніка з просьбай урэгуляваць канфлікт, - дадаў суразмоўца.

Міхаіл Кавалькоў асцерагаецца, што на дыялог з ім адміністрацыя завода пайшла ў сувязі з прыездам у Менск місіі Міжнароднай арганізацыі працы.

- Інфармацыю аб гэтай сустрэчы кіраўніцтва тут жа размясціла на завадскім сайце, - кажа ён. - Праз тыдзень, калі з'язджае кантактная місія МАП, сітуацыя можа змяніцца. Я буду рады, калі мае падазрэнні не апраўдаюцца. Калі гэта іх добрая воля - урэгуляваць канфлікт, то мы адкрытыя для дыялогу з адміністрацыяй завода.

Пачатак трохбаковых перамоваў з удзелам Міхаіла Кавалькова запланаваны на бліжэйшыя дні.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках