2 траўня 2024, Чацвер, 15:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Размова з вельмі ганарлівым рэвалюцыянерам

10
Размова з вельмі ганарлівым рэвалюцыянерам

Сярод пастаянных жыхароў Майдана ёсць адзін, якога запамінаеш практычна адразу.

Невысокі, з кучаравымі валасамі, у акулярах, з упэўненым і некалькі іранічным выразам пакрытага сажай твару, ён перасоўваецца ў сучаснай электрычнай інваліднай калясцы, на якой прымацаваная таблічка «Юлій Цэзар». Ён заўсёды ў цэнтры падзей. Заўсёды бадзёры і таварыскі. Плошчу без яго ўявіць немагчыма, піша ўкраінскае выданне «Дзень».

- Хто вы, адкуль?

- Мяне клічуць Юрый, я жыву ў Еўпаторыі. Еўпаторыя - гэта Крым. Прыехаў сюды па справах. Павінен быў прабыць тут некалькі дзён - застаўся амаль на два месяцы. Разам з хлопцамі я штодня выходжу на барыкады. Учора выходзіў, пералез праз усе барыкады і дабраўся да самога «Беркута», з воку на вока. Сам падпалкоўнік прыйшоў, паціснуў мне руку. Ён быў у шоку, вядома, нейкі хлапчук, інвалід першай групы, на калясцы пераадольвае ўсе барыкады, чорны, як негр. Падпалкоўнік быў у шоку, уся «беркутня» здзівілася.

- Навошта вы да іх пайшлі?

- А каб даказаць, што людзі розныя бываюць. Нават інваліды, такія як я, гонар маюць. Пералез без амуніцыі, без шлема туды. Я ведаў, што яны могуць і застрэліць мяне, ну...

- А чаму вы наважылі застацца на Майдане?

- Першы раз я застаўся прынамсі праз іх (паказвае на сваіх юных спадарожнікаў) - Моладзь стаіць, а я што? Я моладзь паважаю. А потым, калі пачалі біць студэнтаў 30 чысла, я наважыў да канца застацца. Так, мне таксама цяжка, не памыцца, не адпачыць нармальна, але калі-небудзь усё сканчаецца. Я думаю, мы ўсё ж такі выйграем. Адлучым ад улады Януковіча і ўсю гэтую банду.

- А што вас падтрымлівае?

- Гонар. Я думаю, мой гонар і сіла волі.

- Па сутнасці, усё ваша жыццё - барацьба.

- Не ведаю, я ўжо прывык.

- Вам часта даводзілася пераадольваць прадузятасць у дачыненні да да вас, як да інваліда?

- Так, вядома.

- Вам колькі гадоў?

- 31.

- Вось за гэты час - наколькі вы памятаеце - як змянілася стаўленне да людзей з абмежаванымі магчымасцямі? Стала лягчэй?

- Не, усё па-старому. Моладзь не паважае нікога, не шкадуе нікога. Ні інвалідаў, нікога. Ім напляваць. Але я ўчора пералез, кажу маладым: «Хадзем, чаго вы баіцеся, ніхто вас не кране. «Забаяліся»! Адзін толькі дарослы чалавек, журналіст пералез. Я яму: «Хадзем са мной, нічога не будзе». Ён мне даверыўся і прайшоў са мной. Ёсць відэа, фота...

- Адкуль у вас такая каляска?

- Мне адзін вельмі добры сябар падарыў, жыве ў Сімферопалі. Дай бог яму здароўя.

- А чаму Юлій Цэзар?

- (З усмешкай). Мне падабаецца фільм.

- Які?

- Той, што больш стары (экранізацыя трагедыі Шэкспіра, 1953, рэжысёр - Джозэф Манкевіч).

- Ці любіце кіно?

- Так, я фанат фільмаў. Асабліва гістарычных.

- Я кінакрытык паводле асноўнай спецыяльнасці.

- Калі б вы са мной спаборнічалі, вы б памерлі раней за мяне. Я б вас пераканаў усё роўна.

- Нават не асмельваюся вам пярэчыць.

- Скажыце, як вас завуць?

- Зміцер.

- Дзмітрый, вось самі скажыце мне: хто меў самую вялікую армію ў свеце?

- Найбольшае войска ў свеце?

- Так. Гістарычна.

- Магчыма, Тамерлан?

- Не.

- Чынгізхан?

- Не. Войска ў яго было, вядома, вялікае, але найбольшае - меў Аляксандр Македонскі. 2,5 мільёна чалавек. Ён прайшоў паўсвету. І ў яго стратэгія была вельмі добрая. Вось паводле ягонай стратэгіі я б захапіў «Беркут». Спакойна.

- Гэта цікава. У вас, напэўна, загінуў палкаводзец.

- А побач стаіць мой добры сябар. Учора мы пасварыліся, але, я думаю, больш сварыцца не будзем. Ён мне дапамагае, дай бог яму здароўя.

- Пра што вы марыце?

- Не ведаю.

- Чым усё гэта скончыцца, як вы думаеце?

- Зразумей мяне правільна: тое, што я ўбачыў тут - здзек над маладымі - гэта ўжо мяжа. Але людзі не здадуцца. Калі здадуцца - будзе поўная ж... усіх перасаджаюць. Усіх пагалоўна.

- Будзем спадзявацца, што пераможам.

- Да канца трэба стаяць. Цалкам да канца!

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках