18 траўня 2024, Субота, 15:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За смерць пацыенткі «Экамедсэрвіс» выплаціць больш за Br1 мільярд

41
За смерць пацыенткі «Экамедсэрвіс» выплаціць больш за Br1 мільярд

Суд пастанавіў спагнаць з «Экамедсэрвіса» больш за 1 мільярд рублёў за смерць пацыенткі Юліі Кубаравай.

«Судом Кастрычніцкага раёна Менска пастаноўлена спагнаць з СТАА «Экамедсэрвіс-Медыцынскі цэнтр» на карысць Юрыя Кубарава і Алы Кубаравай грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 500 мільёнаў кожнаму», - паведаміла ў пятніцу прэс-служба Вярхоўнага суда Беларусі, перадае «Інтэрфакс».

Таксама пастаноўлена спагнаць з «Экамедсэрвіса» на карысць бацькоў загінулай дзяўчыны «ў кошт пакрыцця матэрыяльнай шкоды, нанесенай злачынствам, 29 778 500, працэсуальныя выдаткі ў памеры 45 200 000, а ўсяго - 74 978 500», праінфармавалі ў прэс-службе.

У даход дзяржавы суд пастанавіў спагнаць з СТАА «Экамедсэрвіс - Медыцынскі цэнтр» дзяржаўную пошліну ў памеры 2 228 925, адзначылі там.

«На маёмасць, якая знаходзіцца пад арыштам і належыць СТАА «Экамедсэрвіс-Медыцынскі цэнтр», звярнуць спагнанне пры прымусовым выкананні прысуду ў частцы грамадзянскага пазову», - паведамілі ў прэс-службе Вярхоўнага суда.

Там удакладнілі, што лекар анестэзіёлаг-рэаніматолаг Аляксандр Шураў прызнаны вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, і на падставе ч. 2 арт. 162 Крымінальнага кодэкса прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады з пазбаўленнем права займацца медыцынскай дзейнасцю на тэрмін 5 гадоў з адбываннем асноўнага пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення.

Галоўны інжынер Вадзім Ліхута прызнаны вінаватым у неналежным выкананні службовай асобай сваіх службовых абавязкаў з прычыны нядобрасумленнага і нядбайнага стаўлення да службы, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, і на падставе арт. 428 Крымінальнага кодэкса прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з правядзеннем юрыдычна значных дзеянняў, у медыцынскіх установах на тэрмін 5 гадоў з адбываннем асноўнага пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення, паведамілі ў Вярхоўным судзе.

Былы галоўны лекар, гендырэктар «Экамедсэрвіса» Галіна Валжанкіна прызнана вінаватай у неналежным выкананні службовай асобай сваіх службовых абавязкаў з прычыны нядобрасумленнага і нядбайнага стаўлення да службы, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, і на падставе арт. 428 Крымінальнага кодэкса прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 2 гады без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў, паведамілі ў Вярхоўным судзе.

«Прысуд можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Менскі гарадскі суд праз суд Кастрычніцкага раёна Менска на працягу дзесяці сутак з дня абвяшчэння», - удакладнілі ў прэс-службе Вярхоўнага суда.

26 сакавіка 2013 года 25-гадовая жыхарка Гродна Юлія Кубарава не прыйшла ў прытомнасць пасля пластычнай аперацыі па карэкцыі формы носа ў менскім камерцыйным медцэнтры «Экамедсэрвіс». Праз чатыры тыдні пацыентка, перанакіраваная з «Экамедсэрвіса» ў 4-ю гарадскую клінічную бальніцу, памерла.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках