19 траўня 2024, Нядзеля, 8:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Вінярскі: Еўрамайдан да смерці напалохаў Лукашэнку

39
Максім Вінярскі: Еўрамайдан да смерці напалохаў Лукашэнку

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» выйшаў на свабоду пасля арышту за салідарнасць з Украінай.

Максім Вінярскі быў затрыманы 19 снежня на плошчы Незалежнасці ў Менску. Ён, а таксама грамадская актывістка Наталля Гарачка ставілі свечкі ля Чырвонага касцёла ў памяць аб падзеях 19 снежня 2010 года. Іх даставілі ў РУУС Маскоўскага раёна.

«Мы ўсталявалі запаленыя свечкі ля помніка Леніну ў гадавіну разгону Плошчы. Калі мы ўжо збіраліся сыходзіць, нас заўважылі супрацоўнікі міліцыі. Пры затрыманні яны сказалі, што, хутчэй за ўсё, мы будзем вызваленыя праз пару гадзін. Нас даставілі ў РУУС Маскоўскага раёна, дзе ўзялі тлумачэнні. Што цікава, супрацоўнікі міліцыі і па дарозе ў РУУС і пазней вельмі цікавіліся тым, што адбываецца ва Украіне, распытвалі пра Еўрамайдан, пра тое, ці праўда, што там сабраліся сотні тысяч чалавек. Многія цікавіліся, наколькі гэта сур'ёзна, ці будзе вынік з акцый пратэсту ў Кіеве.

Праз некаторы час Наталлю Гарачку вызвалілі. Мне таксама сказалі ісці ў дзяжурную частку, каб забраць свае рэчы. Аднак там мяне ўжо чакалі супрацоўнікі РУУС Цэнтральнага раёна. Яны пасадзілі мяне ў аўтамабіль і паехалі. Калі я спытаў пра тое, куды мяне вязуць, мне адказалі: «Паездзім трохі, знойдзем добрае месца, там цябе і закапаем», - распавёў Максім Вінярскі ў інтэрв'ю сайту charter97.org.

Каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёну, дзе раней - яшчэ ў сярэдзіне снежня - быў складзены пратакол. Яго абвінавачвалі ў несанкцыянаваным пікетаванні амбасады Украіны, якое адбылося 30 лістапада.

На наступны дзень, 20 снежня, суддзя Вікторыя Шабуня прызнала Максіма Вінярскага вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП і пакарала яго да 15 дзён арышту.

«Калі я сказаў, што ўжо атрымаў позву паводле гэтай справы на 27 снежня, мне адказалі, што ўсё адно працэс пройдзе сёння. Потым супрацоўнікі міліцыі казалі мне, што калі б не Еўрамайдан, то я б мог адкараскацца меншым тэрмінам і сустрэць Новы год дома», - сказаў Максім Вінярскі.

Ён адзначыў, што адразу пасля прыбыцця ў ЦІП на вуліцы Акрэсціна папярэдзіў пра галадоўку, пра якую абвясціў яшчэ ў будынку суда адразу пасля заканчэння працэсу. На наступны дзень Максім Вінярскі напісаў заяву на імя начальніка турмы Юрыя Сакалоўскага. У ім ён таксама паведаміў пра галадоўку. Нягледзячы на гэта, падчас сустрэчы з актывістам начальнік ЦІП сказаў, што «нічога не ведае пра галадоўку і ведаць не хоча».

«Я ў прысутнасці сведак-сукамернікаў напісаў яшчэ дзве заявы. У адной я зноў паведаміў пра галадоўку, а ў другой - пра тое, што ў камеры дрэннае асвятленне. Я таксама запатрабаваў сказаць мне нумар, пад якім яны былі зарэгістраваныя. Аднак і гэта патрабаванне, і скарга на асвятленне былі праігнараваныя», - сказаў Максім Вінярскі.

Актывіст адзначыў, што парадкі ў турме на Акрэсціна сталі больш жорсткімі.

«Цяпер умовы ўтрымання ў ЦІП практычна не адрозніваюцца ад умоў у ІЧУ. Мабыць, паўплывала тое, што ён знаходзіцца побач. Адзінае адрозненне - у тым, што можна сядзець і ляжаць на ложках днём. Асобныя супрацоўнікі ўстановы ставяцца да зняволеных проста як да быдла. Некалькі разоў падчас праверак ахоўнікі патрабавалі, каб я аддаваў ім «рапарт» у якасці «дзяжурнага па камеры». Калі я адмаўляўся, мне пагражалі карцэрам ці іншымі мерамі спагнання», - сказаў ён.

Актывіст падзякаваў усіх людзей, якія адправілі яму паштоўкі з навагоднімі віншаваннямі.

«Некаторыя лісты перадалі да 31 снежня, некаторыя - пасля. На адной з паштовак была навагодняя елка, на шматлікіх - карцінкі з каляднымі сюжэтамі. Дзякуючы ім, у нас у камеры атрымалася стварыць адносна святочны настрой. Таксама мне ўдалося абмяняцца парай слоў з Аляксандрам Францкевічам. Мы павіншавалі адзін аднаго са святамі падчас прагулкі».

Начальнік турмы адмовіўся выдаць Максіму Вінярскаму даведку аб тым, што ён адбыў 15 сутак, прапанаваўшы зайсці за ёй пазней. Прычыны такога ўчынку актывіст растлумачыць не змог, сказаўшы, што папярэдзіў ахоўнікаў за дзень пра тое, што яны абавязаны яму выдаць гэты дакумент.

Максім Вінярскі ўпэўнены, што яго адправілі сустракаць Новы год за краты не столькі праз акцыі ля амбасады Украіны, колькі праз выступ на Еўрамайдане у Дзень беларускай салідарнасці 16 снежня.

«Міліцыянты далі зразумець, што яны ведаюць пра тое, што актывісты «Еўрапейскай Беларусі» там былі і выступалі. Лукашэнка, як і ўсе дыктатары, баіцца салідарнасці, у тым ліку - міжнароднай. Еўрамайдан - адзін з лепшых яе прыкладаў. У акцыях пратэсту ў Кіеве бяруць удзел не толькі ўкраінцы. Там былі сотні беларусаў, рускіх, татараў, грузінаў. Яны змагаюцца за еўрапейскую будучыню не толькі Украіны, але і сваіх краін. Таму беларускія ўлады да смерці баяцца Еўрамайдана і так востра рэагуюць на падтрымку яго ўдзельнікамі палітвязняў у нашай краіне», - сказаў Максім Вінярскі.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках