7 траўня 2024, aўторак, 2:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму Масква баіцца прызначыць кіраўніком БПЦ беларуса

56
Чаму Масква баіцца прызначыць кіраўніком БПЦ беларуса

Ужо больш за 20 гадоў на пасаду кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы не прызначаюць беларуса.

Праваслаўныя беларусы сустрэлі Раство з новым мітрапалітам Паўлам з расейскай Разані. Ранейшы мітрапаліт Філарэт, які больш за 20 гадоў кіраваў праваслаўнай царквой у Беларусі, два тыдні таму пайшоў на заслужаны адпачынак. У сувязі з тым, што Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) цалкам залежыць ад Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) і мае статус экзархата, Масква накіравала ў Менск новага чалавека. Нягледзячы на тое, што многія беларускія святары спадзяваліся, што новым мітрапалітам стане карэнны беларус, патрыярх Кірыл вырашыў інакш і ў чарговы раз падкрэсліў залежнасць БПЦ ад Масквы, піша газета Rzeczpospolita (пераклад - charter97.org).

Як і яго папярэднік, новаабраны мітрапаліт Павел (Георгій Панамароў) не з'яўляецца беларусам і ніколі ў Беларусі не жыў. Да гэтага ён выконваў функцыі мітрапаліта Разанскага і Міхайлаўскага.

Ён вядомы сваімі скандальнымі выказваннямі на тэму «каляровых» рэвалюцый і заходняга ўмяшання ва ўнутраныя справы Расеі. Каментуючы два гады таму пратэсты, звязаныя з парламенцкімі выбарамі ў Расеі, мітрапаліт Павел заявіў, што расейская апазіцыя звязаная з заходнімі спецслужбамі і папярэдзіў Захад аб магчымасці «другога Чарнобыля». «У Расеі цяпер існуе вялікая колькасць сродкаў масавага знішчэння, у нас ёсць і атамная, і бактэрыялагічная зброя. Калі наш народ будуць заганяць у кут, нам нічога не застанецца, як адкрыць кранік чарнобыльскі» - казаў мітрапаліт Павел журналістам. Запіс скандальнай заявы прадстаўніка духавенства з'явіўся ў сетцы яшчэ ў снежні 2011 года.

Журналісты вярнуліся да гэтага роліка, калі Павел стаў на чале БПЦ. У першым інтэрв'ю беларускаму дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ новы мітрапаліт звярнуў увагу на сітуацыю ў Лівіі і Егіпце. «Паглядзіце, чым заканчваюцца заходнія каштоўнасці ў гэтых краінах. І ці каштоўнасці гэта наогул?» - радсумаваў святар.

Многія беларускія эксперты сцвярджаюць, што прызначэнне этнічнага рускага на пасаду беларускага мітрапаліта ні што іншае, як неаімперская экспансія. «Масква не хацела рызыкаваць, ставячы на чале БПЦ беларуса, так як гэты чалавек не быў бы бясспрэчна адданым. Маскоўскі патрыярхат мае сумны вопыт ва Украіне, дзе праваслаўная царква стала на бок еўрапейскай інтэграцыі» - лічыць палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

На думку эксперта, палітыкай РПЦ не задаволены нават Лукашэнка, які шматкроць называў праваслаўную царкву «галоўным ідэолагам краіны». «У пэўны момант Лукашэнка зразумеў, што пашырэнне ўплыву рускай царквы на беларускае грамадства ўяўляе пагрозу яго ўладзе» - дадаў палітолаг.

Амаль паўгода таму беларускі кіраўнік дэманстратыўна адмовіўся ад удзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах у сталіцы Украіны з нагоды 1025-годдзя хрышчэння Кіеўскай Русі. Тады некаторыя расейскія эксперты сцвярджалі, што падставай для адмовы былі неразуменні паміж Лукашэнкам і Маскоўскім патрыярхатам наконт кіраўніцтва ў БПЦ. Сёння сітуацыя нечакана змянілася. Адбыўся цікавы збег абставінаў: у момант, калі патрыярх Кірыл прызначыў на пасаду беларускага мітрапаліта грамадзяніна Расеі, Крэмль выдзеліў Беларусі двухмільярдны крэдыт на падтрымку эканомікі.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках