2 траўня 2024, Чацвер, 21:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Медыкі дамагліся абяцання падняць заробкі

53
Медыкі дамагліся абяцання падняць заробкі

Даплаты медработнікам Менска, у тым ліку супрацоўнікам «хуткай дапамогі», у 2014 годзе абяцаюць павялічыць.

Пра гэта паведамілі ў камітэце па ахове здароўя Менгарвыканкама, піша БелТА. Такая мера падтрымкі разглядалася на сесіі Менскага гарадскога Савета «дэпутатаў» у снежні 2013 года і зараз праходзіць працэдуру ўзгаднення.

У камітэце па ахове здароўя адзначылі, што ўсім супрацоўнікам службы хуткай медыцынскай дапамогі, якія працуюць па кантракце, устаноўленая штомесячная надбаўка да службовага акладу ў памеры 50%. У 2014 годзе яна будзе павялічаная. У прыватнасці, даплата лекарам і фельчарам, якія выязджаюць па выкліку самастойна, будзе павялічаная да 6,5 базавай велічыні.

У камітэце па ахове здароўя таксама адзначылі, што ствараецца камісія, якая разгледзіць пытанні, выкладзеныя ў звароце медработнікаў ў адрас адміністрацыі Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Гэты зварот быў накіраваны 3 студзеня.

Нагадаем, подпісы пад петыцыяй работнікаў «хуткай дапамогі» да Лукашэнкі і міністра аховы здароўя Васіля Жарко збіраліся на інтэрнэт-пляцоўцы change.org. За два дні петыцыю, аўтары якой патрабавалі прадаставіць дадатковыя гарантыі медыцынскім работнікам, падпісала звыш пяці тысяч чалавек.

Аўтары звароту дамагаліся прыняцця закона «Аб хуткай медыцынскай дапамозе» і прапаноўвалі павысіць аклады работнікам «хуткай дапамогі» мінімум удвая. Таксама яны патрабавалі, каб у заканадаўстве з'явіліся палажэнні аб забеспячэнні бяспекі медыцынскіх работнікаў, аб жыллёвых гарантыях, пенсійным забеспячэнні, страхаванні медыкаў ад няшчасных выпадкаў на працы на суму, якая можа пакрыць паўнавартаснае лячэнне, рэабілітацыю або шкоду сваякам у выпадку смерці медработніка.

У ліку патрабаванняў таксама была забарона на працу, калі медык апынуўся адзін у брыгадзе, узмацненне адказнасці ў выпадку нападу на работнікаў хуткай медыцынскай дапамогі падчас выканання імі абавязкаў і стварэнне ў рэгіёнах навучальных баз для адпрацоўкі практычных навыкаў.

Акрамя таго, ініцыятары звароту апошнія дні актыўна збіралі подпісы непасрэдна сярод работнікаў сталічнай службы «хуткай дапамогі». Таксама збор подпісаў прайшоў у Брэсце і Баранавічах.

Увечары 7 студзеня петыцыя была закрытая без тлумачэння прычын. Перад закрыццём доступу да петыцыі ініцыятар кампаніі Аляксей Іпатаў пакінуў там паведамленне: «На жаль, мы вымушаныя закрыць петыцыю. Дзякуй, што падтрымлівалі нас».

8 студзеня прадстаўнікі камітэта па ахове здароўя і станцыі хуткай меддапамогі сустрэліся з ініцыятарамі збору подпісаў, а Віталь Агеенка, які быў адным з арганізатараў звароту медыкаў, быў адпраўлены ў адпачынак за свой кошт. Пра гэта паведамілі ў чацвер у дыспетчарскай службе 4-й падстанцыі хуткай меддапамогі Менска.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках