18 траўня 2024, Субота, 11:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пакаранне журналістаў за прадукцыю СМІ юрыдычна неабгрунтавана

3
Пакаранне журналістаў за прадукцыю СМІ юрыдычна неабгрунтавана

Адвакатка Аляксандра Буракова, аштрафаванага 8 кастрычніка, ацаніла працэс і абвінавачванні ў адрас фрылансера.

У Беларусі некалькі журналістаў асуджаныя за «незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі». Адвакат Кацярына Пятровіч, якая брала ўдзел у судовай абароне магілёўскага фрылансера Аляксандра Буракова, аштрафаванага 8 кастрычніка за публікацыю ягонага артыкула на сайце Deutsche Welle, мяркуе падобныя абвінавачванні неабгрунтаванымі з юрыдычнага пункту гледжання.

- Наколькі законныя прэтэнзіі суда да Аляксандра Буракова і іншых беларускіх фрылансераў, чые матэрыялы публікуюцца ў замежных СМІ?

- Для мяне гэта не першая справа, дзе я выступала абаронцам журналістаў, якіх абвінавачвалі ў вырабе незаконнай інфармацыйнай прадукцыі. Неаднаразова я казала пра гэта ў судах. І яшчэ раз падкрэсліваю, што журналіст не павінен падпадаць пад пакаранне паводле гэтага артыкула Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КоАП 22.9 частка 2), паколькі адказнасць згодна з законам павінны несці толькі юрыдычныя асобы і ўстановы.

У «Законе аб СМІ Рэспублікі Беларусь» ёсць спасылка на тое, чым з'яўляецца прадукцыя СМІ. Гэта канчатковы прадукт, які даводзіцца да агульнага ведама шляхам размяшчэння на сайце, паказу праз ТВ або радыёперадачу. Журналіст жа рыхтуе першасны матэрыял. А распаўсюджваннем і вырабам канчатковай прадукцыі, згодна з законам, займаецца юрыдычная асоба, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі.

Гэта значыць, толькі юрыдычныя асобы могуць адрэдагаваць і размясціць матэрыял, напрыклад, у інтэрнэце. Таму, з юрыдычнага пункту гледжання, прад'яўленне абвінавачванняў журналістам у такіх дзеяннях, як «незаконны выраб прадукцыі СМІ», уважаю неабгрунтаваным.

- Аляксандру Буракову прад'яўляліся таксама прэтэнзіі ў сувязі з працай на замежнае СМІ без адпаведнай акрэдытацыі, але гэтага абвінавачванні няма ў пастанове суда аб выплаце штрафу. Чаму?

- Першапачаткова пытанне аб акрэдытацыі фігуравала ў кожнай з адміністрацыйных спраў, у тым ліку і ў справе Буракова. Накіроўваўся запыт у МЗС Беларусі, акрэдытаваны журналіст ці не. Калі адказ быў адмоўным, рабілася выснова, што матэрыял СМІ зроблены незаконна. Дзейнічае логіка, у якой няма тлумачэння, што такое выраб і распаўсюд прадукцыі.

Абвінавачванні ў адсутнасці акрэдытацыі ў пастанове суду сапраўды няма, таму што заканадаўствам Беларусі не прадугледжанае адміністрацыйная адказнасць за такую дзейнасць. Таму раней іншым журналістам пракуратура выносіла толькі папярэджанні, нават за паўторныя выпадкі.

Адказнасць жа надыходзіць толькі для журналістаў, якія працуюць у замежных сродках масавай інфармацыі, а таксама для саміх СМІ за працу без акрэдытацыі. Але для гэтага трэба яшчэ даводзіць працоўную сувязь журналіста з замежнымі СМІ, а такіх дакументальных пацверджанняў падчас расследавання не было выяўлена.

І ўвогуле, калі раскладваць адміністрацыйныя працэсы па пунктах, то не было прыведзена ніякіх канкрэтных довадаў віны кожнага з аштрафаваных журналістаў. Напрыклад, у справе Аляксандра Буракова была праведзеная кампутарная экспертыза, якая нібыта давяла, што ён напісаў артыкул, за які яго аштрафавалі. Але ў ягоным кампутары не было выяўлена ні аднаго файла, які б цалкам адпавядаў тэксту апублікаванага артыкула на DW. Ёсць пытанні і да працэсуальнага патрабавання заканадаўства, да таго, хто выдаваў санкцыю на правядзенне ператрусу, таму ёсць несупадзенні подпісаў службовых асоб.

- Аляксандр Буракоў заявіў, што збіраецца абскардзіць пастанову Магілёўскага суда пра штраф.

- З усіх асуджаных журналістаў на яго накладзены самы вялікі штраф у пастаўленым у віну адміністрацыйным артыкуле і заведзеная самая вялікая справа - 120 старонак, у той час як такія ж справы складаюць звычайна старонак 30-40. У справе Буракова фігуруе 142 матэрыялы, падпісаных ягоным імем і апублікаваных на сайце DW.

Пры гэтым у яго не было ні аднаго папярэджання ні з МЗС, ні ад пракуратуры за незаконную дзейнасць. Не прыцягваўся ён і да адміністрацыйнай адказнасці. Але, як паказвае практыка з папярэдніх справаў, ні адна з пастаноў у падобных абвінавачваннях так і не была скававаная.

Суды таксама не даюць ацэнкі довадаў адваката аб праве на атрыманне і распаўсюд інфармацыі паводле канстытуцыі, пра неабходнасць захоўваць свабоду слова ў адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога з'яўляецца Беларусь. Але я думаю, што чалавек павінен вычарпаць усе магчымыя спосабы абароны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках