18 траўня 2024, Субота, 19:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Foreign Policy: Інцыдэнт з падлодкай - сігнал NАТО і краінам Балтыі

5
Foreign Policy: Інцыдэнт з падлодкай - сігнал NАТО і краінам Балтыі

Масква ўпершыню з уварвання ў Крым падрыхтавала Захаду сур'ёзны экзамен на рашучасць.

Праўда, дэталі ўрыўкавыя, а сітуацыя ўсё яшчэ развіваецца, але тры не звязаныя паміж сабой аповеды надзейных відавочцаў і фота, дзе захаваная нейкая цёмная канструкцыя, якая апускаецца ў неглыбокія вады Балтыйскага мора, пацвярджаюць прысутнасць замежнай падлодкі ці міні-падлодкі прыкладна ў 30 мілях ад Стакгольма. Калі гэта сапраўды здарылася, можна казаць пра значную эскалацыю напружанасці ў раёне Балтыйскага мора, піша выданне Foreign Policy (пераклад - Инопресса.ру).

Ёсць таксама паведамленні аб расейскім кантэйнеравозе, які затрымаўся каля тэрытарыяльных вод Швецыі. Аналітыкі выказалі гіпотэзу, што гэты карабель - плывучая база субмарыны. У адказ Швецыя пачала адну з найбуйнейшых за некалькі дзясяткаў гадоў ваенную аперацыю, шукаючы меркаваную падлодку і яе экіпаж.

Урад Швецыі пакуль у дакладнасці не пацвердзіў, хто стаіць за гэтай "замежнай падводнай актыўнасцю". "Але відавочны падазроны - Масква", - пішуць аўтары, нагадваючы, што ў разгар халоднай вайны воды ля берагоў Швецыі былі "любімай гульнявой пляцоўкай для дзеянняў савецкіх падлодак".

Сёння пагроза зыходзіць ад "рэваншысцкай Расеі Уладзіміра Пуціна, якая адраджаецца", гаворыцца ў артыкуле. Падзеі мінулых выходных - нешта выключнае, але разам з астатнімі краінамі Балтыйскага мора Швецыя ў апошнія некалькі гадоў назірае абвастрэнне варожых паводзін Расеі, якая нарошчвае агрэсіўныя манеўры на сушы, у паветры, на моры і ў кіберпрасторы.

Павялічылася таксама пагроза гібрыднай вайны з боку Расеі, асабліва ў краінах Балтыі, мяркуюць аўтары. "Адзін з яе буйных элементаў - інфармацыйная вайна ці прамая прапаганда", - гаворыцца ў артыкуле. "Расея нарошчвае намаганні, імкнучыся паўплываць на ўвесь паўночнаеўрапейскі Балтыйскі рэгіён", - рэзюмуюць аўтары.

Гэты абарот падзей трывожыць NАТО. Некалькі экспэртаў мяркуюць, што краіны Балтыі - наступны рэгіён, які Пуцін, магчыма, паспрабуе дэстабілізаваць.

Што можа зрабіць NАТO? Пераканаўчасць альянсу грунтуецца на яго здольнасці выконваць артыкул статута аб калектыўнай абароне, пішуць аўтары.

У верасні чальцы NАТO дамовіліся размяшчаць наземныя войскі ў краінах Балтыі паводле прынцыпу ратацыі, а таксама стварылі новыя сілы авангарду, якія можна задзейнічаць за 48 гадзін у выпадку нападу на адну з краін альянсу.

"Гэта добры пачатак, але для належнай абароны рэгіёну трэба зрабіць больш. У асаблівасці NАТO трэба знайсці сродкі для барацьбы з гібрыднымі спосабамі вядзення вайны, якія Крэмль асвоіў гэтак уражліва. Адным са спосабаў можа стаць перманентнае размяшчэнне ў краінах Балтыі войскаў, якія ўяўляюць сабой спецназ, які факусуецца на нетрадыцыйных пагрозах", - гаворыцца ў артыкуле. Інцыдэнт з падлодкай у водах Швецыі - яшчэ адзін напамін пра тое, што ў Балтыйскім рэгіёне слабее бяспека. "Нават калі Швецыя і Фінляндыя не чальцы NАТO, падзеі ў гэтых водах важныя для ЗША і NАТO і запатрабуюць больш пільнай увагі", - робяць выснову аўтары амерыканскага выдання.

Фота: AP Photo/TT News Agency, Anders Wiklund

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках