5 траўня 2024, Нядзеля, 3:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лілія Шаўцова: «Пачалася агонія рэжыму Пуціна»

7
Лілія Шаўцова: «Пачалася агонія рэжыму Пуціна»

Расея нагадвае кіпячы чайнік з закрытым вечкам.

Аб становішчы ва Украіне і вакол яе карэспандэнт Рускай службы «Голас Амерыкі» пагаварыў з вядучай даследчыцай Маскоўскага цэнтра Карнегі Ліліяй Шаўцовай, якая з лістапада пераходзіць працаваць у Інстытут Брукінса.

- Лілія Фёдараўна, як вы ацэньваеце папярэднія вынікі замірэння на Данбасе? Ці можна сказаць, што ў гэтым выпадку хтосьці апынуўся ў выйгрышы?

- Мы бачым нешта накшталт угоды паміж Масквой і Кіевам, якая зняла для Украіны пагрозу далейшай агрэсіі і расейскай экспансіі. І той факт, што Парашэнка пагадзіўся на менскія пратаколы, больш за тое, адклаў на цэлы год правядзенне пераходу Украіны да рэжыму свабоднага гандлю з Захадам пад ціскам Масквы, гэта перамога Масквы. Верагодная ўгода Парашэнкі з Пуціным уключае і іншыя элементы, пра якія мы яшчэ не ведаем. Магчыма, маўклівая згода Парашэнкі на захаванне пазаблокавага статусу Украіны. Поўнай інфармацыі аб гэтым кампрамісе паміж Масквой і Кіевам, паўтару, пакуль няма. Але мы ведаем, што да гэтага кампрамісу Парашэнку штурхаў Захад, перш за ўсё, Нямеччына. Магчыма, у нейкай ступені нават ЗША, якія не гатовыя ўключацца ва ўкраінскую вайну і прадстаўляць Украіне гарантыі бяспекі яе тэрытарыяльнай цэласнасці.

Мы таксама не ведаем, якім чынам Кіеў выкарыстоўвае гэтую перадышку. Перадышка гэтая тактычная. Бо працягваюцца вайсковыя дзеянні вакол данецкага аэрапорта, ідзе перацягванне каната з нагоды вызначэння буфернай зоны. Відавочна, што і прадстаўнікі расейскіх узброеных сіл яшчэ знаходзяцца на тэрыторыі сепаратыстаў. Словам, невядома, у якой ступені Парашэнка здолее скарыстацца гэтай перадышкаю і куды накіруе свае намаганні - для рэальных рэформаў, якія не былі праведзеныя на працягу папярэдняга перыяду, альбо ж для канцэнтрацыі сваёй улады, гэта значыць для захавання постсавецкай мадэлі дзяржавы.

- Што ж, па-вашаму, замінае Украіне правесці неабходныя змены?

- Існуючы фактар цяперашняй украінскай эліты, фактар Парашэнкі, які ўяўляе ўсё ж пакаленне постсавецкай украінскай эліты, зжывае свае магчымасці. Гэтая эліта пакуль што не выявіла гатоўнасці і здольнасці да шырокіх трансфармацыйных рэформаў у краіне, якіх патрабаваў Майдан. Парашэнка і ягоны ўрад тлумачыць гэта вайной, неабходнасцю АТА (антытэрарыстычнага аперацыі) і мабілізацыі рэсурсаў. Гэта сапраўды гуляе сваю ролю. Але ў той жа час мы ведаем іншыя выпадкі, калі менавіта выбух патрыятызму і гатоўнасць нацыі да самаахвяравання дазвалялі правесці шырокія рэформы, ажыццявіць барацьбу з карупцыяй, люстрацыю, да якой цяперашняя ўкраінская ўлада выявілася не гатовай.

Аднак ва Украіне ёсць магутны фактар - Майдан, які ўжо з'яўляецца рухам, інстытутам, настроем думак. Гэта фактар ціску на ўсякага прэзідэнта і лідара, які будзе штурхаць Украіну да еўрапейскай інтэграцыі ў еўрапейскім вектары. Мы маем справу з украінскім нацыяналізмам, якія маюць той жа характар, што і балтыйскі ці, скажам, польскі і вугорскі. Гэта нацыяналізм, які патрабуе незалежнасці краіны і незалежнасці яе ад Расеі. Фактычна ён з'яўляецца нацыяналізмам еўрапейскай арыентацыі.

- А што прынёс украінскі крызіс Расеі і якімі могуць быць далейшыя крокі Крамля?

- Пуцін атрымаў тактычную перамогу - яму ўдалося ўтрымаць Украіну ў пераходным полі, а Захад не гатовы рабіць Расеі балюча і загаварыў аб скасаванні санкцый. Але фактычна Пуцін падклаў пад сваю сістэму выбухоўку, якая падарве яе ва ўсякі момант. Гэта пастка для яго.

Ён не можа выйсці з мілітарысцкай мабілізацыі. Яна адцягвае ад праблем, а ён не гатовы развязваць гэтыя праблемы. Адмова ад мілітарызацыі, «вяртанне ў мірны час», разгерметызацыя праблемы, азначае, што вонкі палезуць усе праблемы. Значыць, трэба працягваць ісці ў ранейшым кірунку. А для поўнага ўваходу ў мілітарысцкую парадыгму ў Крамля няма ніякай магчымасці.

Час іншы - няма ідэі, якая згуртавала б грамадства, няма гатоўнасці эліты зачыніцца ў сваіх маёнтках і не падарожнічаць у Куршавель. Няма гатоўнасці насельніцтва пакутаваць. Тым больш, частка насельніцтва ўжо прывыкла да адкрытасці, да павышэння жыццёвага ўзроўню. Такім чынам, гэтая мадэль прыводзіць да сітуацыі кіпячага імбрычка з закрытым вечкам. Рана ці позна крызіс грымне. Фактычна тое, што робіць Пуцін, паказвае, што пачалася агонія рэжыму, хоць, магчыма, і не сістэмы. Сістэма мае больш шырокія поле і базу для існавання.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках