5 траўня 2024, Нядзеля, 7:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтамеханік з Берасця стаў зоркай інтэрнэту

13

Берасцеец Алег Несцераў стварыў у інтэрнэце канал у рамонце аўтамабіляў, які глядзяць больш за 63 тысячы падпісчыкаў з 62 краін свету.

Ён даўно займаецца рамонтам аўтамабіляў. Год таму яму прыйшла ідэя зняць відэа-ўрок у рамонце аўто і выкласці яго на спецыяльны канал на YouTube, піша «Беларускі партызан».

Людзям ролікі Алега Несцерава спадабаліся, аўтааматары пачалі актыўна падпісвацца на канал, задаваць пытанні. У выніку сёння на канал Алега падпісаныя больш за 63 тысячы чалавек з 62 краін свету.

«У сваіх відэаўроках я раскрываю маленькія сакрэты ў рамонце аўтамабіляў, каб людзі вучыліся на маіх памылках. Цяпер у нас стварылася цэлая супольнасць Гаражнікі», - распавёў берасцеец.

У відэароліках Алег распавядае аб розных штатных сітуацыях, у якіх можа апынуцца кожны аўтааматар.

«Мы шчыльна маем стасункі на канале, а таксама па рацыі. У кожны момант пры неабходнасці чалавек можа выйсці на любы з каналаў сувязі і атрымаць параду. Я стараюся рабіць свой канал цікавым і жывым - акрамя таго, што часта размяшчаю відэа, таксама праводжу конкурсы, апытанні і г.д. Перыядычна праводзім дабрачынныя акцыі. Некаторыя мае падпісчыкі стварылі свае асобныя каналы і пачалі зарабляць на гэтым грошы, хтосьці стварыў свой аўтасэрвіс. Для мяне ж тое, што я раблю - гэта хобі, хоць некаторы прыбытак ад тэматычнай рэкламы я таксама атрымліваю», - адзначыў Алег.

Асноўная аўдыторыя канала - расейцы (каля 65%), беларусаў - толькі 13-14%. Практычна столькі ж - украінцаў. У асноўным аўдыторыя мужчынская, але заходзяць на канал і дзяўчаты, просяць парады.

«Мы сябруем краінамі, а таксама каналамі - з ЗША, Францыяй, Нямеччынай. Спачатку работнікі аўтасэрвісаў прынялі мой канал у штыкі, пыталіся, навошта я расскрываю іх сакрэты і пазбаўляю іх заробку. На што я адказваў, што мая аўдыторыя - гэта людзі, у якіх няма грошай для рамонту ў аўтасэрвісе, і яны зэканомяць і выправяць непаладкі ў сваім аўтамабілі самастойна», - распавёў берасцеец.

Алег - ужо зорка, таму яго запрашаюць у розныя месцы, каб ён потым распавёў пра свае ўражанні. Нядаўна таварыш паклікаў яго ў японскі рэстаран і вучыў есці японскую ежу. Сціплы аўтамеханік з Берасця, высветлілася, у японскім рэстаране ніколі ў сваім жыцці яшчэ не быў.

Берасцеец, нягледзячы на сваю папулярнасць у інтэрнэце, сябе за зорку не ўважае. «Хаця мяне нават на вуліцах пазнаваць пачалі, падыходзяць людзі, вітаюцца, пытаюцца, што ды як. Спачатку я бянтэжыўся, цяпер прывык. Але я папулярным сябе не лічу, проста я чалавек, які займаецца любімай справай і згуртаваў вакол сябе такіх жа аднадумцаў», - падсумаваў Алег.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках