3 траўня 2024, Пятніца, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Такой будзе школа ў 2030

3
Такой будзе школа ў 2030

У бліжэйшыя 15 гадоў інтэрнэт ператворыць навучальныя ўстановы ў інтэрактыўнае асяроддзе.

Яно радыкальна зменіць традыцыйныя формы навучання і зменіць ролю настаўнікаў, бацькоў і навучэнцаў, піша El Mundo (пераклад — Инопресса.ру).

Галоўная місія настаўніка будзе складацца ў тым, каб накіроўваць вучня падчас самастойнага навучання, а вучэбная праграма будзе персаналізаванай у адпаведнасці з патрэбамі кожнага. Асабістыя і практычныя ўменні будуць шанавацца вышэй, чым акадэмічныя пазнанні. Галоўнай крыніцай ведаў стане інтэрнэт, а глабальнай мовай навучання - ангельская. Адукацыя стане даражэйшай і будзе доўжыцца ўсё жыццё. Такія прагнозы 645 экспэртаў, апытаных пры падрыхтоўцы дакладу Сусветнага саміту ў інавацыйнай адукацыі (WISE), які адбудзецца ў Досе 4-6 лістапада. У апытанні ўзялі ўдзел лінгвіст Наам Хомскі, былы прэм'ер-міністр Аўстраліі Джулія Джылард, прафесар Сугата Мітра і іншыя.

Газета правяла ўласнае апытанне сярод гішпанскіх экспэртаў, папрасіўшы іх адаптаваць гэтыя прагнозы да сітуацыі ў Гішпаніі.

Настаўнік

Кожныя 7 з 10 удзельнікаў апытання WISE мяркуюць, што настаўнік стане правадніком вучня на яго ўласным шляху да ведаў, піша выданне. 43% апытаных мяркуюць, што у 2030 годзе галоўнай крыніцай ведаў будзе інтэрнэт-кантэнт.

«Роля настаўнікаў стане яшчэ больш важнай. Ім прыйдзецца тлумачыць вучням, што патрэбен крытычны падыход да інфармацыі, што не ўсё, знойдзенае ў інтэрнэце, праўдзівае, што трэба адбіраць самыя надзейныя крыніцы і карыстацца менавіта імі», - каментуе Ісмаэль Санс, дырэктар Нацыянальнага інстытута ацэнкі адукацыі пры міністэрстве адукацыі Гішпаніі.

Санс чакае развіцця методыкі, пры якой вучні самі рыхтуюць урокі і выступаюць з прэзентацыямі ў класе, а настаўнік іх кансультуе.

«Бессэнсоўна чытаць нудныя лекцыі 250 вучням, якія не могуць удзельнічаць у працэсе, калі можна замест гэтага даць ім запіс лекцыі. Але, з іншага боку, многія з гэтых новаўвядзенняў ужо можна было ўвесці, але гэтага не адбываецца. Магчыма, мы чагосьці не разумеем», - кажа Антоніа Кабралес, які выкладае эканоміку ў лонданскім універсітэцкім каледжы.

Вучні

Роля вучня таксама зменіцца. У яго «будзе нашмат больш шырокі доступ да крыніц ведаў, больш касмапалітычны і менш «лакальны» менталітэт, вучань будзе, бясспрэчна, галоўным героем уласнага навучальнага працэсу», кажа Нурыя Міра, дырэктарка школы Montserrat (Барселона). Яна дадае, што будуць размывацца мяжы паміж тымі, хто вучыць, і тымі, хто вучыцца.

Сесар Гарсія (Універсітэт штата Вашынгтон) прагназуе, што вучні стануць больш патрабавальнымі: «Навучэнец ператвараецца ў кліента: ён укладвае грошы і чакае прыбытку. Выкладчыкі будуць вымушаныя больш пераканаўча тлумачыць, як яны выстаўляюць ацэнкі».

Ці зменіцца школьны расклад? Гішпанскія экспэрты мяркуюць, што навучанне перастане праводзіцца толькі ў пэўныя гадзіны і ў пэўных месцах. На думку Гарсіі, будзе больш курсаў у інтэрнэце і ў нестандартныя гадзіны: «Павялічыцца колькасць студэнтаў, вымушаных працаваць, яны не змогуць прыходзіць у традыцыйныя гадзіны. З'явяцца школы, дзе заняткі ідуць летам і ў выхадныя».

Ці будуць хатнія заданні? «У нейкім сэнсе, калі нешта зменіцца, то амаль усё ператворыцца ў хатнія заданні», - адказвае Кабралес. Графік стане больш свабодным, будзе больш індывідуальных заданняў.

Усё гэта паўплывае на асабістыя стасункі паміж вучнямі. На думку Гарсіі, «паняцце кампаніі адышло ў мінулае, цяпер дзеці больш самотныя». 20 гадоў таму гішпанскія дзеці праводзілі шмат часу на вуліцы, а цяпер больш сядзяць дома, у інтэрнэце, а таксама ходзяць на дадатковыя заняткі. «Таму я думаю, што ў школе будучага стасункі будуць каціравацца вышэй», - заключае Гарсія.

Вучэбная праграма

76% апытаных мяркуюць, што асабістыя або практычныя ўменні будуць шанавацца вышэй, чым акадэмічныя пазнанні. «Так званыя» мяккія ўменні» - здольнасць прамаўляць публічна, працаваць у камандзе, адаптавацца да непрадбачаных падзей - становяцца ўсё важнейшымі на працы, але гішпанскія экспэрты аднадушна мяркуюць, што самі па сабе яны не могуць замяніць добрую акадэмічную падрыхтоўку», - гаворыцца ў артыкуле .

Вучоба

90% апытаных мяркуюць, што ў новых абставінах вучоба будзе доўжыцца ўсё жыццё і не абмяжуецца перыядам абавязковай школьнай адукацыі і навучаннем у вышэйшых навучальных установах. «Гэта не значыць, што адукацыя будзе бясплатнай. Наадварот, 70% апытаных мяркуюць, што дзяржбюджэт перастане быць галоўнай крыніцай фінансавання», - піша газета. Гішпанскія экспэрты, аднак, не пагадзіліся з гэтым прагнозам. «Дзяржаўная адукацыю адыгрывае ключавую ролю для стварэння роўных магчымасцяў. Наколькі я разумею, яна ні за што не знікне», - кажа Санс.

46% апытаных мяркуюць, што з'явіцца глабальная мова адукацыі - ангельская. 35% мяркуюць, што мовай навучання застанецца нацыянальная мова, а 19% - што рэгіянальная.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках