3 траўня 2024, Пятніца, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Банда «пажарнікаў» з Гомеля пагарэла на новых злачынствах

11
Банда «пажарнікаў» з Гомеля пагарэла на новых злачынствах

Чальцы злачыннай групоўкі, вядомай як «пажарнікі» адседзелі і папаліся на новых злачынствах.

У 1990 гадах банда была «дахам» усяго Гомеля. У сярэдзіне 2000-х яе ўдзельнікаў адправілі за краты. Праўда, не ўсім адмералі вялікія тэрміны. Тыя, што атрымалі ад 3 да 8 гадоў, да цяперашняга часу паспелі выйсці на свабоду. З жаданнем дзейнасці - злачыннай. За гэтую восень былыя «пажарнікі» паспелі ўжо тройчы адзначыцца ў крымінальных хроніках, піша «Наша Ніва».

20 верасня на адным з лецішчаў пад Гомелем прагрымеў выбух. Пазней следчыя высветлілі, што такім чынам жыхар Гомеля хацеў правучыць былога кампаньёна ў бізнэсе - «адбіць» у яго грошы.

Крымінальную справу распачалі паводле «хуліганкі». 42-гадовы падазраваны арыштаваны.

Пры ператрусе ў яго доме знайшлі пісталет-кулямёт «Agram-2000» з глушыцелем і патронамі. А такі арсенал дадаў у спіс злачынстваў яшчэ адну справу - незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй.

Іншы змоўшчык з групоўкі пасля вызвалення таксама ўзяўся за ранейшае: пазбіваў групу з дзевяці чалавек і быў «дахам» гандляроў спайсамі.

Асноўныя фігуранты справы - хлопцы 22-24 гадоў. Схема была простая: пакет псіхатропнага рэчыва прадавалі за 200 тысяч рублёў, з якіх чвэрць атрымліваў гандляр, астатняе асядала ў руках групоўкі. З кожнага гандляра «дах» атрымліваў каля 10 мільёнаў у месяц. А з тымі, хто не згаджаўся працаваць паводле такой схемы, не няньчыліся: у традыцыях 90-х вывозілі ў лес і прыстаўлялі да скроні пісталет. Тут ужо не пагадзіцца было нельга. Але і іх справа ўжо накіраваная ў суд.

Яшчэ адзін «пажарнік» адзначыўся ў Рэчыцы, у складзе арганізаванай групоўкі, якая займалася махлярствам.

Гэтая крымінальная справа яшчэ толькі рыхтуецца да перадачы ў суд, але ўжо вядомыя некаторыя акалічнасці. Жыхар Рэчыцы займаўся турыстычным бізнэсам і наважыў набыць новы аўтобус. Выпадковыя знаёмыя паабяцалі дапамогу і пераканалі камерсанта перадаць ім 22 тысячы даляраў. Неўзабаве яму паведамілі, што тых грошай для куплі добрага аўтобуса не хапае. Прапанавалі пазыку 10 тысяч даляраў. Той пагадзіўся, а ўгоду замацавалі натарыяльна. Але ні грошай, ні аўтобуса бізнэсовец не ўбачыў. Потым ужо пачаўся пошук махляроў, іх затрымалі па дарозе ў Расею. Тыя разлічвалі там адседзецца. Балазе, месцы для іх там знаёмыя: менавіта на прасторах Расеі і вылоўлівалі падчас расследавання ў пачатку 2000-х «пажарнікаў».

«Пажарнікі» - самае буйное ў сучаснай гісторыі Гомеля крымінальная фармаванне, якое ў сярэдзіне 1990-х налічвала да 100 хлопцаў ва ўзросце ад 20 да 25 гадоў. Паводле матэрыялаў абвінавачвання, арганізацыю ўзначальвалі трое жыхароў абласнога цэнтра (З’ян, Ліцэн, Пажарнік). На працягу дзесяці гадоў яны займаліся рэкетам прадпрымальнікаў, кантралявалі прастытутак, валютчыкаў, таксістаў. На іх рахунку каля ста цяжкіх злачынстваў, у тым ліку згвалтаванні, рабаванні, махлярства, падпал.

Суды над «пажарнікамі» праходзілі ў Гомелі ў 2004-2010 гадах. У 2010 годзе да 17 і 19 гадоў пазбаўлення волі былі прысуджаныя лідары групоўкі, якіх затрымалі ў Маскве. Яшчэ каля паўсотні чалавек атрымалі тэрміны ад 3 да 16 гадоў.

Маштабная крымінальная дзейнасць «пажарнікаў» стала магчымай пры бяздзейнасці кіраўнікоў праваахоўных органаў Гомельскай вобласці.

Некаторыя з супрацоўнікаў пракуратуры і УУС знаходзіліся на ўтрыманні ў бандытаў. Напрыклад, начальнік крымінальнага вышуку быў прысуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі, некалькі аператыўнікаў - да меншых тэрмінаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках