1 траўня 2024, Серада, 16:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Варшавы ў Менск прывезлі ўнікальныя слуцкія паясы

1

Шэсць слуцкіх паясоў прыбылі з Варшавы для экспанавання ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Пра гэта паведаміла загадчыца аддзела старажытнабеларускага мастацтва музея Алена Карпенка, піша БелТА.

Паясы Слуцкай мануфактуры - экспанаты з найбагацейшых калекцый Нацыянальнага музея ў Варшаве. Збор музея налічвае 300 кунтушавых паясоў, з якіх 58 - слуцкія. Пяць паясоў на выставе выкананыя ў перыяд, калі прадпрыемствам кіравалі Ян і Леон Маджарскія (1767-1807), адзін пояс створаны пасля 1807. Паясы былі набытыя музеем у прыватных асобаў у 1940-1960-я гады.

Сёння ў музеі мантуецца экспазіцыя, а з 5 лістапада выстава будзе адкрытая для шырокай публікі. Як адзначыла Алена Карпенка, выстава слуцкіх паясоў з Нацыянальнага музея ў Варшаве рэалізуецца згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння старадаўняга майстэрства ткацтва.

Гэта не першы выставачны праект, калі слуцкія паясы часова вяртаюцца на радзіму. У Менску «гасцявалі» экспанаты з Масквы, Львова, Вільні.

Кунтушавы пояс - абавязковы аксэсуар мужчынскага параднага касцюма шляхты Рэчы Паспалітай, высокі ўзор ручнога ткацтва. Па-майстэрску выкананыя шэдэўры ствараліся цягам сярэдзіны XVIII - першай паловы XIX стагоддзя на мануфактурах, самай вядомай з якіх была Слуцкая, і насіліся звычайна паверх кунтуша – вопратка з разрэзанымі рукавамі.

На выставе прадстаўлены пяць чатырохбаковых і адзін двухбаковы пояс. Кунштавыя паясы стаяць у адным шэрагу з самымі высокімі дасягненнямі сусветнай культуры дзякуючы своеасаблівай вытанчанай арнаментыцы, кампазіцыйнай гармоніі, прыроднаму пачуццю колеру, тонкаму мастацкаму густу. Убачыць шэдэўры ткацтва менчукі і госці сталіцы змогуць да 6 красавіка наступнага года.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках