1 траўня 2024, Серада, 18:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Беларусі высылаюць іранца, якому на радзіме пагражае пакаранне

12
З Беларусі высылаюць іранца, якому на радзіме пагражае пакаранне

Іранскія ўлады падазраюць яго ў забойстве.

47-гадовы іранец Мерхдад Джамшыдыян доўгі час пражыў у Беларусі, а цяпер можа быць высланы на радзіму, дзе яму пагражае смяротнае пакаранне. Іранскія ўлады падазраюць яго ў забойстве блізкіх яму людзей. Мерхдад Джамшыдыян сцвярджае, што ў час учынення злачынства знаходзіўся ў нашай краіне, паведамляе БелаПАН.

Мерхдад Махамад Джамшыдыян жыве ў Беларусі з 1993 года. Тут ён пазнаёміўся з беларускай і завёў з ёй сям'ю. У іх трое дзяцей: дзве дачкі (20 і 15 гадоў) і сын (16 гадоў).

Сямейная пара зарэгістравала шлюб толькі ў 2011 годзе, што Алена Джамшыдыян лічыць «недаглядам». У Беларусі сям'я арандавала жыллё, так як свайго не мела.

«У мяне няма свайго жылля, і мы не маглі яму зрабіць від на жыхарства, але так як у яго ёсць тут свая сям'я, то проста на тых адрасах, дзе мы здымалі кватэры, яго рэгістравалі», - распавядае Алена Джамшыдыян.

Паводле закону, у Беларусі замежніку можна жыць доўгі час, не маючы віду на жыхарства. Гэта магчыма, калі замежныя грамадзяне, да прыкладу, займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю або з'яўляюцца наёмнымі работнікамі ў прыватнай фірме. У такім выпадку ім выдаецца дазвол на пражыванне тэрмінам да аднаго года, а потым яно прадаўжаецца.

У Беларусі 47-гадовы іранец, як кажа Алена Джамшыдыян, займаўся дробным бізнесам. Апошнім часам ён аздабляў катэджы.

Мужчына неаднаразова ездзіў да сябе на радзіму. Апошні раз, паводле слоў жонкі, ён быў там летам 2012 года. «А недзе праз тры месяцы пасля прыезду яму патэлефанаваў дзядзька і сказаў, што зніклі ягоныя маці і брат», - распавядае жонка іранца.

У канцы снежня 2012 г Мерхдада Джамшыдыяна выклікалі ў міліцыю і арыштавалі. Іранскія ўлады даслалі ў Беларусь запыт з патрабаваннем экстрадаваць яго на радзіму, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасці праз абвінавачванне ў забойстве.

Як распавядае Алена Джамшыдыян, падчас учынення злачынства яе муж знаходзіўся ў Беларусі. Гэта пацвярджалі і дакументы, якія першапачаткова прыйшлі з Ірана. Аднак у новым запыце, як кажуць праваабаронцы, была зменена дата ўчынення злачынства. Паводле новага дакумента, Мерхдад Джамшыдыян нібыта забіў блізкіх яму людзей у дзень вылету з Ірана ў Беларусь.

47-гадовы мужчына правёў у зняволенні больш за пяць месяцаў, але затым быў вызвалены. Генеральная пракуратура Беларусі адмовіла ў ягонай выдачы з прычыны невыканання іранскім бокам умоў экстрадыцыі.

Цэлы год Мерхдада Джамшыдыяна ніхто не чапаў, але ў пачатку чэрвеня 47-гадовага мужчыну зноў арыштавалі.

Іранец сядзіць у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ужо больш за пяць месяцаў.

Ён папрасіў даць яму статус бежанца. Аднак беларускія ўлады адмовілі. Тады Мерхдад Джамшыдыян падаў скаргу ў суд Цэнтральнага раёна Менска, але той стаў на бок Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі. Іранец на гэтым не спыніўся і падаў скаргу ў Менскі гарадскі суд. Дата яе разгляду пакуль не прызначаная.

Калі гэтая інстанцыя адмовіць іранцу ў задавальненні скаргі, то яго могуць выслаць на радзіму, дзе яму пагражае смяротнае пакаранне.

Праваабаронца Раман Кісляк, які сочыць за лёсам грамадзяніна Ірана, лічыць, што Мерхдада Джамшыдыяна могуць выслаць з Беларусі «ў абыход працэдуры экстрадыцыі».

У Міністэрстве ўнутраных спраў адмовіліся даць якую-небудзь інфармацыю пра лёс і перспектывы 47-гадовага іранца

«У цяперашні працэдура разгляду хадайніцтва грамадзяніна Ірана Мерхдада Джамшыдыяна аб падачы статусу бежанца або дадатковай абароны не завершана», - паведамляе МУС.

У сувязі з гэтым інфармацыя пра яго, гаворыцца ў адказе на запыт БелаПАН, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам з'яўляецца канфідэнцыяльнай і «не можа быць пададзеная без ягонай пісьмовай згоды дзяржаўным органам, іншым арганізацыям і грамадзянам дзяржавы іх грамадзянскай прыналежнасці альбо звычайнага месца жыхарства, сродкам масавай інфармацыі».

Упраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый спраў бежанцаў таксама не мае права падаваць каментары, якія тычацца індывідуальных спраў асоб, якія шукаюць прытулак.

«Гэта забаронена правіламі УВКБ ААН у сувязі з меркаваннямі прыватнасці. Гэта правіла, у прыватнасці, пакрывае і пытанні падачы інфармацыі аб якой-небудзь індывідуальнай справе асобы, які шукае прытулку», - паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве УВКБ ААН у Беларусі.

Алена Джамшыдыян не верыць у вінаватасць мужа. «Я ўпэўнена ў гэтым. У мяне няма ніякіх падазрэнняў... Там беззаконне. Я думала, што тут хоць нейкія законы ёсць, але я назіраю, што наогул нічога няма», - кажа жонка іранца.

Паводле яе слоў, пераслед яе мужа можа быць помстай за палітычную дзейнасць ягонага нябожчыка брата.

Як распавядаюць праваабаронцы, 47-гадовы мужчына «пры адсутнасці ўсякага абвінавачвання» ўжо падвяргаўся турэмнаму зняволенню і катаванням, калі ў 2010 годзе выязджаў у Іран.

«Зараз, пры наяўнасці сур'ёзнага абвінавачвання, з улікам выкладзеных вышэй звестак, асцярогі ва ўжыванні катаванняў абгрунтаваныя больш чым дастаткова», - лічыць юрыст Раман Кісляк.

Паводле ягоных слоў, акрамя катаванняў у Іране існуе маса праблем з правасуддзем. Да прыкладу, суды не прымаюць пад увагу довады абароны.

«Калі будзе судовае разбіральніцтва і яго прызнаюць вінаватым і прызначаць смяротнае пакаранне, то гэта будзе парушэннем стандартаў справядлівага судовага разбору», - канстатуе праваабаронца.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках