27 красавiка 2024, Субота, 6:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Улады Беларусі «гасяць» любую актыўнасць у грамадстве

Алесь Бяляцкі: Улады Беларусі «гасяць» любую актыўнасць у грамадстве

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца стабільна дрэннай.

Гэта засведчыла справаздача аб сітуацыі ў Беларусі спецыяльнага дакладчыка ААН Міклаша Харашці. Пра гэта «Радыё Свабода» заявіў старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі.

Каментуючы даклад аб сітуацыі ў Беларусі спецыяльнага дакладчыка ААН Міклаша Харасці, Бяляцкі пагадзіўся з ягонай галоўнай высновай - што за апошні год сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі істотна не змянілася.

«Я таксама падзяляю гэтую думку. Мы проста бачым, што сапраўды нічога за гэты час у нас не памянялася ў лепшы бок. Усё стабільна дрэнна. Улада цалкам кантралюе ўсе сферы грамадскага жыцця, і калі выяўляецца нейкая актыўнасць або з боку моладзі, або з боку незалежных прафсаюзаў, або з боку незалежных журналістаў, то яна адразу «гасіцца», - адзначае праваабаронца.

Бяляцкі звяртае ўвагу на распачатую ўладамі кампанію адміністрацыйнага пераследу моладзевых актывістаў і журналістаў-фрылансераў, што, на ягоную думку, звязана з падрыхтоўкай праваахоўных органаў да прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі.

«Можна меркаваць, што тыя метады ціску на грамадства, якія выпрабоўваліся за апошні год (я маю на ўвазе і пераслед незалежных журналістаў, і прэвентыўныя затрыманні грамадскіх актывістаў), - яны будуць актыўна ўжывацца і падчас выбарчай кампаніі. Таму тактыка такіх кропкавых рэпрэсій і кантролю за сітуацыяй, якая выгадная беларускім уладам, будзе захоўвацца», - лічыць старшыня ПЦ «Вясна».

Што тычыцца нядаўніх змяненняў заканадаўства аб грамадскіх аб'яднаннях і палітычных партыях, - Харашці адзначыў гэта як прыклад станоўчай тэндэнцыі, - то Бяляцкі не ўважае гэтыя папраўкі значнай з'явай.

«Там былі ўнесены касметычныя праўкі, але абмежавальная сутнасць гэтага заканадаўства ў дачыненні да грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый застаецца. Мы гэта бачым на практыцы: новыя арганізацыі не рэгіструюцца або рэгіструюцца вельмі цяжка і мала. Па колькасці зарэгістраваных арганізацый на 1000 чалавек мы адстаем ад сваіх суседзяў прыкладна ў 10 разоў. Гэтыя лічбы кажуць самі за сябе - нічога істотнага тут таксама не змянілася», - кажа праваабаронца.

Трэба адзначыць, што беларускія ўлады адмаўляюцца супрацоўнічаць з Міклашам Харашці і не прызнаюць ягонага мандату спецдакладчыка ААН.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках