5 траўня 2024, Нядзеля, 6:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі суд нацыяналізаваў «Башнафту»

9
Расейскі суд нацыяналізаваў «Башнафту»

Арбітражны суд Масквы ў чацвер пастанавіў вярнуць акцыі кампаніі «Башнафта» расейскай дзяржаве.

Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс".

Такім чынам суд у поўнай меры задаволіў позву Генпракуратуры да АФК "Сістэма" і "Сістэма-інвест".

Суд абвясціў толькі рэзалютыўную частку рашэння. Прычыны, з якіх яно было прынятае, стануць вядомыя пазней.

На пасяджэнні суда пракурор Юлія Малышава заявіла, што ўлады Башкірыі не раіліся з федэральнымі ўладамі з нагоды прыватызацыі "Башнафты".

"Пытанні размежавання федэральнай уласнасці павінны вырашацца сумесна федэральнымі і рэгіянальнымі ўладамі. Башкірыя не запытвала меркаванне федэральных улад", - сказала Малышава.

Прадстаўнікі "Сістэмы" заявілі, што здзелкі ў куплі "Башнафты" кантралявала Федэральная антыманапольная служба, у якой не ўзнікла ніякіх сумненняў у іх законнасці. Прадстаўнік кампаніі таксама заявіў, што акцыі "Башнафты" ніколі не належалі федэральным уладам РФ.

"Акцыі ніколі не былі ва ўласнасці Расейскай Федэрацыі. Як яны могуць прасіць вярнуць гэтую ўласнасць, калі ніколі не валодалі гэтымі акцыямі", - сказаў прадстаўнік кампаніі.

Ён дадаў, што "Башнафта" належала ўладам Башкірыі, якія па сваёй волі прынялі рашэнне аб адчужэнні кампаніі.

"Нельга пагадзіцца з тым, што 11 нарматыўных актаў рэспублікі Башкартастан былі незаконнымі", - сказала юрыст АФК "Сістэма".

Ён таксама звярнуў увагу суда на тое, што калі прыватызацыя была незаконнай, то Генпракуратуры варта было б патрабаваць акцыі "Башнафты" і ў фізічных асоб. Прадстаўнік кампаніі таксама нагадаў, што Еўрапейскі суд праў чалавека лічыць, што чалавек, які набыў уласнасць праз памылкі улад, павінен быць прызнаны добрасумленным набытчыкам.

У чацвер таксама стала вядома, што Следчы камітэт разгледзіць пытанне аб падаўжэнні хатняга арышту ўладальніку АФК "Сістэма" Уладзіміру Еўтушэнкаву, абвінавачанаму ў крадзяжы і легалізацыі аб'ектаў паліўна-энергетычнага комплексу Башкірыі ў дзяржавы.

Адвакат АФК "Сістэма" не стаў каментаваць журналістам рашэнне суда. Ён таксама не паведаміў, ці будзе "Сістэма" падаваць скаргу. Пасля рашэння суда акцыі "Сістэмы" і "Башнафты" паляцелі ўніз. Рашэнне можа быць абскарджанае на працягу месяца.

Як вядома, справу "Башнафты" называюць другой справай ЮКАСа. Сам былы ўладальнік ЮКАСа Міхаіл Хадаркоўскі заявіў, што справу супраць Еўтушэнкава ініцыяваў набліжаны да Пуціна ўладальнік "Раснафты" Ігар Сечын, які хоча адабраць кампанію сабе. Сам Еўтушэнкаў, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, лічыцца чальцом акружэння прэм'ера Дзмітрыя Мядзведзева. Еўтушэнкаў - адзін з самых багатых расейскіх алігархаў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках